Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заклікаў Макея вызваліць усіх палітвязняў


Дарадца Дзярждэпартамэнту ЗША Дэрэк Шале 22 сакавіка пагутарыў з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем пра сітуацыю ў Беларусі і цяперашні стан двухбаковых адносінаў паміж ЗША і Беларуссю.

У размове Шале (Derek Chollet) звярнуў увагу міністра на неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх без выключэння палітычных зняволеных у Беларусі, асабліва адзначыўшы тэрміновасць справы кансультанта радыё «Свабода» Ігара Лосіка.

Дэрэк Шале.
Фота: Evan Vucci / AP

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў пра рашучае падтрыманне Злучанымі Штатамі прапаноў сапраўднага дыялогу з лідарамі пратэставага руху, вынікам якога мае быць правядзенне ў гэтым годзе свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Таксама бакі абмеркавалі абмен амбасадарамі, які мае адбыцца паміж ЗША і Беларуссю, адзначыўшы, што гэтыя сувязі пойдуць на карысць абедзьвюм краінам.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў