Паездка за мяжу як доказ віны, зверствы сілавікоў у Іванаве. Рэпрэсіі за 23 ліпеня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 23 ліпеня.

Мікалай Аўтуховіч.
Фота: palitviazni.info

Трынаццаты дзень Мікалай Аўтуховіч трымае сухую галадоўку. Нягледзячы на поўную зняможанасць, яго трымаюць у карцары.

Больш за месяц Паліну Шарэнду-Панасюк шукалі праз адваката. Яна знайшлася ў жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча), куды яе перавялі з СІЗА № 3 Гомля. Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў, што ў калоніі яна 20 содняў правяла ў ШІЗА.

Палітзняволеных Дзмітрыя Шчурко і Ігара Лосіка ў наваполацкай калоніі № 1 утрымліваюць у адным атрадзе. Ім нельга займацца спортам, спяць палітвязні толькі на другім ярусе «шконак», пры гэтым у пакоі святло гарыць і ўначы.

Hавiны
У вернікаў канфіскавалі «Малітву за Беларусь». Іх пакаралі арыштам
2022.07.23 13:06

Назіральнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» расказалі падрабязнасці аблавы ў Іванаве, што прайшла 13 ліпеня. Сілавікі не толькі чынілі ўжо звыклыя пагромы, але і білі мужчынаў, і пагражалі задушыць бел-чырвона-белым сцягам, і «анансавалі» жанчыне згвалтаванне. У адным з двароў сілавік стрэліў у сабаку, але ветэрынары выратавалі жывёлу. Затрыманых кінулі за краты ў нечалавечыя ўмовы, забаранялі не толькі матрацы, але кнігі і кіпень.

Некалькі затрыманняў, аб якіх стала вядома 23 ліпеня, былі звязаныя з паездкамі беларусаў за мяжу.

Па вяртанні з Літвы затрымалі супрацоўніцу EPAM Кацярыну Глінскую і ейную сястру Юлію Глінскую – імёны затрыманых назвалі праваабаронцы «Mayday Team». Кацярына ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года, потым з’ехала ў Літву, але прыехала ў Беларусь да сяброўкі. Кацярына стала фігуранткай крымінальнай справы, а Юлію, паводле непацверджаных звестак, пакаралі 15-дзённым арыштам.

Як стала вядома 23 ліпеня, яшчэ 11 красавіка ў Беларусі затрымалі Аляксандра Каценку, які з лістапада 2021 года быў за мяжой на працы. «Вясна» расказвае, што 24 траўня ягоную справу разглядзелі ў судзе: яго вінавацілі ў «Абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) і «Распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ). Другое абвінавачванне адкінулі ды паводле першага прысудзілі паўтара года «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і штраф 3200 рублёў, канфіскацыю тэлефона. Прычынай быў каментар пра начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкаму Антона Гейгера ў адным з Telegram-каналаў, а абвінавачванне абгрунтоўвалі «пратаколам агляду пашпарту Каценкі, з якога вынікае, што 26.11.2021 года ён знаходзіўся за межамі Рэспублікі Беларус».

«Доказам» віны ў іншай справе зрабілі і звесткі з сістэмы «Пасажырапаток» аб перасячэнні асобай мяжы. Гэта адбылася на судзе супраць Яўгена Ліцкевіча, які ў 2020 годзе напісаў «абразлівы» каментар пра байца АМАПу Алега Лычагіна, які ўдзельнічаў у разгоне законнага пікету збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Горадні. Ліцкевічу прысудзілі два гады «хіміі», 1500 рублёў кампенсацыі «маральнай шкоды» і канфіскацыю тэлефона.

Затрымалі па вяртанні з Польшчы таксама сірату Валерыя Туміловіча, які месяц таму з’ехаў у Польшчу, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Яму інкрымінуюць «Абразу Лукашаэнкі» (арт. 368 КК РБ) і «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ).

Тэст
Ці існуе дно? Шукаем межы «нармальнасці» беларускіх навінаў
2022.07.23 14:20

Яшчэ 15 дзён арышту далі ксяндзу з Віцебску Андрэю Вашчуку, піша «Хрысціянская візія». Вашчука затрымалі 15 ліпеня, пакаралі 15-дзённым арыштам на закрытым працэсе, цяпер з невядомай прычыны дадалі яшчэ 15 дзён. Праўладныя медыі вядуць кампанію паклёпу і дыскрэдытацыі супраць святара.

Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала сайт газеты «Белорусы и рынок» за тое, што там былі спасылкі на «экстрэмісцкія матэрыялы». Журналісты іншага выдання, Reform.by, знайшлі на сайце самога міністэрства спасылкі на «экстрэмісцкія» старонкі.

Ёсць і добрыя навіны: на волю выйшаў 26-гадовы палітвязень Аляксандр Жук, які адбыў паўтара года «хіміі» ў «карагоднай справе».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў