Кліп на песню «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім


Вакаліст гурта «Дай дарогу!» з’ехаў з Беларусі ў пачатку жніўня, не дачакаўшыся прысуду.

Суд Ленінскага раёну Берасця 23 жніўня прызнаў экстрэмісцкім кліп на песню «Баю-бай» берасцейскага панк-гурта «Дай дарогу!», піша «Наша ніва». У суд звярталася шостае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС РБ.

Кліп прыбраны з YouTube-каналу «Дай дарогу!», але яго яшчэ можна адшукаць на іншых каналах і старонках у сацсетках. У вольным доступе засталося аўдыя песні.

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

Паводле Берасцейскай абласной экспертнай камісіі, да якой звярнуўся ГУБАЗіК, кліп 2020 года «мае прыкметы правяваў экстрэмізму», «зняты з мэтай дыскрэдытацыі супрацоўнікаў сілавых структураў».

На гэта паказвае вобраз кіроўцы аўтазака, які на камбайне пераследуе ні ў чым не вінаватых людзей, а ахвяры паказаныя максімальна міралюбнымі і безабароннымі.

«Такім чынам, сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку выстаўленая аўтарамі песні як бязлітаснае забойства, якое ўчыняюць прадстаўнікі сілавых структураў».

Варта адзначыць, што эпізод, падобны да паказанага ў кліпе, адбыўся праз тры з паловай месяцы пасля выхаду кліпу: на полі каля ўрочышча Курапаты, што пад Менскам, сілавікі ганяліся за людзьмі па полі і збівалі мірных пратэстоўцаў. Толькі ездзілі не на камбайнах, а на мікрааўтобусах. Акрамя таго, у жыцці было чуваць страляніну, якой у кліпе не было.

Гурт «Дай дарогу» заснаваны ў 1998 годзе, спявае пераважна на расейскай мове. Названы «Гуртом года» на прэміі «Даём рады» ў 2012 годзе, «Артыстам года» на прэміі «Rock Profi» ў 2015 годзе. Выступаў на канцэртах на Дзень волі ў 2018 і 2019 гадах. Выдаў дзевяць студыйных альбомаў, апошні на сёння – «Под вой собак» 2020 года.

«Баю-бай» – не адзіная пратэставая песня гурта. У 2004 годзе калектыў запісаў грубы зварот да «Сані», у 2012-м – песню пра «10 мільёнаў рабоў», у 2017-м – беларускамоўную песню «Не веру». А ў канцы 2020 года Стыльскі спяваў аптымістычную песню пра бусла, які ўрэзаўся ў верталёт.

АА belsat.eu

Стужка навінаў