«Людзі здзіўляюцца, што я хаджу і ўсміхаюся». Настаўніцы далі 2,5 года «хатняй хіміі» за рэпосты


Даведка

Алена Пуцыковіч зрабіла рэпост у тэлеграм-чаце свайго гораду Іванава «заведама ілжывых звестак» пра работніка ўнутраных справаў. Гэта стала нагодаю для крымінальнай справы за паклёп. Следства дадало ў абвінавачванне яшчэ адзін рэпост, існаванне якога настаўніца аспрэчвае, і пацярпелых стала два. У выніку суддзя Іванаўскага раёну Генадзь Кудласевіч даў жанчыне 2,5 года «хатняй хіміі», таксама яна мусіць выплаціць пацярпелым па Br 1,5 тыс. за маральную шкоду. Іронія ў тым, што адзін з пацярпелых, Аляксандр Задарожны, двойчы сведчыў супраць спадарыні Алены на судах паводле артыкулаў 23.34 і 23.4. Паводле жанчыны, ілжыва.

Алену ведае ледзь не кожны беларус. У кастрычніку мінулага года ў сеціве разышлося відэа з Іванава, дзе прыблізна 15 міліцыянтаў намагаюцца на пустой вуліцы затрымаць 5 жанчын. «Парушальніцы» былі адзетыя ў белы і чырвоны колеры, а адна з іх трымала бела-чырвоны парасон.

Сярод тых жанчын была Алена Пуцыковіч, настаўніца расейскай мовы і літаратуры з амаль 30-гадовым стажам, маці дваіх дзяцей: «Пасля прагулкі з парасонамі мы проста ішлі на каву. Калі міналі РАУС, як чэрці з табакеркі пачалі выскокваць міліцыянты і патрабаваць, каб мы прайшлі з імі ў аддзяленне. На пытанне, з якой нагоды, нам сказалі: «Артыкул знойдзецца».

Артыкул сапраўды знайшоўся: 23.4, то бок непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы. Сведкам з боку абвінавачвання на судзе выступіў старэйшы оперупаўнаважаны групы для барацьбы з эканамічнымі злачынствамі АУС Іванаўскага раёну Аляксандр Задарожны. На той момант з оперупаўнаважаным спадарыня Алена ўжо была знаёмая, бо за плячыма мела два суды паводле артыкулу 23.34, на адным з іх сведчыў той самы сілавік:

«Лічу, што ён сведчыў супраць мяне ілжыва. Мяне судзілі за тое, што я стаяла з роварам у цэнтры гораду і размаўляла з мамаю майго вучня. На пытанне, чаму сведка палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, ён сказаў: «Я так вырашыў». Ягоны суб’ектыўны погляд падаваўся як нейкая рэчаіснасць».

12 лістапада Алена Пуцыковіч зрабіла ў тэлеграм-чаце «Іванава для жыцця» рэпост з «Чорнай кнігі Берасця», дзе казалася, што Аляксандр Задарожны «здымаў на камеру жанчын, якія пратэставалі з белымі і чырвонымі балонікамі ды кветкамі, а потым ілжэсведчыў у судзе супраць іх». Ажно ў лютым настаўніцы прамінулым днём паведамілі пра завядзенне крымінальнай справы паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу за той рэпост. Знайшлі і другога пацярпелага – начальніка Драгічынскага РАУС Юрыя Котыша.

«Я разумела, што гэтым павінна скончыцца. Муж яшчэ ў верасні казаў, што маё актыўнае выказванне грамадзянскай пазіцыі пастараюцца перапыніць. Я не хацела даваць нагодаў для крымінальных справаў: я законапаслухмяны чалавек і нічога незаконнага не рабіла і не збіраюся рабіць. Ёсць у мяне такое права – хадзіць па вуліцах гораду, у якім я жыву, без дазволу каго б ні было».

Алена Пуцыковіч разам з сяброўкамі. Фота з уласнага архіву

Тым не менш у канцы верасня спадарыні Алене паступіў званок ад работніка крымінальнага вышуку: мужчына запрапанаваў сустрэцца, але на просьбе выклікаць яе афіцыйна камунікацыя скончылася. У снежні раптам з’явіліся тры сілавікі з Берасця з намерам правесці ў настаўніцы ператрус, у выніку якога былі сканфіскаваныя два тэлефоны і ноўтбук.

«Я разумела, што ўсё ідзе да рэальнага абвінавачвання, але працягвала нармальна жыць і працаваць, бо ведаю, што ўсё будзе добра. Пракурор яшчэ ў верасні мне сказаў: «Калі вы ўжо спыніцеся?» Я адказала, што хіба калі ў нашай краіне ўсё наладзіцца».

Спадарыня Пуцыковіч меркавала, што «зверху аддалі каманду наказаць па ўсёй строгасці». Уся строгасць уключыла ў сябе таксама кампенсацыю за маральныя пакуты пацярпелым.

«Я не ведаю, як гэтыя пакуты замяраюцца. Можа, ёсць нейкае прыстасаванне? Я запытала пра гэта на судзе, але мяне толькі ўпікнулі ў некарэктнасці пытання. Лічу, каб даказаць свае маральныя пакуты, трэба падаць дакументы, якія пакажуць, як ты пакутаваў, па якую дапамогу медыкаў звяртаўся, як пагоршыўся стан здароўя. Тут жа ўсё было толькі на словах, таму я лічу, што ніякіх пакутаў у пацярпелых не было і блізка. Напэўна, яны проста пастанавілі паправіць сваё матэрыяльнае становішча за мой кошт. Мабыць, думаюць, што настаўнікі ў Беларусі добра зарабляюць».

Да абвінавачвання і прысуду спадарыня Алена ставіцца з іроніяй: «Панікі ў мяне абсалютна няма. Напэўна, загартавалася ў барацьбе. Я адчуваю сябе вельмі добра, бо сіла ў праўдзе. Мне сказалі, што за мной увесь народ, і я з гэтым згодная».

Даведка

Цяпер адвакаты працуюць над абскарджаннем прысуду, а Алена Пуцыковіч працягвае працаваць у школе: «З дзецьмі мне, безумоўна, давялося абмеркаваць гэтую тэму, бо я іх вучу і не магу не адказаць на іхныя пытанні. Я расказала ўсё як ёсць і патлумачыла, што сораму за сваю настаўніцу ў іх быць не павінна, бо я застаюся шчырым і сумленным чалавекам, проста некаму гэта не падабаецца. Пра мой суд ведае кожны жыхар Іванава, людзі здзіўляюцца, што я працягваю хадзіць і ўсміхацца. Але я раблю гэта не праз сілу – такая рэакцыя не штучная і можа стаць добрым прыкладам для астатніх, каб не баяліся».

Паводле спадарыні Алены, у свой час горад быў шакаваны тым, што ў ім ёсць жыхары, здольныя адкрыта выказваць сваю пазіцыю. Разам з паплечніцамі жанчына зазнала вялікае падтрыманне, у тым ліку фінансавае – на сплату штрафаў: «Але хоць у Іванаве і шмат неабыякавых, многія баяцца за наступствы. Зрэшты, хапае і смелых, якія не зважаюць на крэдыты, дзяцей і гэтак далей, не могуць сядзець пад венікам».

Алена Пуцыковіч разам з сяброўкамі. Фота з уласнага архіву

Ціску ад дырэкцыі школы настаўніца не адчула, хоць гутаркі, калі туды прыходзілі адпаведныя лісты зверху, праводзіліся: «Я адказвала, што ні ў чым не вінаватая, што мая краіна жыла і будзе жыць, што дабро заўсёды перамагае. Размовы пра маё звальненне вяліся хіба паміж калегамі: такія чуткі разышліся яшчэ перад новым годам, у мяне цікавіліся, праўда гэта ці не. У цэлым большасць калег мяне падтрымлівае, праўда, яны не могуць рабіць гэтага адкрыта. Ёсць і тыя, хто выказвае адрознае меркаванне, але іх сапраўды тры адсоткі, не больш».

Мяняць пазіцыю праз ціск Алена Пуцыковіч не збіраецца, а згадкі ў МУС ці праўладных тэлеграм-каналах успрымае як траплянне на дошку гонару: «Калі ў выніку абскарджання прысуд будзе пацверджаны, я павінная буду выконваць навязаныя мне правілы. Ну што ж, значыць, гэта будзе час, каб адпачыць, заняцца сваймі справамі і падрыхтавацца да будучыні. Мы ўсе выдатна ведаем, што ніхто з тых смелых і сумленных людзей, пазбаўленых волі на гады, поўны тэрмін адбываць не будзе».

Hавiны
Жанчыне прысудзілі год «хатняй хіміі» за каментар «вусаты таракан»
2021.04.23 11:35
Hавiны
Чатыры гады «хатняй хіміі» і прымусовае лячэнне за каментар пра Караева
2021.04.22 12:20

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў