Знайшлі ліставанне ў чатах і відэа, як кідае камень у АМАП. Гісторыя палітычнага вязня Андрэя Герасімовіча


Андрэй Герасімовіч, фота з асабістага архіву сямʼі

Андрэю Герасімовічу 21 год. Родам з Ліды, вучыўся на першым курсе гістарычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, захапляўся гісторыяй. Жнівеньскія падзеі мінулага года кардынальна змянілі ягонае жыццё: хлопец не здолеў застацца ўбаку, быў затрыманы і асуджаны на 2,5 года калоніі. Ён мог уцячы з краіны, але не стаў гэтага рабіць. Нядаўна апеляцыйны суд пакінуў вырак у моцы – маладзёна адправілі ў калонію ў Бабруйску.

Андрэя затрымалі 23 сакавіка ў Горадні проста на занятках. Спачатку забралі нібыта на размову праз пратэставую актыўнасць ва ўніверсітэце. Атрымаўшы доступ да тэлефона хлопца, сілавікі знайшлі там ліставанне ў тэлеграм-чатах і відэа, на якім бачна, як Андрэй кідае камень у АМАП у Лідзе падчас жнівеньскіх сутыкненняў. Маладзёна затрымалі паводле крымінальнай справы і адправілі ў лідскі ІЧУ. Праз некалькі дзён выпусцілі пад заклад. Андрэй працягнуў навучанне і нават часткова паспеў здаць іспыты.

Стужка навінаў