Ці параўнальная баявая магутнасць Беларусі і суседніх краінаў?


Міністр абароны Віктар Хрэнін ва ўрачыстай прамове, прымеркаванай да так званага Дня абаронцаў Айчыны, заявіў, што беларуская армія няспынны мадэрнізуецца і гатовая збіваць самалёты NATO, калі гэта спатрэбіцца. «Мы, наш народ і дзяржава ніколі не былі так абаронены, як цяпер», – заявіў міністр. Belsat.eu вырашыў прааналізаваць стан арміі Беларусі і параўнаць з арміямі суседніх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдат вайскова-паветраных сілаў Беларусі. Менск, Беларусь. 26 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

У рэйтынгу «Global Firepower» Беларусь па сукупнай баявой магутнасці займае 64-е месца са 145-ці. Пазіцыі беларускай арміі за апошнія гады пагоршыліся – у 2022-м аналітыкі ставілі яе на 52-е месца. Пры гэтым Украіна цяпер займае ў рэйтынгу «Global Firepower» 18-е месца, Польшча – 21-е месца, Літва – 88-е месца, Латвія – 99-е.

Колькі ў арміі Беларусі жаўнераў

На канец 2021 года колькасць беларускай арміі складала амаль 65 тыс. чалавек. З іх прыкладна 20 тыс. асобаў – цывільны персанал.

Аляксандр Лукашэнка ў снежні 2021-га абяцаў павялічыць колькасць Узброеных сілаў на 5 тыс. чалавек «пры неабходнасці», а ў лютым 2023 года заявіў, што колькасць арміі Беларусі складае ўжо 75 тыс. чалавек. Аднак, хутчэй за ўсё, гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасці. Па-першае, няма звестак, якія б указвалі на істотнае павелічэнне колькасці арміі (пашырэнне прызыву, стварэнне новых падраздзяленняў і г.д.). Па-другое, словы Лукашэнкі абвяргаюць у Мінабароны. Начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы, памочнік міністра палкоўнік Валерый Равенка заявіў восенню 2023 года, што павелічэнне колькасці Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь не адбываецца. «У нас было 65 тысяч, дык яно і засталося», – падкрэсліў ён.

Паводле заявы міністра абароны Віктара Хрэніна, Узброеныя сілы прыкладна на 60 % складаюцца з кантрактнікаў. Праверыць гэтую лічбу цяжка, аднак яна можа адпавядаць рэчаіснасці. Хутчэй за ўсё, гэты адсотак фармуецца ў асноўным за кошт афіцэраў і прапаршчыкаў, якія апрыёры прызыўнікамі тэрміновай службы быць не могуць. Па стане на 2019 год ва УС Беларусі служылі 14,5 тысяч афіцэраў і 6,8 тысяч прапаршчыкаў, плюс каля 6 тысяч салдат і сяржантаў на кантракце. Кожную восень і вясну ў войска прызываецца прыкладна па 10 тыс. беларусаў. Мяркуецца, што столькі ж мусіць адначасова дэмабілізоўвацца.

Колькі жаўнераў у войсках суседзяў

Сярод суседзяў Беларусі (натуральна, акрамя РФ) самая вялікая па колькасці армія цяпер у Украіны, якая ўжо два гады змагаецца з поўнамаштабным уварваннем. Паводле заяваў украінскага кіраўніцтва, колькасць ЗСУ па стане на канец 2023 года складала 800 тысяч чалавек, у тым ліку каля 600 тысяч служылі ў Сухапутным войску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія салдаты ўсталёўваюць агароджу на польска-расейскай мяжы ў Калінінградскай вобласці, Польшча. 3 лістапада 2022 года.
Фота: Wojtek Radwanski / AFP / East News

Восенню 2023 года міністэрства абароны Польшчы паведаміла, што колькасць польскага войска складае 186 тыс. чалавек. У гэтую лічбу ўваходзяць не толькі дзейныя вайскоўцы ўзброеныя сілаў, але таксама байцы тэрытарыяльнай абароны, добраахвотніцкай вайсковай службы (dobrowolna zasadnicza służba wojskowa) і кандыдаты на службу па кантракце (kandydatów na żołnierzy zawodowych). За вылікам гэтых катэгорыяў колькасць Войска Польскага ацэньвалася ў лютым 2023 года ў 125,7 тысяч. Так ці інакш польская кантрактная армія больш чым у 2,5 разы перавышае па колькасці беларускую. У планах Польшчы – давесці колькасць войска да 300 тысяч байцоў (з іх 50 тысяч – тэрабарона).

Колькасць Узброеных сілаў Літвы ацэньваецца цяпер у 23 тысячы дзейных вайскоўцаў і каля 28 тысяч актыўных рэзервістаў (гэта рэзервісты, якія рэгулярна праходзяць праз вайсковыя зборы). У 2015 годзе ў Літве быў адноўлены прызыў на тэрміновую вайсковую службу. Штогод у войска прызываюць каля 3800 чалавек.

Узброеныя сілы Латвіі ў 2024 годзе мусяць скласці 7828 прафесійных вайскоўцаў і каля 10 тысяч зэмэссаргаў (апалчэнне). Летась у Латвіі вярнулі абавязковы прызыў у войска.

Колькі зброі ў Беларусі

Расейскі Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў у сваім дакладзе за 2020 год адзначаў, што ў Беларусі на ўзбраенні застаюцца 1276 танкаў, прычым больш за 800 з іх закансерваваныя. Гаворка ідзе пра танкі Т-72 у асноўным састарэлых мадыфікацыяў, а мадэрнізаваных Т-72Б3 у Беларусі вельмі мала.

У 2022 годзе Беларусь перадала Расеі каля сотні танкаў Т-72А – імаверна, яны былі накіраваныя на вайну ва Украіну. Акрамя таго, тэхнічны стан шматлікіх закансерваваных машынаў выклікае пытанні. Таму праект «Global Firepower» ацэньвае колькасць танкаў, рэальна гатовых да выкарыстання, усяго ў 336 адзінак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковы парад у Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

Артылерыя таксама ў асноўным засталася з савецкіх часоў. Праўда, тут ёсць выключэнні – на ўзбраенні беларускага войска ёсць РСЗА «Паланэз», створаная ў 2015 годзе з выкарыстаннем кітайскіх тэхналогіяў. Як сцвярджаецца, гэтыя сістэмы здольныя біць на адлегласць 200 км, а асобнымі снарадамі на 300 км. Але «Паланэзаў» у Беларусі няшмат – паводле розных ацэнак, іх усяго 4–6.

Віктар Хрэнін у прамове прымеркаванай да 23 лютага заявіў, што «бесперапынна абсталёўваюцца новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення». Паводле міністра, летась Беларусь нібыта атрымала на ўзбраенне аж 200 узораў.

Ад Расеі Беларусь атрымала дывізійныя камплекты аператыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр», палкавы камплект ЗРК С-400 і камплект зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2». Таксама РФ перадала беларускай арміі больш сучасныя бронетранспарцёры БТР-82А і БТР-80К. Паводле звестак «Беларускага Гаюна», усяго цягам 2021-23 гг. Беларусь атрымала тры батальённыя камплекты БТР-82А (кожны камплект – 30-40 машынаў).

Паводле праекту «Global Firepower», у Беларусі гатовыя да выкарыстання 20 знішчальнікаў, 28 штурмавікоў і 14 ударных верталётаў. Вядома, што ў 2023-м Расея перадала Беларусі чатыры верталёта Мі-35м. Хрэнін анансуе, што сёлета беларускае войска атрымае яшчэ адну партыю гэтых верталётаў. Акрамя таго, чакаецца пастаўка знішчальнікаў Су-30СМ. Праўда, раней заяўлялася, што ўсе Мі-35М і Су-30СМ Беларусь атрымае яшчэ ў 2023 годзе.

Цяпер у Беларусі ёсць чатыры знішчальнікі Су-30СМ і гэта найноўшыя самалёты вайскова-паветраных сілаў краіны. Галоўная праблемай беларускай авіяцыі з’яўляецца састарэласць тэхнікі: у Мінабароны прызнаюць, што самалёты МіГ-29 (асноўны знішчальнік беларускіх ВПС) падыходзяць да рысы, калі іх рэсурс будзе цалкам выпрацаваны.

Кіраўніцтва Мінабароны таксама падкрэслівае, што краіна знаходзіцца пад абаронай расейскай тактычнай ядравай зброі, якая размешчана ў Беларусі. Аднак кантроль за гэтай зброяй застаецца ў Масквы.

Аналітыка
Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы
2023.07.24 18:33

Колькі зброі ў суседзяў

Польскія сухапутныя войскі на пачатак 2022 года мелі 797 танкаў. Каля 325 з іх палякі перадалі ЗСУ. Таксама Украіне былі перададзены 14 з 28 знішчальнікаў самалётаў МіГ-29, што былі на ўзбраенні польскіх ВПС.

Паралельна Польшча распачала маштабную кампанію пераўзбраення сваіх войскаў. Агулам Польшча замовіла 1366 танкаў – паўднёвакарэйскіх К2 і амерыканскіх «Абрамсаў». Як піша «The Telegraph», калі гэтая праграма пераўзбраення будзе выканана, польская армія будзе мець самыя вялікія бронетанкавыя сілы ў Еўропе.

Таксама праграма пераўзбраення прадугледжвае закупы 600 самаходных гаўбіц K9A1 (Паўднёвая Карэя), 18 пускавых установак HIMARS з 9000 ракетамі (ЗША), 288 сістэм MRL K239 Chunmoo з Паўднёвай Карэі, звыш за 1000 БМП «Барсук» польскай вытворчасці, 96 амерыканскіх верталётаў Apache, 32 амерыканскіх знішчальніка F-35 і 48 самалётаў FA-50 (Паўднёвая Карэя).

Праўда, пакуль Польшча валодае значна больш абмежаванымі арсеналам. Паводле праекту «Global Firepower», у іх 459 гатовых да выкарыстання танкаў, 44 знішчальнікі, 26 штурмавікоў/бамбавальнікаў і 23 ударныя верталёты. Тым не менш, нават без поўнага пераўзбраення Польшча пераўзыходзіць па гэтых паказніках Беларусь.

Аналітыка
Месца, дзе можа распачацца вайна Расеі і NATO. Тлумачым, што такое сувальскі калідор
2023.08.04 08:00

Літва і Латвія маюць вельмі сціплы арсенал узбраення. Напрыклад, уласных танкавых падраздзяленняў у іх пакуль зусім няма: цяпер літоўскі ўрад толькі плануе стварэнне танкавага батальёну, які будзе сфармаваны з нямецкіх «Леапардаў». Вайскова-паветраныя сілы Літвы і Латвіі не маюць уласных знішчальнікаў, штурмавікоў і ўдарных верталётаў.

Праўда, гэты факт не азначае, што яны амаль безабаронныя. Краіны Балтыі, як і Польшча, з’яўляюцца сябрамі NATO і іх абарона – праблема ўсяго Альянсу. Чальцы NATO, якія валодаюць патрэбнымі сродкамі ВПС, на аснове ратацыі займаюцца патруляваннем паветранай прасторы Балтыі з 2004 году. На літоўскай авіябазе ў Шаўляі размешчаны знішчальнікі саюзнікаў.

Увогуле, у адпаведнасці з новаю мадэллю разгортвання сілаў хуткага рэагавання, зацверджанай на саміце Альянсу ў Мадрыдзе ў чэрвені 2022 года, пры неабходнасці NATO можа перакінуць на небяспечны кірунак да 300 тысяч жаўнераў (замест 40 тысячаў, як планавалася раней). Мяркуецца, што 100 тысяч вайскоўцаў перадыслакуюць цягам 10 дзён, яшчэ 200 тысяч – за 10–30 дзён. Прынамсі, так гэта выглядае ў тэорыі.

Аналітыка
Чым адметныя самалёты F-16 і ці здолеюць змяніць хаду вайны?
2023.08.30 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў