Каб не было дэфіцыту, урад падумвае адмяніць сваю ж пастанову за 23 лютага


Асартымент тавараў у краме «Радзівілаўскі» ва Уруччы. Менск, Беларусь. 19 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Беларусі могуць змякчыць цэнавае рэгуляванне. Пра гэта 23 красавіка паведаміў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, перадае БелТА.

Пастанова ўраду 23 лютага № 100 прадугледжвае жорсткія захады рэгулявання цэнаў на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці. З 1 сакавіка штомесячнае змяненне цэнаў на іх не павінна перавышаць 0,2 % да цаны на гэтыя тавары на апошні дзень папярэдняга месяца.

Hавiны
«Лукашэнкаўская эканоміка рыхтуецца да калапсу». Вячорка пра забарону павышэння коштаў на базавыя тавары
2021.02.24 12:02

«Мы былі вымушаныя рэагаваць. Але для нас важна развязаць яшчэ адну задачу – забяспечыць наяўнасць на паліцах сацыяльна значных тавараў, асабліва імпартаваных. Напрыклад, наконт сланечнікавага алею мы пастанавілі дазволіць рост коштаў у межах 15 %, каб не застацца без гэтага тавару. Цяпер у нас няма праблемаў з запасамі ў гэтай пазіцыі», – падкрэсліў Андрэй Картун.

Цяпер, паводле яго, ва ўрадзе абмяркоўваюць магчымую адмену гэтай пастановы і пераход да больш ліберальных захадаў:

«Думаю, бліжэйшым часам мы агучым канкрэтную дату адмены гэтай пастановы. Будзем шукаць больш кампрамісныя механізмы».

Намеснік міністра мяркуе, што пасля адмены пастановы істотнага росту цэнаў не павінна быць:

«Мы будзем пільна сачыць за гандлем, каб не было злоўжывання. Будзем альбо працаваць у пунктавым рэжыме, альбо будзе пераходны этап: памяняем жорсткае рэгуляванне на больш ліберальнае, напрыклад, у гандлёвых надбаўках».

Hавiны
Урад забараніў падымаць кошты на некаторыя харчы і лекі
2021.02.24 08:49

Нагадаем, што ў спіс Савету Міністраў пра сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці, на якія дырэктыўна абмежавалі рост цэнаў, увайшлі 62 тавары і 50 лекаў. Сярод іх малако, хлеб, бульба, смятана, яблыкі, запалкі, рыба, соль, цукар-пясок, запалкі, а таксама аспірын, анальгін, каптапрыл, ксілін і эналапрыл.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў