Стары сайт «Новага часу» разблакавалі. Цяпер замест выдання там фэйкавая старонка турфірмы


Агенцтва падарожжаў завецца «Новы час» – гэта адзіныя словы па-беларуску. У астатнім відаць, што новыя гаспадары дамену слаба знаёмыя з беларускай рэчаіснасцю і, напрыклад, абяцаюць вылеты з Менску ў Чэхію ці Нямеччыну. Або прапануюць вылятаць з Белгараду ці Курску. Пра гэтую сітуацыю «Белсат» паразмаўляў з галоўнаю рэдактаркаю «Новага часу» Аксанай Колб.

Стары сайт «Новага часу» перарабілі ў старонку турфірмы. Скрыншот: novychas.by

«Нашая старонка была заблакаваная 29 кастрычніка 2021 года пастановаю Міністэрства інфармацыі. Пасля гэтага мы перайшлі на новае даменнае імя novychas.online. А 7 красавіка быў зліквідаваны наш заснавальнік – Менская гарадская арганізацыя ТБМ. Гэткім чынам любая дзейнасць юрыдычнай асобы, што была выдаўцом «Новага часу» (ВУП «Час навінаў»), стала незаконнай. Таму мы нават не маглі працягнуць аплаты нашага дамену», – кажа Аксана Колб.

Пра тое, што стары сайт ужо працуе і там цяпер гаспадараць новыя невядомыя асобы, каманда «Новага часу» даведалася выпадкова.

«Калі паглядзець на кантактныя дадзеныя гэтай фірмы і на паслугі, што яна прапануе, няма сумневу, што гэта нейкае чарговае расейскае махлярства. Несапраўдны адрас (праспект Рэвалюцыі, крама «Утюжок») і цікавы тэлефон, што пачынаецца на 473. Ды яшчэ і абяцаюць пералёты з Менску ў Нямеччыну ды Чэхію. Хутчэй за ўсё, махляры спрабуюць скарыстаць раскручаны дамен. Бо цяпер у пошуку іх фірма выдаецца на шостым месцы. Мы адразу папярэдзілі чытачоў, бо, імаверна, праз тэлефанаванне на гэты нумар могуць спісвацца немалыя грошы. Таксама думаем, каб звярнуцца з заявай у міліцыю. Хай нарэшце зоймуцца карыснай справай», – кажа рэдактарка.

Стары сайт «Новага часу» перарабілі ў старонку турфірмы. Скрыншот: novychas.by

Аксана Колб гаворыць, што праца рэдакцыі не спыняецца.

«Сёння, як і ўсе нашыя калегі, мы спрабуем працаваць далей у спадзеве, што гэта трэба нашым чытачам не менш, чым у ранейшыя гады. Гэта вельмі важна – ведаць, што твая праца камусьці трэба», – адзначае яна.

Саму Аксану Колб затрымалі 20 красавіка 2022 года, калі група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала ў ейную кватэру. Яны паведамілі, што забіраюць журналістку на допыт у Следчы камітэт. 22 красавіка 2022 года стала вядома, што ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксану перавялі ў СІЗА № 1.

Разгляд справы пачаўся 7 чэрвеня 2022 года ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. 15 чэрвеня «суддзя» Дзмітрый Карсюк прызнаў яе вінаватай і прызначыў 2,5 года «хіміі» за ўдзел у маршы 16 жніўня 2020 года – акурат такое пакаранне прасіў пракурор. Аксану пасля амаль двух месяцаў у СІЗА вызвалілі ў зале суда. Рэдактарка змагла пакінула Беларусь. 28 кастрычніка 2022 года былую палітзняволеную ўключылі ў «пералік асобаў, датычных экстрэмісцкай дзейнасці».

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў