Два набліжаныя да Пуціна расейскія палітыкі зніклі з публічнай прасторы


Набліжаныя да Уладзіміра Пуціна палітыкі Анатоль Чубайс і Сяргей Шайгу зніклі з публічнай прасторы.

Так, на публіцы ўжо 12 дзён не з’яўляецца міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Пра яго няма звестак з 11 сакавіка, а ў навінах паказваюць старыя кадры з ягоным удзелам і выдаюць за новыя.

Сяргей Шайгу.
Фота: Прэс-служба Мінабароны РФ

Паводле інфармацыі «Агентства», у асяроддзі Шайгу абмяркоўваюць, што ён не здаровы і мае праблемы з сэрцам.

Таксама стала вядома, што найбліжэйшы прыхільнік Пуціна Анатоль Чубайс звольніўся з пасады спецпрадстаўніка прэзідэнта Расеі ў пытаннях устойлівага развіцця. Гэтую інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, сказаўшы, што ён пакінуў пасаду на ўласнае жаданне.

«З’ехаў, не зʼехаў – гэта ягоная асабістая справа», – дадаў ён пра Чубайса.

Анатоль Чубайс.
Фота: news.dialog.ua

Публічна Чубайс ніяк не асудзіў вайну, якую развязаў Пуцін супраць Украіны. Аднак 27 лютага, праз тры дні пасля пачатку вайны, ён апублікаваў фота забітага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, які быў заўзятым крытыкам Пуціна. 19 сакавіка ён апублікаваў пост да гадавіны смерці аўтара расейскіх эканамічных рэформаў 1990-х Ягора Гайдара: «У нашых спрэчках аб будучыні Расеі я не заўсёды з ім згаджаўся. Але, падобна, Гайдар разумеў стратэгічныя рызыкі лепш, чым я, а я не меў рацыі».

Паводле звестак крыніц Bloomberg, Чубайс звольніўся з-за нязгоды з вайной Расеі ва Украіне і зʼехаў з краіны. Паводле выдання «Коммерсант», Чубайса бачылі ў Стамбуле.

Hавiны
Польшча рыхтуецца выслаць 45 расейскіх дыпламатаў за шпіянаж
2022.03.23 12:09

АД belsat.eu

Стужка навінаў