Гандаль Лукашэнкі, арышты настаўніка, фармацэўткі і алімпіядніцы. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 23 верасня


«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій беларускага народу рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

У Менску затрымалі 44-гадовага настаўніка прыватнай школы «Смарт Скул», дзіцячага паэта і празаіка Дзмітрыя Юртаева (псеўданім – Змітрок Бурачок). «Пакаяльнае» відэа з настаўнікам з’явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. На ім Дзмітрый Юртаеў кажа, што ў жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў пасты ў Фэйсбуку і Укантакце. Мужчыну таксама прымусілі дэкламаваць свой верш.

23 верасня ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» затрымалі генеральнага дырэктара сеткі дыскаўнтараў «Востраў чысціні» Віктара Ромука, а таксама ягоную жонку Аксану Ромук. 22 верасня ў офісе групы кампаніі «Romax» на вуліцы Кульман у Менску, якая і валодае сеткаю крамаў «Востраў чысціні і смаку», прайшоў ператрус. Паводле папярэдняй інфармацыі, праводзілі яго супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў.

Дыскаўнтэр «Востраў чысціні».
Фота: Мотолько помоги/Telegram

23 верасня ў Менскім гарадскім судзе распачаўся суд на галоўным рэдактарам інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргеем Сацуком, паведамляе «Белсат». Разглядаць справу будзе суддзя Святлана Бандарэнка, якая некалі адправіла за краты журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана Бандарэнкі. Сяргей Сацук – журналіст-расследавальнік, галоўны рэдактар беларускага парталу «Ежедневник» (ej.by). Яго затрымалі 8 снежня 2021 года і з таго часу трымаюць у менскім СІЗА № 1. Журналіста вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 430 («Атрыманне хабару»), арт. 130 («Распальванне варожасці»), арт. 426 («Перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў»).

За ўдзел у пратэстах затрымалі 19-гадовую выдатніцу і алімпіядніцу Арыну Сянюта. Аб гэтым паведамляе «Наша ніва». Дзяўчыну затрымалі за ўдзел у маршах за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці ў жніўні 2020 года. Ці заведзеная на яе крымінальная справа, дакладна невядома, але ГУБАЗіКаўцы ў допісе хіляць да таго, што так, бо абяцаюць, што «бліжэйшы юбілей яна сустрэне за кратамі».

У Магілёве затрымалі фармацэўтку – верагодна, распачата крымінальная справа. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «MAYDAYmog», днямі ў Магілёве была затрымана 29-гадовая фармацэўтка Кацярына Бібільнікава. На дадзены момант яна знаходзіцца на Акрэсціна ў Менску. Верагодна, затрыманне звязана з магчымым удзелам Кацярыны ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў СІЗА Горадні. Як піша ў сваім тэлеграм-канале БАЖ, верагодна, у гэтым горадзе і пачнецца разгляд справы Анджэя. Нагадаем, за кратамі Пачобута ўтрымліваюць ужо 18 месяцаў. Журналісту выставілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 і арт. 361.

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) выдаў пастанову, якой упарадкуецца працэдура блакавання непажаданых сайтаў. Калі раней пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг правяралі спіс абмежаванага доступу раз на суткі, то цяпер мусяць рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня. Дакумент апублікаваны 23 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прычым пад ім подпісы кіраўнікоў адразу трох ведамстваў – начальніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.

МУС Беларусі прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем сайты і сацсеткі палка Каліноўскага і яго «структурных падраздзяленняў». Пад структурнымі падраздзяленнямі палка маюцца на ўвазе: Беларускі добраахвотны батальён «Волат», батальён «Тэрор», «Беларускі Янкі», «Моладзевы блок», «Тактычная група Беларусь», «Беларускі дом Варшава». За стварэнне ці ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі (арт. 361-1 КК РБ).

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Хатынь 23 верасня распавёў пра амністыю, якую ён абяцаў прымеркаваць да так званага «дня народнага адзінства» 17 верасня. Паводле Лукашэнкі, амністыю ці памілаванне ўлады Беларусі абвяшчаюць не з мэтамі гандлю. «Я ніколі на гэта не пайду. Яны павінны за гэта адказваць, таму што калі будзе патуранне, гэта паўтарыцца зноў. Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Гэта ж нашае грамадства, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць», – перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. Лукашэнка лічыць, што прабачыць можна толькі тым, хто быў «заблуканы». Астатнім прыйдзецца адбываць тэрміны пакарання.

Беларус беларусу
Лукашэнка пачаў адбіраць кватэры ў шматдзетных сем’яў
2022.09.23 21:20

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў