BELPOL: Арыенціроўку па тэракце ў «Крокусе» рассылаюць па беларускіх РАУСах


Аб’яднанне беларускіх сілавікоў BELPOL атрымала інфармацыю, што ў аддзяленні ўнутраных справаў Беларусі з МУС Расеі паступаюць арыенціроўкі на падазраваных у здзяйсненні тэракту ў ГЗЦ «Крокус» у Падмаскоўі ўвечары 22 сакавіка.

BELPOL стала вядома, што расейскі МУС рассылаў арыенціроўкі на падазраваных у тэракце ў беларускія РАУСы.
Крыніца: BELPOL / Telegram

У арыенціроўцы паведамляецца, што нападнікаў было 3 – 4 чалавекі, яны, імаверна, мелі «каўказскую» знешнасць і пасля страляніны па людзях і падпалу канцэртнай залі з’ехалі на аўтамабілі «Рэно Сімбал» белага колеру з рэгістрацыйным нумарам Т688 УМ69.

Таксама ў арыенціроўцы ўказаныя дадзеныя нібыта «абгрунтавана падазраваных у здзяйсненні тэракту» людзей:

  • Фаізаў Рыважыдзін Закірджонавіч, 20.05.2004 г.н.;
  • Ісмонаў Рыважыдзін Ісломавіч, 25.09.1972 г.н.;
  • Файзаў Мухамад-Сабір Закірчонавіч, 20.05.2004 г.н.;
  • Насрыдзінаў Махмадрасуд Зарабідзінавіч, 21.07.1986 г.н.;
  • Сафалзада Шахінджані Абдугафор, 28.07.2002 г.н.;
  • Назараў Рустам Ісраілавіч, 02.01.1995 г.н.

Акрамя таго, МУС аддаў загад узмацніць нарады ДАІ ў памежных з Расеяй вобласцях аўтаматамі АКС-74У.

BELPOL звяртае ўвагу, што па форме арыенціроўка з МУС РФ накіроўваецца беларускім міліцыянтам не як прадстаўнікам іншай дзяржавы, якую просяць аб дапамозе, а як падначаленым, якім даецца загад.

Тым часам, падобна на тое, што гэтыя арыенціроўкі – фэйкавыя. Прынамсі, яны былі часткова зняпраўджаныя.

Пасля таго як спецслужбы РФ паведамілі што ўсе тэрарысты былі затрыманыя ў Бранскай вобласці, дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн заявіў, што ў іхным аўтамабілі знайшлі пашпарты грамадзянаў Таджыкістану.

У МЗС Таджыкістану адразу заявілі, што не атрымлівалі ад афіцыйных уладаў Расеі пацверджання інфармацыі аб датычнасці грамадзян Таджыкістану да тэракту. Пазней у МУС Таджыкістану паведамілі, што два чалавекі з арыенціровак, якія былі распаўсюджаныя расейскімі медыямі, з лістапада знаходзяцца на тэрыторыі Таджыкістану. Іх імёны Рыводжыдзін Ісламаў і Махмадрасул Насрыдзідзінаў.

Hавiны
Медыі: затрыманыя тэрарысты – грамадзяне РФ
2024.03.23 14:17

Як высветліла выданне ASTRA, яшчэ адзін чалавек з арыенціровак, Рустам Назараў, працуе таксістам у Самары. У момант тэракту вячэраў з бацькамі, а затым падвозіў на сваім аўтамабілі сястру. Ён сам з’явіўся ў аддзел паліцыі і заявіў аб сваёй невінаватасці, калі ўбачыў фота ў медыях. Яго родныя пацвердзілі, што Назараў увесь гэты час быў з імі.

Telegram-канал «112» паведамляе са спасылкай на ўласныя крыніцы, што насамрэч усе затрыманыя – грамадзяне Расейскай Федэрацыі. МУС Расеі працягвае сцвярджаць, што ўсе затрыманыя па падазрэнні ў тэракце – замежныя грамадзяне. Адзін з затрыманых заявіў, што прыляцеў з Турцыі 4 сакавіка.

На відэа допытаў затрыманых, якія публікуюць у сеціве, бачна, што гэтыя людзі вельмі кепска размаўляць на расейскай мове. Адзін з затрыманых кажа на камеру, што жыў у гостэле на Дзмітраўцы з земляком Мухамадам. Працы не было, але тут на іх у мэсэнджары выйшаў нейкі Абдула. Гэта Абдула нібыта і прапанаваў учыніць напад на «Крокус». Другі затрыманы сцвярджае, што за тэракт ім нібыта абяцалі па 500 тысяч расейскіх рублёў кожнаму.

Увечары 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе быў запланаваны выступ гурту «Пікнік», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і распачаўся вялікі пажар.

Паводле апошніх звестак уладаў РФ, у выніку тэракту загінулі 133 чалавекі. Па колькасці загінулых напад стаў другім найбуйнейшым тэрактам у РФ пасля нападу на школу ў Беслане 1 верасня 2004 года, калі, паводле афіцыйных звестак, загінулі 334 чалавекі.

Hавiны
Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» выпусціла пашыраную заяву ў сувязі з тэрактам у Падмаскоўі
2024.03.23 17:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў