Бабарыку не далі звярнуцца да суда. Адвакат: «Я ўпершыню такое бачу»


Першы дзень суда ў справе Віктара Бабарыкі і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Суд Маскоўскага раёну Менску. 17 лютага 2021 г.
Фота: БелТА

Сёння, 23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягнулі разглядаць «справу «Белгазпрамбанку». На пачатку паседжання Віктар Бабарыка хацеў звярнуцца да суда, але суддзя яму гэтага не дазволіў, як не дазволіў і перадаць зварот у пісьмовай форме.

Гэтую сітуацыю Віктар Бабарыка і ягоны адвакат Дзмітрый Лаеўскі расцанілі як тэндэнцыйнасць і хадайнічалі аб адводзе суддзі. Усе абвінавачваныя, акрамя Віктара Бабарыкі, заявілі, што пакідаюць гэтае пытанне на разгляд суда.

Суддзя адхіліў хадайніцтва і заявіў, што іншыя нават не будзе разглядаць. А сярод адхіленых зваротаў Лаеўскага была і просьба выклікаць пэўных сведкаў, каб тыя паспелі прыехаць у суд і даць свае паказанні.

«Наколькі я разумею, суд увогуле не будзе дазваляць ні Віктару Бабарыку, ні ягоным абаронцам звяртацца ў вуснай ці пісьмовай форме. Насамрэч сустракаю такое ўпершыню», – кажа Дзмітрый Лаеўскі.

Што было ў звароце Віктара Бабарыкі, пакуль дакладна не вядома.

«Віктар Дзмітрыевіч хацеў звярнуць увагу суда на істотныя акалічнасці, якія суду і іншым удзельнікам трэба ведаць на дадзеным этапе», – кажа Дзмітрый Лаеўскі.

Падчас судовага паседжання адзін з падсудных пачаў даваць сведчанні ў справе. А адзін з наведнікаў гучна падтрымаў Бабарыку і нагадаў суддзям, што іх будуць судзіць той жа мерай, якой судзяць і яны. На гэта большасць прысутных у зале адказала апладысментамі.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў