«Працэс ідзе, мы гэта назіраем». Прэзідэнт Польшчы – пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі


У аўторак, 22 жніўня, адбыўся першы за 15 гадоў візіт у Польшчу прэзідэнта Партугаліі Марсэлу Рэбэлу ды Соўзы. Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам абмяркоўвалася сітуацыя з расейскай ядравай зброяй і вагнэраўцамі ў Беларусі.

Прэзідэнт Партугаліі Марсэлу Рэбэлу ды Соўза і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Фота: prezydent.pl

Паводле Анджэя Дуды, з прэзідэнтам Партугаліі яны абмяркоўвалі вайну ва Украіне, сітуацыю з украінскімі ўцекачамі ў Польшчы, а таксама напружанасць на польска-беларускай мяжы, якая ствараецца рэжымам Лукашэнкі, у прыватнасці, праз міграцыйны крызіс.

«Трэба мець на ўвазе, што гэта не толькі і выключна мяжа Польшчы – гэта таксама мяжа NATO, гэта мяжа Еўразвязу і Шэнгенскай зоны. Таму наш абавязак ахоўваць гэтую мяжу – гэта не толькі наш абавязак як Польшчы і палякаў, якія абараняюць уласную тэрыторыю, – казаў Дуда. – Мы ахоўваем таксама і бяспеку Паўночнаатлантычнага альянсу, мы ахоўваем таксама і бяспеку краінаў – сябраў ЕЗ. <…> А сітуацыя сёння насамрэч цяжкая ў сувязі з прысутнасцю наймітаў групы Вагнэра ў Беларусі».

Анджэй Дуда закрануў у размове з прэзідэнтам Партугаліі і намер Пуціна размясціць расейскую ядравую зброю ў Беларусі.

«Гэты працэс ужо ідзе, мы гэта назіраем, – заявіў прэзідэнт Польшчы. – Гэта відавочным чынам змяняе архітэктуру бяспекі ў нашай частцы Еўропы, гэта змяняе архітэктуру бяспекі ў нашым беспасярэднім суседстве, але таксама на ўсходнім флангу NATO ў цэлым».

Сярод іншых тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы, – пастаянная дапамога Украіне, санкцыі супраць Расеі, эканамічная супраца паміж Польшчай і Партугаліяй.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў