Карэспандэнт «Газеты Слонімскай» не вярнуўся з допыту ў міліцыі. У яго кватэры прайшоў ператрус


Учора, 22 сакавіка, ўласны карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позве на допыт у міліцыю на 11 гадзін. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Іосіф пайшоў у міліцыю на 11 гадзін, а ўжо ў 12 прыехала міліцыя з ператрусам. Паказалі санкцыю пракурора», – распавяла жонка Язэпа Ларыса Васільеўна.

Пад час ператрусу з міліцыянерамі былі двое панятых. Яны паглядзелі паперы, кнігі, часопісы. Забралі сістэмны блок камп’ютара, мабільны тэлефон, які журналіст пакінуў дома, сканер, фотаапарат. Калі жонка запытала, ці вернецца муж дамоў, то сказалі, што вернецца. Але вечарам, калі яна пазваніла дзяжурнаму і спытала, дзе муж, дзяжурны адказаў, што ён будзе сёння начаваць у іх у міліцыі. Больш ёй нічога не сказалі.

Язэп Палубятка.
Фота: Радыё Рацыя

У позве з міліцыі, якую на кватэру Палубяткі прынёс 19 сакавіка капітан міліцыі Мастоўскага РАУС Павел Сівец, не было сказана ў якасці каго Палубятку выклікаюць на допыт. З гэтай нагоды Язэп Палубятка напісаў заяву начальніку мастоўскай міліцыі і раённаму пракурору.

Вусна капітан Сівец патлумачыў, што гэта звязана з публікацыямі Палубяткі ў тэлеграм-каналах. Сам Палубятка заявіў, ён ніколі нічога не пісаў ні ў якія Тэлеграм-каналы, а на яго камп’ютары і тэлефоне нават не ўсталяваны месенджар Telegram.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў