«Дуля ад Арменіі». Якім атрымаўся саміт АДКБ у Менску?


23 лістапада ў Менску адбыўся саміт Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі. Абышлося без гучных заяваў – удзельнікі зладзілі перамовы і падпісалі пакет дакументаў. Вынікі сустрэчы пракаментавалі «Белсату» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі і беларускі вайсковы аналітык, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Саміт АДКБ у Менску, Беларусь. 23 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

Як паведамілі дзяржаўныя медыі, удзельнікі саміту – Аляксандр Лукашэнка, а таксама прэзідэнты Казахстану, Кыргызстану, Расеі і Таджыкістану Касым-Жамарт Такаеў, Садыр Жапараў, Уладзімір Пуцін і Эмамалі Рахмон – зладзілі перамовы і падпісалі пакет дакументаў.

Арменія сустрэчу праігнаравала – сцяг краіны на групавых фота палітыкаў і цяперашняга сакратара АДКБ Імангалі Тасмагамбетава застаўся без прадстаўніка гэтай рэспублікі.

Адсутнасць прэм’ер-міністра Арменіі, выглядае, зачапіла за жывое: Лукашэнка заявіў пра «адзіную выснову», да якой прыйшлі ўдзельнікі саміту, што «праблемныя пытанні заўсёды былі і будуць».

«Калі мы іх маем намер развязваць, то іх трэба развязваць за сталом перамоваў, не рабіць дэмаршы без прычынаў, без пэўных прычынаў», – сказаў палітык.

Hавiны
Лукашэнка асудзіў «дэмарш» Арменіі ў АДКБ. Яму нагадалі, як ён рабіў тое самае
2023.11.23 16:32

Аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» заўважыў, што менавіта адсутнасць прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна зламала Лукашэнку піяраўскі эфект:

«Саміт быў важны для Лукашэнкі, таму што ён быў гаспадаром, і Беларусь сёлета старшынявала ў АДКБ, і Лукашэнку хацелася б паказаць, што ўсё «ціп-топ», арганізацыя на пад’ёме, што Менск вельмі крута старшыняваў, але ўсё было сапсавана фактычна байкотам з боку Арменіі».

Пры гэтым гаспадар імпрэзы раней званіў Пашыньяну і ўгаворваў прыляцець, «каб усё было па-людску».

Класкоўскі назваў непераканаўчымі заявы, якія прагучалі на саміце, што «усё добра, уплыў арганізацыі і ейнае значэнне расце».

«АДКБ асуджанае на далейшае аслабленне і паступовы распад – гэта, натуральна, не за дзень і не за год адбудзецца, але трэнд ужо відавочны. Інтарэс Масквы зразумелы: трымаць у кулаку постсавецкія краіны, але самі гэтыя краіны бачаць, што ў Масквы небяспечныя імперскія замашкі, яны бачаць, што адбываецца з Украінай, і яны пакрысе адпаўзаюць ад гэтай непрадказальнай агрэсіўнай Расеі», – мяркуе аналітык.

Што тычыцца закідаў Лукашэнкі на адрас Польшчы, дык у гэтым няма нічога новага, адзначыў суразмоўца «Белсату».

«Была рыторыка Лукашэнкі пра ядравую зброю, што нібыта гэта фактар бяспекі, абурыўся тым, што польскі абаронны бюджэт вялікі – 4% ВУП. Ён ківае на Польшчу, агрэсіўнасць NATO, нейкія манеўры, але забывае, што ягоны генерал нядаўна пагражаў прабіць зброяй калідор у Калінінградскую вобласць, ці сам Лукашэнка палохаў палякаў у тым, што вагнэраўцы могуць пайсці на Варшаву, – усё гэта, а таксама ядравая зброя ў Беларусі, напружвае заходніх суседзяў», – падсумаваў Аляксандр Класкоўскі.

Саміт АДКБ у Менску, Беларусь. 23 лістапада 2023 года.
Фота: БелТА

Беларускі вайсковы аналітык на ўмовах ананімнасці патлумачыў «Белсату», што галоўная мэта Расеі, якая вядзе рэй у АДКБ, – спыніць уцёкі чальцоў, бо праблемы ў гэтай арганізацыі навідавоку.

«Цяпер перад АДКБ стаіць вельмі складаная задача. Сярод дзяржаваў-удзельніцаў існуюць вельмі складаныя, вельмі вялікія супярэчнасці. Ёсць прэтэнзіі практычна ў кожнага да кожнага: гэта і тэрытарыяльныя, і водныя спрэчкі, і эканамічныя пытанні. Гэтая нядобрая тэндэнцыя абвастрэння стасункаў набірае моц. Прыклад, вядома, Арменія. Сама не прысутнасць прэм’ер-міністра Пашыньяна ў Менску кажа пра тое, што супярэчнасці, дасягнулі такога ўзроўню, што… Раней дулю ў кішэні трымалі, цяпер наўпрост паказваюць», – сказаў эксперт.

Паводле яго, Масква найбольш зацікаўленая ў азіяцкіх партнёрах у АДКБ, бо з іх дапамогаю абараняе ўласныя межы:

«Расея змагаецца за тое, каб захавалася гэтая сістэма дзяржаваў, якія яе ахінаюць з боку Азіі. Ну і акрамя таго, гэта важны рынак для расейскіх тавараў і важная крыніца атрымання многіх рэдкіх матэрыялаў, таго ж урану і золата».

Hавiны
«Не адмова, а рашэнне не прысутнічаць». Прэм’ер Арменіі растлумачыў, чаму не паедзе ў Менск на саміт АДКБ
2023.11.15 18:42

Пуцін мог прывезці ў Менск некалькі падарункаў для чальцоў арганізацыі, мяркуе аналітык. Адзінае, чым Расея можа іх прывабіць, – грошы і танная зброя.

«Імаверна, гэта будзе перадаванне нейкіх больш-менш сучасных тэхналогіяў гэтым краінам. Вось сталася вядомым, што Расея перадала Таджыкістану два дывізіёны зенітна-ракетных комплексаў С-300, пра што Таджыкістан даўно прасіў, але не давалі. Гэта хоць не новыя комплексы, але яны значна больш сучасныя, чымся старыя комплексы С-125, якія былі на ўзбраенні Таджыкістану да гэтай пары», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Ён таксама не выключыў, што Масква паспрабуе стварыць адзіную азіяцкую сістэму СПА, – такая рэгіянальная сістэма ўжо працуе ў Беларусі і Расеі.

Таксама Расея будзе намагацца ўтрымаць АДКБ навучаннем у сваіх установах вайскоўцаў з постсавецкіх краінаў.

«Маецца інфармацыя, што будзе пашыраны прыём вайскоўцаў з гэтых рэспублік на бясплатнай аснове ў вайсковыя навучальныя ўстановы Расейскай Федэрацыі з тым, каб спыніць такую практыку, калі ўсё больш і больш вайскоўцаў, у тым ліку высокіх чыноў, атрымлівалі адукацыю цяпер ужо ў варожых Расеі краінах», – паведаміў эксперт.

Аналітыка
Саміт на фоне чутак аб распадзе. Што адбываецца з АДКБ?
2023.11.20 18:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў