Беларускага актывіста хочуць дэпартаваць з Літвы


Палітэмігранта, які ў Літве прыйшоў на акцыю супраць рэжыму Лукашэнкі, абвінавацілі ў дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі.

Беларус Мацвей Бяляй збег у Літву з-за пераследу па палітычных матывах і атрымаў палітычны прытулак, але цяпер яго могуць выслаць у Беларусь. Супрацоўнікі міграцыйнай службы службы вінавацяць яго ў дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі за ўдзел у акцыі каля беларускай амбасады ў Літве.

Мацвей Бяляй. Фота прадастаўлена рэдакцыі

Перадгісторыя: 27 лютага гэтага года два палітэмігранты – грамадзянін Расеі, украінец Якаў Найпак і грамадзянін Беларусі Пётр – пералезлі праз плот амбасады Беларусі і сарвалі дзяржаўны сцяг. Пётр павесіў на будынку амбасады бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны. Гэты момант быў зняты на відэа і паказаны на розных тэлеграм-каналах, у тым ліку і на нашым канале. Якаў Найпак распавёў «Белсату», што яго пасля акцыі затрымалі паліцыянты за парушэнне грамадскага парадку і незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, паколькі амбасада лічыцца тэрыторыяй Беларусі.

Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Найпака за здзек над дзяржаўным сцягам, за што яму можа пагражаць да 12 гадоў турмы. Калі расеец Якаў Найпак апынецца ў Расеі, то яго могуць экстрадаваць у Беларусь. Якаў Найпак пасля гэтай акцыі паспрабаваў з’ехаць ва Украіну і ўступіць у шэрагі ЗСУ, але яго не прапусцілі ўкраінскія памежнікі. Тады ён паехаў у Германію і цяпер знаходзіцца ў краіне ў якасці кандыдата на атрыманне статусу палітычнага ўцекача. Другога ўдзельніка акцыі, які разам з Якавам пракраўся на тэрыторыю амбасады Беларусі, аштрафавалі. Мацвей Бяляй, з ягоных слоў, і са слоў Якава Найпака, здымаў акцыю на відэа, і першапачаткова да яго не было прэтэнзій з боку літоўскіх уладаў. Але нядаўна супрацоўнікі міграцыйнай службы даслалі Мацвею Бяляю ліст, дзе пазначана, што ўжо распачатая працэдура анулявання прытулку.

Фота прадастаўлена рэдакцыі

Мацвей Беляй распавёў «Белсату» сваю гісторыю. Паводле яго слоў, ён неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях апазіцыі, у тым ліку, супраць рэжыму Лукашэнкі, быў сябрам Беларускага незалежнага прафсаюза супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які ў 2022 годзе КДБ Беларусі прызнала экстрэмісцкай арганізацыяй. «4 сакавіка 2021 года ў Дзень міліцыі я разбіў малатком шкло ў Менску на плошчы Леніна, прасядзеў чатыры месяцы ў СІЗА, праглынуў алюмініевую лыжку, трапіў у шпіталь і збег. Потым я лесам збег у Маскву, за два месяцы зарабіў грошы і зноў праз лес збег з Расеі ў Літву. У мяне была польская гуманітарная віза, але я не змог ёй скарыстацца і легальна з’ехаць у Польшчу, бо я быў у вышуку. Таму я знайшоў спосаб перайсці літоўскую мяжу праз лес», – распавёў Мацвей Бяляй.

Калі пачалася вайна, Мацвей ужо знаходзіўся ў Літве, у лагеры для бежанцаў. Паводле яго, ён разам з яшчэ трыма актывістамі прыехалі ў Вільню на акцыю каля беларускай амбасады. Мацвей не заходзіў на тэрыторыю амбасады, а толькі здымаў тое, што адбываецца на відэа.

«Мяне не выклікалі ў паліцыю, а цяпер мяне пазбаўляюць прытулку праз тое, што нібыта датычны да таго, што яны сарвалі сцяг. Гэты ўчынак па замене сцяга, на думку літоўскіх уладаў, дыскрэдытуе апазіцыю. Але я проста здымаў гэтае відэа на тэлефон і крычаў «Жыве Беларусь», а Якаў зняў сцяг, таму што ідзе вайна, а мы нічога не робім. Пётр павесіў сцяг Украіны. Няма ў гэтых дзеяннях дыскрэдытацыі апазіцыі. Як можна адправіць мяне ў Беларусь, калі там мяне пасадзяць?» – кажа Мацвей.

Мацвей Бяляй справа. Фота прадастаўлена рэдакцыі

Словы Мацвея пацвердзіў і расеец, украінец па нацыянальнасці, ураджэнец Украіны Якаў Найпак, які з’ехаў у Нямеччыну. «Гэта мы з Пятром сарвалі сцяг і мы гэта зрабілі з салідарнасці з супернікамі Лукашэнкі, з нянавісці да Лукашэнкі, які захапіў уладу ў Беларусі і падтрымаў пуцінскі рэжым і развязаную Пуціным вайну і з’яўляецца хаўруснікам Пуціна. Мацвей ніякім чынам не датычны да таго, што мы сарвалі сцяг, ён нават не быў на тэрыторыі амбасады, а міграцыйнікі даслалі яму апавяшчэнне аб пачатку працэдуры адмены прытулку, у якім напісана, што ён удзельнічаў у мітынгу, пракраўся на тэрыторыю амбасады і абрабаваў Беларусь! Але ёсць некалькі відэа, якія пацвярджаюць, што ён гэтага не рабіў. На гэтых відэа няма Мацвея! Я не ведаю, хто даў паказанні супраць Мацвея і заявіў, што гэта была акцыя па дыскрэдытацыі апазіцыі.

Першапачаткова акцыя апазіцыі, на якую мы паехалі, планавалася ў іншым месцы, далёка ад амбасады. Рашэнне сарваць сцяг Беларусі і павесіць нацыянальны сцяг прыйшло раптоўна», – кажа Якаў Найпак.

Найпак асцерагаецца, што прызнанне дадзенай акцыі дыскрэдытацыяй можа паўплываць і на яго лёс і на атрыманне ім статусу палітэмігранта ў Германіі.

Мацвей Бяляй спадзяецца, што пры дапамозе праваабаронцаў і відэа, якія былі знятыя падчас акцыі, у яго атрымаецца пераканаць супрацоўнікаў міграцыйнай службы Літвы ў сваёй невінаватасці.

Разам з тым, суразмоўцы «Белсату» кажуць, што ўвага з боку міграцыйных службаў можа быць звязаная не толькі з удзелам у акцыі.

Праваабаронца і заснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у размове з «Белсатам» распавёў, што Мацвей Бяляй мае адмоўную рэпутацыю сярод беларускіх праваабаронцаў. Паводле Стрыжака, ёсць звесткі, што Бяляй раней выязджаў з Польшчы ў Беларусь, ужо пасля таго, як уцёк з краіны. А потым зноў выехаў за мяжу, гэтым разам ужо ў Літву. Гэта можа сведчыць аб тым, што ягоныя заявы пра палітычны пераслед не маюць пад сабой падставаў, кажа Стрыжак.

Алена Уткіна / Авер belsat.eu

Стужка навінаў