У Варшаве адкрылася выстава мастака з аўтызмам Мацвея Вельгаса. Яго працы змяняюць колер вачэй


Шмат сіняга неба і зялёнай травы. А на іх фоне – каты. Чырвоныя, рудыя, чорныя. З вялікімі рознакаляровымі вачыма, якія ўважліва глядзяць на наведнікаў выставы карцінаў 15-гадовага беларуса Мацвея Вельгаса. Таго самага хлопчыка з аўтызмам, які ў 2020 годзе праз маму падарыў сваю версію суцінскай «Евы» Святлане Ціханоўскай. У Варшаве выстава твораў Мацвея Вельгаса адкрылася 22 чэрвеня ў Беларускім моладзевым хабе.

Вольга Вельгас (злева) разам з сынам Мацвеем Вельгасам (у цэнтры) і куратаркай выставы Эльвірай Каралёвай (справа) на фоне карцінаў юнага мастака ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 22 чэрвеня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

«Лёс той «Евы», якую Мацвеў намаляваў са славутай карціны Хаіма Суціна, на жаль, невядомы. Ведаем толькі, што падараваная «Ева» засталася ў кватэры Святланы Ціханоўскай, якую канфіскавалі. Што з ёй зрабіў ГУБАЗіК – немаведама. Але летась падарылі Святлане яшчэ адну работу. Руды кот на фоне веснавых кветак», – распавяла маці Мацвея Вельгаса Вольга.

Вольга – голас Мацвея, які амаль не размаўляе, бо мае цяжкую форму аўтызму. На адкрыццё вялікай выставы ў Варшаве Вольга і Мацвей Вельгасы прыехалі з Кракава, дзе жывуць ужо амаль два гады.

У экспазіцыі – больш за 50 карцінаў, намаляваных акрылам на палатне. На большасці з іх – выявы катоў. Але ёсць і яркія пейзажы ды нацюрморты. Асноўная палітра: сіняе, зялёнае, жоўтае. Але найбольш радасці і сілы журналістам «Белсату» даў чырвоны кот на рамонкавым полі. Пра іншага чароўнага ката – у канцы тэксту.

Карціны 15-гадовага Мацвея Вельгаса, у якога аўтызм, выстаўленыя на выставе ў Беларускім моладзевым хабе.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

«Разумею, але мая любімая карціна – «Кот-патрыёт» – засталася ў Кракаве. Гэта нашая асабістая карціна. На ёй руды кот з вялікай бел-чырвона-белай стужкай», – смяецца Вольга Вельгас.

«Дай Бог, каб так было ў Беларусі»

Імпрэзу адкрыла куратарка выставы, мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва – стваральніца інклюзіўнага арт-праекту «Я прыеду», тэлеграм-чату «Инклюзивная Польша» і віртуальнай галерэі мастакоў «ArtPolska». Яна пазнаёміла прысутных, сярод якіх было шмат дзяцей, з героем імпрэзы – мастаком Мацвеем Вельгасам. І адзначыла вялізную ролю, якую ў ягоным жыцці і творчасці адыгрывае мама.

Эльвіра Каралёва выступае з прамовай на адкрыцці выставы 15-гадовага Мацвея Вельгаса ў Беларускім моладзевым хабе.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

«І вялікі дзякуй Моладзеваму хабу, які насамрэч ператвараецца ў інклюзіўны хаб, даючы сваю прастору людзям з інваліднасцю, у тым ліку мастакам», – зазначыла Эльвіра Каралёва.

У сваю чаргу маці мастака Вольга прызналася падчас адкрыцця, што вельмі баялася пры пераездзе ў Польшчу, што тут будзе цяжэй, чым у Беларусі. Высветлілася – не.

«Як кажуць, не было шчасця – дык няшчасце памагло. Бо мы пабачылі, наколькі больш магчымасцяў маюць тут дзеці з асаблівасцямі, каб паказаць сябе. Пастаянна ладзяцца розныя інклюзіўныя імпрэзы. Нейкія экскурсіі, спартовыя падзеі, усё-ўсё. І цяпер мы разумеем, што нам тут добра. Дай Бог, каб так было ў Беларусі», – сказала Вольга Вельгас.

Паштоўкі з карцінамі 15-гадовага Мацвея Вельгаса, у якога аўтызм, у Беларускім моладзевым хабе.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Куратарка выставы Эльвіра Каралёва прызналася, што некалькі разоў спрабавала правесці выставы інклюзіўных мастакоў у Беларусі. Але так і не ўдалося. Бо іх пастаянна адмянялі…

Пасля адкрыцця для дзяцей быў зладжаны майстар-клас малявання катоў.

Таямніца катоў Вельгаса

У Кракаве Мацвей Вельгас займаецца ў спецыяльнай школе для дзяцей з ментальнымі асаблівасцямі, якую па пераездзе з Беларусі ў 2021 годзе знайшлі дастаткова хутка. А праз два месяцы ягонай маме Вользе прапанавалі там працаваць асістэнткай. Вольга кажа, што выконвае там, па сутнасці, функцыі аніматара і арганізатара дзіцячых святаў.

15-гадовы Мацвей Вельгас (у цэнтры) рыхтуецца маляваць з наведвальнікамі выставы сваіх карцінаў у Беларускім моладзевым хабе.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

«Мацвей ужо, напэўна, лепш за мяне польскую мову разумее. Вельмі паслухмяны і актыўны хлопчык. Грае ў тэатры, удзельнічае ў інклюзіўных спартовых спаборніцтвах, наведвае музеі, ходзіць у паходы. Ну вельмі актыўнае жыццё ў нас. Таму на карціны не так шмат часу застаецца, як было ў Берасці. Такі маленькі мінус. Але ён пазітыўны. Мацвей назапашвае натхненне, а потым сядае – і малюе», – кажа ў размове з «Белсатам» Вольга Вельгас.

Маці мастака распавядае, што сюжэт будучай карціны Мацвей выбірае сам. Найчасцей гэта каты і хаткі на нейкім фоне. Проста паказвае пальцам на фота ў інтэрнэце. Здымак раздрукоўваецца. Далей – творчы працэс. Хлопец ніколі не капіюе таго, што бачыць перад сабой. А бачыць ён – незвычайна.

«На жаль ці на шчасце, я не магу залезці ў ягоную галаву. Але факт, што заўсёды атрымліваецца не тое, што было на фотаздымку. Зусім не тое, але вельмі класнае. Нейкі настрой. Прычым ён мне не дае дапамагаць – адразу крыўдуе. Толькі падказваць магу», – распавядае мама Мацвея Вельгаса.

Наведвальнікі выставы 15-гадовага Мацвея Вельгаса пазуюць з малюнкамі, якія стварылі падчас цырымоніі адкрыцця выставы ў Беларускім моладзевым хабе.
Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Карціны Мацвея Вельгаса некалькі разоў выстаўляліся ў Кракаве, бачылі іх ужо і ў Варшаве, але такой маштабнай выставы ў польскай сталіцы яшчэ не было. Катоў і пейзажы Мацвея Вельгаса ў Беларускім моладзевым хабе можна будзе пабачыць да 2 ліпеня. І не толькі пабачыць, але і набыць. Грошы з прададзеных карцінаў пойдуць на куплю фарбаў і палатна, а таксама адмысловага планшэта. Гэтым самым падтрымаем таленавітага беларуса. Працы каштуюць ад 300 злотых.

А партрэт ката з рознакаляровымі вачыма (блакітнае левае, памаранчавае правае), які сустрэне вас на ўваходзе, – дык і ўвогуле цаны не мае. Бо некаторыя сінявокія беларусы (на абодва вока) пакідалі выставу са змененым колерам вачэй. Праўда. У некаторых правае сіняе рабілася зялёным.

Партрэт ката з рознакаляровамі вачыма. Карціна Мацвея Вельгаса.
Фота: Olga Velgas / Facebook

Выстава Мацвея Вельгаса дае пазітыў і магчымасць зірнуць на свет і катоў па-асабліваму, незвычайна.

Гісторыі
«За коціка Друшу маглі кінуць у ШІЗА». Былы палітвязень расказаў пра «Воўчыя норы» і сустрэчы з Алесем Пушкіным
2023.03.12 17:15

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў