Расейскі дыпламат пры ААН падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі Пуціна


Расейскі дыпламат пры ААН Барыс Бондараў сапраўды падаў у адстаўку, паведамляе «Камерсант». Бондараў апублікаваў каментар з крытыкай палітыкі пуціна ва ўласным профілю ў «LinkedIn». Гэта першы выпадак з пачатку вайны ва Украіне, калі дыпламат выказвае пратэст супраць кіраўніцтва ўласнай краіны.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

«За дваццаць гадоў маёй дыпламатычнай кар’еры я бачыў розныя павароты нашай знешняй палітыкі, але ніколі мне не было так сорамна за сваю краіну, як 24 лютага гэтага году», – піша Бондараў.

На думку Барыса Бондарава, гаворка ідзе пра вайну не толькі супраць Украіны, але фактычна супраць усяго заходняга свету, што зʼяўляецца злачынствам супраць украінскага народу, але і, верагодна, злачынствам супраць народу Расеі.

Расейскае выданне адзначае, што мела размову з Бондаравым па яго швейцарскім нумары і ён пацвердзіў сапраўднасць заявы ад свайго імя. Бондараў удакладніў, што падаў заяву раніцай, яшчэ не абмяркоўваў з калегамі сваё рашэнне і пакуль не думаў аб далейшых планах.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў