У Гомлі праверылі прадукты на радыяцыю: у грыбах з Добрушскага раёну перавышэнне нормы ў 47 разоў


Санітарны нагляд Гомельскай вобласці распавёў пра вынікі праверкі прадуктаў на радыенукліды, праведзенай у жніўні. Найбольшы ўзровень радыяцыі зафіксавалі ў грыбах і чарніцах.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ganc-chas.by

У жніўні санітарны нагляд Гомельскай вобласці зрабіў 658 пробаў прадуктаў і вады на ўтрыманне цэзію-137 і стронцыю-90. У прадуктах, прынесеных з установаў дзяржсектару, радыенуклідаў не выявілі, а ў тых, што далі на праверку грамадзяне, перавышэнне адзначалася ў 13,1 % (51 выпадак).

Часцей за ўсё радыенукліды знаходзілі ў свежых і перапрацаваных грыбах – у 27 пробах. У 22 пробах – у свежых чарніцах і кансерваваных прадуктах з яе. Паказнікі цэзію-137 былі перавышаныя ў малацэ і перцавай мяце.

Найбольшы ўзровень радыенуклідаў у харчах зарэгістраваны ў 10 раёнах Гомельскай вобласці: Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Добрушскім, Ельскім, Кармянскім, Лельчыцкім, Нараўлянскім, Рагачоўскім, Хойніцкім, Чачэрскім.

У грыбах, прывезеных з Добрушскага раёну, узровень радыенуклідаў быў вышэйшы за норму ў 47 разоў (17 490 Бк/кг пры норме 370 Бк/кг). У чарніцах з Веткаўскага раёну – у 8 разоў (1596 Бк/кг пры норме 185 Бк/кг).

Прадукты можна праверыць на ўтрыманне радыенуклідаў у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Працэдура цалкам бясплатная. Аб’ём пробы, неабходнай для даследавання, мусіць складаць не менш за 0,5 літра, а для сухіх грыбоў – не менш за 100 грамаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў