Беларускія банкі без рэйтынгу «Fitch», недабор у ВНУ, вызваленне фігуранта «Прэс-клубу». Галоўнае за 23 жніўня


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 379 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі 23 жніўня.

На волі яшчэ адзін фігурант справы «Прэс-клубу»

Выйшаў на волю Дзяніс Сакалоўскі, якога арыштавалі па справе «Прэс-клуба». Яго затрымалі 22 снежня летась паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад аплаты падаткаў.

Дзяніс Сакалоўскі больш за 10 гадоў працаваў аператарам у «Белтэлерадыёкампаніі». Пасля выбараў летась звольніўся разам з журналісткай Ксеніяй Луцкіной. Ксенія да гэтага часу застаецца за кратамі.

Вечарам 19 жніўня выйшлі на волю дырэктар «Прэс-клубу» Сяргей Альшэўскі, заснавальніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая, праграмная дырэктарка Ала Шарко і аператар Пётр Слуцкі.

Hавiны
На волі яшчэ адзін фігурант справы «Прэс-клубу»
2021.08.23 19:19

МВФ можа даць Беларусі мільярд долараў

Міжнародны валютны фонд вылучыў Беларусі звыш 900 мільёнаў долараў, пра гэта піша расейскае выданне РБК. Сродкі выдаюць у «спецыяльных правах пазыкі» («Special Drawing Rights», SDR).

У пачатку жніўня Міжнародны валютны фонд ухваліў рашэнне падтрымаць краіны пасля складанага для эканомік перыяду, вылучыўшы на гэта $ 650 мільярдаў. Гэтыя грошы раздаюць незалежна ад палітычнай сітуацыі дзеля задавальнення патрэбы ў рэзервах і падвышэння ўстойлівасці дзяржаваў падчас змагання з пандэміяй каронавірусу.

Сам фонд пакуль не падае інфармацыі адносна Беларусі, аднак вядома, што наша краіна не патрапіла ў спіс тых, каму МВФ адмовіў. Адпаведна, выдаваць сродкі не сталі Афганістану, Венесуэле і М’янме.

Аб’ектыў
Мільярд ад МВФ: ці скарыстаецца ім Лукашэнка?
2021.08.23 23:35

«Fitch» адклікала рэйтынгі «Беларусбанку» і «Белінвестбанку»

Рэйтынгавае агенцтва «Fitch» 20 жніўня пацвердзіла ранейшыя рэйтынгі на ўзроўні «B» з негатыўным прагнозам для «Беларусбанку» і «Белінвестбанку» і пастанавіла больш не аналізаваць гэтых фінансавых установаў.

Апошняе рашэнне растлумачылі санкцыямі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі, у якіх згадваюцца гэтыя банкі.

Галоўны офіс Беларусбанка. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Агулам Беларусі як дзяржаве «Fitch» таксама дае рэйтынг «B» з негатыўным прагнозам. Так жа ацэньваюць «Банк развіцця», «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант» і Беларускую нацыянальную перастраховачную арганізацыю.

Звесткамі агенцтваў кшталту «Fitch Ratings» карыстаюцца, калі трэба ацаніць крэдытаздольнасць і перспектывы супрацы з кампаніямі.

Hавiны
Агенцтва «Fitch» адклікала рэйтынгі «Беларусбанку» і «Белінвестбанку»
2021.08.23 15:19

Польшча збудуе на мяжы з Беларуссю агароджу

23 жніўня міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў у Twitter, што на мяжы з Беларуссю паставяць «новы, салідны плот вышынёй 2,5 м». Ён паабяцаў неўзабаве раскрыць падрабязнасці адносна далейшага ўдзелу Сілаў абароны Польшчы ў дапамозе памежнікам.

Працягласць беларуска-польскай мяжы – амаль 400 км, але частка праходзіць па рэках. На мяжы дзейнічае 13 пунктаў пераходу.

Мігранты, якіх польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю. 9 жніўня 2021 года.
Фота:strazgraniczna.pl

Рашэнне пра сцяну было агучанае на фоне міграцыйнага крызісу, вінаватым у якім у Еўразвязе называюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка таксама вінаваціць Польшчу ў парушэнні дзяржаўнай мяжы і ў канфлікце з мігрантамі. Але толькі ён не згадвае, што мігранты ўжо трапілі ў Беларусь, якая лічыцца для іх бяспечнай, і што яны спрабавалі нелегальна прабрацца ў трэцюю краіну. Чаму іх трымаюць на мяжы, ён таксама не казаў. Як не казаў і пра тое, што адказным за арганізацыю плыні нелегальнай міграцыі называюць менавіта ягоны рэжым.

Аб’ектыў
Польшча адгародзіцца ад Беларусі плотам
2021.08.23 23:35

Сілавікі могуць атрымаць доступ да банкаўскай інфармацыі

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заявіла, што атрымала дакументы аб тым, што Міністэрства ўнутраных справаў, Следчы камітэт і Генеральная пракуратура атрымаюць усе звесткі пра рахункі і электронныя гаманцы ў беларускіх банках.

Паводле НАУ, сапраўднасць атрыманых дакументаў пацвердзілі некалькі крыніцаў у розных сілавых структурах. Самі дакументы не публікуюць дзеля бяспекі сваіх крыніцаў.

Адпаведны план зацвердзіў 9 ліпеня намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Дзмітрый Калечыц, сцвярджае НАУ.

«Гэта значыць, што банкаўская таямніца ў Беларусі перастала існаваць – сілавікі пачынаюць сачэнне за вашымі асабістымі фінансамі і выдаткамі ў рэжыме рэальнага часу. То бок банкаўская сістэма афіцыйна стала часткай рэпрэсіўнай машыны Лукашэнкі».

НАУ па-ранейшаму заклікае да формулы «Банкамат-абменнік-банк»: здымаць усе грошы з банкаўскіх картак і пераводзіць іх у замежныя валюты, забіраць усе магчымыя дэпазіты і ўклады.

Аб’ектыў
Уклады пад кантролем сілавікоў
2021.08.23 23:35

Недабор на «бюджэт» у ВНУ

У вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2021 годзе планавалі прыняць 55 тысяч чалавек. Прынялі толькі 48 тысяч. Вольнымі засталіся не толькі платныя месцы, а і значна больш бюджэтных месцаў, чым у ранейшыя гады.

Hавiны
На «бюджэт» у ВНУ недабралі паўтысячы чалавек. Нават пасля дадатковага набору
2021.08.23 10:29

Кліп на песню «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім

Суд Ленінскага раёну Берасця 23 жніўня прызнаў экстрэмісцкім кліп на песню «Баю-бай» берасцейскага панк-гурта «Дай дарогу!», піша «Наша ніва». У суд звярталася шостае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС РБ.

Кліп прыбраны з YouTube-каналу «Дай дарогу!», але яго яшчэ можна адшукаць на іншых каналах і старонках у сацсетках. У вольным доступе засталося аўдыя песні.

Артыкулы
Кліп на песню «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім
2021.08.23 14:58

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 асобаў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 асобаў. Цяпер у нашай краіне 645 палітычных вязняў, піша «Вясна».

Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой прызнала палітвязнямі Наталлю Тураву, Юрыя Серабро, Аляксандра Ігнатовіча, Юрыя Вінічука, Аляксандра Юніцкага, Сяргея Бурака, Уладзіміра Шурубейку, Сяргея Балахонава, Анатоля Сіўца.

Цяпер, паводле праваабаронцаў, у Беларусі 645 палітычных вязняў.

Hавiны
У Лідзе затрымалі жонку былога міліцыянта, які звольніўся пасля выбараў
2021.08.23 17:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў