Злата, ты не адна! Гісторыя легендарнага здымку 10 жніўня 2020 года


«Пазавала стваральнікам патрэбнай карцінкі», – піша ГУБАЗіК пра менскую студэнтку Злату Януковіч, якая 10 жніўня 2020 года трапіла ў гістарычны кадр фотакарэспандэнткі TUT.by Вольгі Шукайлы. На фота – пяць жанчын, якія счапіліся, каб бараніць хлапцоў ад АМАПу. Сціснутыя кулакі, у вачах – рашучасць, надзея, страх і сіла.

Той самы пратэстны здымак, за які затрымалі Злату Януковіч. Яна — чацвёртая злева.
Фота: Вольга Шукайла для TUT.BY (прызнаны экстрэмісцкім)

«Некаторыя сябры яшчэ тады казалі, што гэты здымак яны мне прыпомняць. Я не хацела ў гэта верыць…» – кажа Кацярына Клімко, адна з гераінь фота. Яна з’ехала з Беларусі ў лютым 2021-га. Аўтарка славутага здымку Вольга Шукайла таксама ў бяспецы. Злату Януковіч затрымалі ў Менску 13 кастрычніка 2021-га – праз год і два месяцы пасля счэпкі на праспекце Пераможцаў…

«Можа, не будуць жанчын чапаць…»

«Усё адбывалася вельмі хутка, ніхто нічога не планаваў, усё было вельмі спантанна. І мы апынуліся ў гэтай знакамітай счэпцы. Проста я пастанавіла, што губляць, напэўна, ужо няма чаго. Ёсць такая прымаўка, якая мне вельмі падабаецца: рабі што вінен – і будзь што будзе. У той момант я мела прыблізна такі настрой», – расказвае Кацярына Клімко (на фота – другая злева).

Паводле Кацярыны, жанчыны сталі ў счэпку, калі пабачылі, што з боку Палацу спорту на людзей пачалі рухацца шэрагі амапаўцаў і спецтэхнікі. «Можа, калі станем, дык не будуць жанчын чапаць», – сказаў нехта.

Фота
Пратэсныя фота 2020. Як гэта было
2021.08.10 09:00

Гэта быў першы дзень па выбарах. У краіне ўжо адключылі інтэрнэт. Але журналістаў амапаўцы яшчэ аббягалі.

Кацярына Клімко пазіруе праз ZOOM у кватэры ў Партугаліі, 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

«Я сябе адчувала досыць бяспечна, калі там працавала. На мне была камізэлька з надпісам TUT.by, быў бэйджык, і я адносна спакойна перасоўвалася паміж гэтымі двума шэрагамі – людзей ды амапаўцаў. І ў нейкі момант я заўважыла, што ў першай лініі стаяць жанчыны. Думаю: ого! Звычайна ж мужчына наперад становяцца. Я падышла і зрабіла, можа, 8–10 кадраў з гэтымі жанчынамі. І пабегла працаваць далей…» – згадвае фатографка Вольга Шукайла.

«Дарогу ўжо перакрылі»

Злата Януковіч падзяліцца з намі ўспамінамі пакуль не можа. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу схапілі яе 13 кастрычніка, запісалі «пакаяннае» відэа. Праваабаронцы дасюль не ведаюць, паводле якога артыкулу затрымалі дзяўчыну, ці выставілі абвінавачанне, ці ёсць у яе адвакат і дзе наагул утрымліваюць Злату. Тэлеграм-канал ГУБАЗіКу з атрутным сарказмам піша пра «адказнасць, якая наступае паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле МУС, дзяўчына «блакавала дарогі, стварала небяспечную для сябе ды іншых сітуацыю, пазавала стваральнікам патрэбнай карцінкі».

«Стваральніца патрэбнай карцінкі» – фотажурналістка Вольга Шукайла – зняпраўджвае закіды Злаце Януковіч. Сабе таксама. Сцвярджае, што патрэбнасць карцінкі вызначае выключна прафесійнымі крытэрамі: кадры, на якіх жанчыны сапраўды троху пазавалі, яна забракавала з самога пачатку. У тым, які быў апублікаваны, – ніякай позы. Ён абʼектыўны і шчыры.

«У нейкі момант жанчыны ў счэпцы мяне заўважылі і пачалі рэагаваць: хтосьці пачаў усміхацца, хтосьці паказваў знак вікторыі. І я разумела, што мне такія кадры не патрэбныя. Трэба было, каб мяне як фатографа не заўважалі. Гэтак, у выніку некаторыя на мяне проста глядзяць, але гэта толькі позірк», – кажа аўтарка знакамітага здымку.

Воля Шукайла.
Фота: Аляксандр Васюковіч. Крыніца: Volha Shukaila / Facebook

Вольга Шукайла зняпраўджвае закід, што жанчыны, стаўшы ў счэпку, перакрылі дарогу:

«Насамрэч на той момант, калі яны сталі, дарогу ўжо перакрылі. За спінамі гэтых людзей не было аўтобусаў ці машынаў, якія б стаялі, гудзелі і не маглі праехаць. Дарога была ўжо перакрытая міліцыяй з абодвух бакоў, і ніякага руху, апроч руху спецтранспарту – аўтазакаў, бусікаў і невялікіх аўтобусаў з АМАПам, – там не было. На здымках іншых фатографаў, мне здаецца, гэта добра відаць».

«Ззаду паехалі аўтазакі, проста ў натоўп»

Кацярына Клімко прыгадвае, што сапраўды недалёка ад іх працавалі некалькі журналістаў. Але было не да пазавання. Уся ўвага была на перамяшчэнні людзей у чорным. Дзяўчына сцвярджае, што счэпка трывала не больш за дзве хвіліны.

«Ззаду таксама паехалі аўтазакі, проста ў натоўп. І людзі, якія стаялі за намі, пачалі разбягацца. Мы таксама. Бо гэта была ўжо пастка. Яны падʼехалі бліжэй і пачалі хапаць людзей з натоўпу. Астатнія пачалі разбягацца ў розныя бакі: хтосьці ў двары пабег, хтосьці да ракі. Мы пайшлі ў бок Нямігі і потым далей у бок праспекту Незалежнасці», – дзеліцца ўспамінамі Кацярына.

Момант хапуну добра памятае і фотакарэспандэнтка TUT.by Вольга Шукайла:

«Калі пачалася зачыстка, я на нейкі момант зазявалася. Паварочваюся – проста на мяне бяжыць уся гэта чэрнядзь амапаўцаў. І я проста стала, сцялася, як магла, прыціснула да сябе камеру. І… яны аббягалі мяне, то бок яны бачылі, што стаіць журналіст, і не чапалі, абцякалі проста. Гэта было дзіўна і жудасна адначасова: мяне яны аббягалі, а адразу за мною кагосьці ўжо затрымлівалі і жорстка збівалі. Была зачыстка…»

Воля Шукайла.
Фота: Надзея Бужан. Крыніца: Volha Shukaila / Facebook

Згадвае, што праз нейкі час пабегла на «явачную» кватэру, дзе сустракаліся з калегамі, адбірала і апрацоўвала фотаздымкі:

«Памятаю, сказала свайму фотарэдактару, маўляў, во, глядзі, добры кадр. Ён, такі: «Ну так, так…» Я закінула іх у адмінку і пайшла дамоў».

Артыкулы
Год, які змяніў нашае жыццё. Згадваем, што адбывалася ў Беларусі на пратэстах і не толькі
2021.08.09 09:15

«Гэты здымак натхніў многіх беларусак»

«Інтэрнэту не было амаль увесь гэты час. Я толькі ў аўторак раніцай убачыла, што гэты здымак паставілі як тытульную карцінку на сайт. Паглядзела, думаю: о, клёва! А ўжо ў сераду прачнулася ад таго, што тэлефон разрываўся ад паведамленняў. І калі зазірнула ў «Фэйсбук» ды «Інстаграм», то пабачыла, што гэты здымак паўсюль. Людзі ставілі яго на профільныя выявы, на вокладкі ў «Фэйсбуку», пісалі мне ў паведамленнях, дзякавалі. І для мяне гэта была прыемная нечаканасць, што вось трэці дзень пратэсту, а мой здымак ужо вірусны і такі папулярны. Потым сябры казалі, што яго перадрукоўвалі і замежныя медыі. Але мне ўжо не было калі маніторыць, трэба было працаваць далей…» – расказвае Вольга Шукайла.

«Гэты здымак натхніў многіх беларусак. Мы раптам сталі тварамі жаночага пратэсту. І гэты момант даваў нейкую ўнутраную ціхую радасць», – прызнаецца ўдзельніца счэпкі Кацярына Клімко.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Кацярына да 2020-га мела досвед палітычнага супраціву. З 16 гадоў актыўна брала ўдзел у акцыях моладзевай арганізацыі «Зубр». Тры разы працавала незалежнаю назіральніцаю на выбарах, у тым ліку на прэзідэнцкіх – 2010 і 2020 гадоў. Адразу пасля выбараў-2010 была затрыманая, адбыла на Акрэсціна 10 содняў, пасля чаго яе выключылі з апошняга курсу журфаку БДУ. Маючы такі досвед, выходзіла 10 жніўня з заплечнікам, у якім ляжаў неабходны на выпадак затрымання камплект: зубная шчотка, запасныя шкарпэткі і гэтак далей.

Інтэрв’ю
Ці будзе месца жанчынам у новай Беларусі? Адказ не такі відавочны
2021.03.08 09:20

«Я была маральна падрыхтаваная. Мы проста не ведалі яшчэ ў той дзень пра катаванні і ўсё тое, што рабілі з затрыманымі. Таму я была даволі спакойная і не вельмі баялася, што затрымаюць», – гаворыць дзяўчына. – Я гляджу на твар Златы Януковіч на фота. Яна выглядае вельмі спакойнай і, можа, нават троху разгубленай. У кожнай з нас на фота розныя выразы твару. Але яна нібыта да канца не разумее, што адбываецца. Я не ведаю, але думаю, што для яе гэта быў першы такі досвед. Так падаецца. Але мы не мелі магчымасці паразмаўляць тады, усё адбывалася вельмі хутка».

«Гэты здымак яны табе прыпомняць»

Пасля той жнівеньскай счэпкі на праспекце Пераможцаў Кацярына працягвала выходзіць на пратэставыя шэсці:

«З сённяшняга дня гледзячы, можа, і зашмат мы мелі аптымізму, але на той момант большасць была на хвалі ўзнёсласці. Усе верылі і хацелі пазітыўных зменаў. Нават вельмі дасведчаныя людзі пачалі думаць, што ўсё-такі перамены магчымыя ды ўсё нейкім цудоўным чынам павернецца ў добры бок».

Не павярнулася. Асабіста для Кацярыны пераломным момантам стала смерць Рамана Бандарэнкі. Ужо тады яна зразумела, куды ўсё ідзе.

«Яшчэ ў лістападзе 2020-га мне некаторыя сябры казалі: «Гэты здымак яны табе рана ці позна прыпомняць». Я не хацела верыць у гэта, не хацела верыць, што ўсё можа зайсці так далёка. Але ўжо думала, што і такое можа здарыцца. З розных прычынаў, у тым ліку з меркаванняў бяспекі, я пастанавіла нейкі час пабыць на адлегласці ад радзімы», – расказвае гераіня здымку.

Кацярына Клімко пазіруе праз ZOOM у кватэры ў Партугаліі, 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Цяпер Кацярына Клімко – у адной з еўрапейскіх краінаў, у бяспецы. Прачытаўшы ў навінах пра затрыманне Златы Януковіч і пабачыўшы тое самае фота, перажыла шмат розных пачуццяў. Але пераважала горыч: усё зайшло занадта далёка…

«Балюча і жудасна ад думкі, што шмат людзей з органаў, датычных да гэтага, працягваюць гэтым займацца і сёння. На жаль. Раней была ілюзія, што гэта толькі адзін чалавек такі крыважэрны, а ўсе астатнія проста баяцца. Але бачым цяпер, што шмат людзей на гэта працуе: следчыя, амапаўцы, губазікі, турэмшчыкі. І гэта для мяне самы жудасны момант: усведамленне, што іх вельмі шмат. Гэта факт», – падсумоўвае Кацярына.

Hавiны
«Партрэт пратэстоўца» – як выглядае сярэдні ўдзельнік пратэстаў?
2021.02.26 17:28

«Паглядзіце, які позірк у Златы: моцны і цвёрды!»

Фатографка Вольга Шукайла пасля 10 жніўня не мела ніякіх кантактаў з гераінямі свайго здымку, але ёй было цікава, ці паўплывала фота на іхнае жыццё. Калі сябры даслалі Вользе спасылку на навіну пра Злату, зразумела, што паўплываў, і, на жаль, гэткім чынам.

«Мела змяшаныя пачуцці. Як прафесіяналка я зрабіла сваю працу якасна і сумленна. Ніякіх маніпуляцыяў не было. Але ж ніхто з нас, фатографаў і журналістаў, і падумаць не мог на той момант, што наступствы могуць быць такімі. Пагатоў аж праз 14 месяцаў яе схапілі. Гэта жудасна…» – кажа аўтарка фота.

На пытанне, у чым усё ж сіла той фатаграфіі, Вольга адказвае: у незвычайнай рашучасці звычайных жанчын.

«Па-першае, гэта было незвычайна, што жанчыны сталі ў счэпку. Па-другое, гэта былі звычайныя жанчыны. Па-добраму звычайныя. Падобныя да вашай маці, сястры, суседкі ці проста да жанчыны ў краме. І пры гэтым – рашучыя. Паглядзіце, які позірк у Златы. Вельмі моцны, цвёрды! І гэта, напэўна, узрушыла людзей. Бо паказвала, што простыя жанчыны стануць сцяною, каб бараніць іншых», – тлумачыць Вольга Шукайла.

Hавiны
У белым і з кветкамі. Жанчыны выходзяць на пікеты, каб выказацца супраць гвалту на вуліцах Беларусі
2020.08.12 13:24
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Цяпер вельмі важна, каб Злата Януковіч ведала: тая счэпка – хай і ў іншай форме – трывае. Акурат пра гэта фотаздымак Вольгі Шукайлы. Пра гэта і словы Кацярыны Клімко, адной з яго гераінь. Ты не адна, Злата!

Ад рэдакцыі: вельмі просім усіх, хто мае якую-кольвек інфармацыю пра Злату Януковіч, падзяліцца ёю з намі.

ЗК, belsat.eu

 

Стужка навінаў