Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец курыць каля танка. Харкаўская вобласць, Украіна. 23 ліпеня 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшло 150 дзён. Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 39 240 чалавек забітымі.

Па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначаецца на поўначы Украіны – на валынскім, палескім і сіверскім кірунках. Пры гэтым на апошнім расейцы абстралялі сяло Мікалаеўка Чарнігаўскай вобласці.

На слабажанскім кірунку цягам апошніх содняў асноўныя намаганні расейцаў былі скіраваныя на ўтрыманне занятых пазіцыяў, каб не дапусціць выхаду ўкраінскіх сілаў да дзяржаўнай мяжы на поўначы і паўночным усходзе Харкаўскай вобласці.

На суседнім харкаўскім кірунку вораг таксама не праводзіў актыўных штурмавых дзеянняў, але абстраляў з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля самога Харкава, а таксама побач з населенымі пунктамі Золачаў, Пітомнік, Баршчова, Лясное, Рускія Тышкі, Чаркаскія Тышкі і Масьпанава.

На славянскім кірунку абстрэлы зафіксаваныя каля Грушувахі, Даліны, Краснаполля, Дзіброўнага, Мазанаўкі, Пратапопаўкі, Чэпілю, Вялікай Камышувахі, Норцаўкі, Багародзічнага, Вірнаполля і Карнаухаўкі.

На краматорскім кірунку вораг праводзіў штурмавыя дзеянні ў бок Верхнякаменскага і Сіверску, але атакі былі адбітыя ЗСУ. Абстрэлы з танкаў і артылерыі расейцаў прыйшліся на ваколіцы населеных пунктаў Верхнякаменскае, Старадубаўка, Піскунаўка, Сіверск, Белагораўка, Грыгораўка, Спірнае і Выемкі.

На суседнім бахмуцкім кірунку расейцы зноў праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок Пакроўскага і Вуглягорскай ЦЭС, але панёслі страты ды адступілі. Акрамя гэтага акупанты здзейснілі абстрэлы тэрыторыяў каля населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Пакроўскае, Бахмуцкае і Новалуганскае.

Hавiны
Расея тры тыдні не страляла па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Што здарылася?
2022.07.21 16:25

У акупаванай частцы Запарожскай вобласці, як сцвярджаюць расейскія дзяржаўныя медыі, стварылі акупацыйны ўрад і заблакавалі Facebook, Twitter і YouTube. Кіраваць акупацыйным урадам паставілі былога першага віцэ-губернатара Валгаградскай вобласці Расеі Антона Кальцова.

На аўдзееўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках зафіксаваныя артылерыйскія абстрэлы каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Пескі, Вугледар, Вадзяное, Прачыстаўка, Малая Такмачка, Наваякаўлеўка, Успенаўка, Арэхаў, Паўлаўка, Новапаль, Шчарбакі, Новаандрэеўка і Малыя Шчарбакі. Авіяўдары прыйшліся на ваколіцы Краснагораўкі і Каменкі.

На паўднёвабужскім кірунку расейцы засяродзіліся на ўтрыманні раней занятых пазіцыяў і недапушчэнні контрнаступу Збройных сілаў Украіны. Таксама яны працягваюць абстрэлы са ствольнай і рэактыўнай артылерыі па ўсёй лініі сутыкнення.

Пры ўсім гэтым цягам апошніх содняў расейцы працягнулі наносіць ракетныя ўдары па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Украіны.

Hавiны
Расея абстраляла Адэскі порт. Украіна назвала гэта «пляўком у твар» Эрдагану і генсеку ААН
2022.07.23 17:16

Так, раніцай 23 ліпеня Збройныя сілы Украіны паведамілі аб абстрэле Адэскага марскога порту крылатымі ракетамі тыпу «Калібр». Дзве ракеты ўдалося збіць, але дзве трапілі ў аб’екты партовай інфраструктуры. Прадстаўнік камандавання Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заявіў, што ўдар нанеслі якраз туды, дзе захоўваецца збожжа, аб вывазе якога дамовіліся на дзень раней. Аднак пазней з’явілася інфармацыя, што сховішчы збожжа ў адэскім порце цэлыя, паколькі расейскія ракеты трапілі па помпавай станцыі, на якой у выніку ўзнік пажар.

Таксама паведамляецца, што расейскія ўдары прыйшліся па Мікалаеве, Днепрапятроўскай і Кіраваградскай вобласцях, ёсць забітыя сярод мірнага насельніцтва Украіны.

BK belsat.eu

Стужка навінаў