Вясна сапраўды халодная? Разбіраемся ў тэмпературных нормах і прагнозах


Начныя прымаразкі ў другой палове траўня і невысокія дзённыя тэмпературы паветра. Чытачы «Белсату» паведамляюць: на іхную думку, сёлетняя вясна даволі халодная і позняя. Паспрабавалі разабрацца, як выглядае сітуацыя з надвор’ем насамрэч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згодна з інфармацыяй Belgidromet.by, першыя два месяцы вясны не былі цёплыя: сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за сакавік 2022 года склала 1,1 °С, што вышэй за кліматычную норму толькі на 0,3°С. А сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за красавік склала 5,7 °С, што ніжэй за кліматычную норму ажно на 2,1 °С. Прычым сярэдняя тэмпература паветра была ніжэйшая за норму ўва ўсіх трох дэкадах месяца.

Пра травень гэтага года на Belgidromet.by пакуль няма сярэдніх даных, але суб’ектыўна ён адчуваецца таксама досыць халодным, бо начныя прымаразкі па краіне назіраліся нават у другой палове месяца, а дзённыя тэмпературы часцяком не перавышалі 15 °С.

Чытачы «Белсату» таксама адзначаюць, што цяперашняю вясною па краіне назіраецца паўночны вецер, які і прыносіць з сабою рэзкія пахаладанні. Паводле кліматолагаў, у Беларусі звычайна пераважаюць заходнія вятры, але і паўночныя – частая з’ява, што сапраўды прыносіць паніжэнне тэмпературы паветра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Тут важна адзначыць, што вясна мінулага, 2021 года, таксама не адзначалася асаблівым цяплом: сярэдняя тэмпература паветра ў сярэднім па краіне была 6,6 °С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,3 °С. Прычым асабліва халодны тады быў травень, тэмпература якога ў сярэднім па краіне была 12,3 °С, што на 1,1 °С менш за норму.

Пры гэтым апошнімі дзесяцігоддзямі па ўсёй Зямлі адзначаюць рост сярэднегадавой тэмпературы паветра. У напрамку ад экватара да полюсаў тэмп росту тэмпературы павялічваецца. За апошнія 100 гадоў Арктыка пацяплела ўтрая мацней за экватарыяльныя зоны.

На тэрыторыі Беларусі таксама адзначаюць істотны рост тэмпературы паветра. З 1976 да 2020 года хуткасць павелічэння тэмпературы складае 0,63 °С за 10 гадоў. Гэта ў 3,5 разу пераўзыходзіць параметр росту тэмпературы на планеце.

Якое будзе лета 2022 года, пакуль гаварыць рана, але ў канцы вясны істотнага пацяплення чакаць не варта, калі абапірацца на прагноз надвор’я на наступныя 6 содняў.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове інфармацыі з інтэрнэту.

Віцька Кавалак, belsat.eu

 

Стужка навінаў