Беларускіх баксёраў вырашылі не выпраўляць на моладзевы чэмпіянат свету


Моладзевая зборная Беларусі не паедзе разам з расейцамі на чэмпіянат свету, які пройдзе з 14 па 26 лістапада ў іспанскім горадзе Ла-Нусія. Яе былі гатовыя прыняць, але Беларуская федэрацыя боксу адмовілася. Так жа зрабіла Федэрацыя боксу Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі баксёр б’ецца з расейскім на Усерасейскіх спаборніцтвах Нацыянальнай студэнцкай лігі боксу сярод ВНУ «Памяці 77 гадавіны Вялікай Перамогі». 22 верасня 2022 года. Грозны, Расея.
Фота: boxingbelarus.org

Першапачаткова, як і большасць сусветных федэрацыяў, Міжнародная федэрацыя боксу (IBA) не дапускала беларускіх і расейскіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Але 5 кастрычніка рада дырэктараў IBA прагаласавала за адмену папярэдняга рашэння і допуск да спаборніцтваў баксёраў з Расеі і Беларусі.

Ды на гэтых выходных стала вядома, што моладзевы чэмпіянат свету ўсё роўна пройдзе без удзелу баксёраў з Беларусі і Расеі. Гэтую інфармацыю пацвердзіла IBA: асацыяцыя атрымала лісты ад нацыянальных федэрацыяў, адмову ад удзелу тлумачылі праблемамі з часам і лагістыкай пры падрыхтоўцы спартоўцаў.

22 кастрычніка Рада Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) таксама падоўжыла адхіленне беларускіх і расейскіх спартоўцаў на сезон 2022/2023.

На мінулым тыдні кіраўнік Міжнароднага Алімпійскага камітэту (IOC) Томас Бах заклікаў па-ранейшаму не дапускаць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў. Ён заявіў, што спартоўцаў нельга караць па палітычных прычынах, але заклікаў міжнародная федэрацыі не пускаць зборныя з гэтых двух краінаў на спаборніцтвы.

Кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці (BSSF) Анатоль Котаў у сацыяльных сетках арганізацыі пракаментаваў заяву кіраўніка IOC:

«Бах мае рацыю: вайну пачалі не спартоўцы, а адзін дыктатар у Крамлі. Другі ж у Менску яго падтрымаў. Але спорт – гэта пра мір, каштоўнасці. Калі з расейскіх спартоўцаў адзінкі выказаліся супраць вайны, то ў беларускіх больш смелая пазіцыя. Прынамсі, 2020 год, калі быў шэраг выказванняў з крытыкай рэжыму, паказаў, што маўчаць – не варыянт. Маўчыш – у выніку становіцца толькі горш. Пры гэтым нельга сказаць, што спорт і дзяржава ў Беларусі і Расеі – розныя рэчы. Спартоўцы ўбудаваны ў дзяржаўную сістэму. На міжнароднай арэне няма месца атлетам з «Z-поглядамі». Бах нязменна адстойвае пазіцыю, што спартовец – у цэнтры ўсяго. І алімпійскія каштоўнасці павінны прасоўвацца праз міжнародную супольнасць. Але гэта не дастасавальна сёння да Беларусі і Расеі, аб чым прэзідэнт IOC таксама сказаў. Так што я не бачу дваістасці ў ягоных заявах ці нейкіх рэверансаў у бок Беларусі і Расеі».

На сёння высокая імавернасць, што беларускія і расейскія спартоўцы прапусцяць летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе.

Hавiны
Беларусь пакуль пакінулі ў еўрапейскай футбольнай сям’і. А што будзе далей?
2022.10.01 10:00

АС belsat.eu

Стужка навінаў