Канада, Японія і Аўстралія ўвялі санкцыі супраць Расеі


Канада, Японія і Аўстралія далучыліся да ЗША, Вялікабрытаніі і Еўразвязу, якія ўвялі санкцыі супраць Расеі пасля прызнання Уладзімірам Пуціным незалежнасці ДНР і ЛНР, паведамляе Zerkalo.io.

Канада пра ўвядзенне санкцыяў супраць Расеі абвесціла ў заяве, размешчанай на сайце свайго ўраду.

«Канада і Украіна з’яўляюцца пастаяннымі партнёрамі і блізкімі сябрамі. Мы безумоўна асуджаем дзеянні Расеі. Яны прадстаўляюць сабой абуральнае парушэнне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны і дэманструюць абуральнае грэбаванне міжнародным правам», – гаворыцца ў заяве канадскага ўраду.

Hавiны
Еўразвяз увёў санкцыі супраць Расеі
2022.02.22 21:52

На сайце канадскага ўраду таксама пералічваюцца санкцыі, якія краіна ўводзіць супраць Расейскай Федэрацыі:

  • абмежаванні ў дачыненні дэпутатаў Дзярждумы РФ, якія галасавалі за прызнанне незалежнасці самаабвешчаных рэспублік;
  • забарона для канадцаў на любыя здзелкі на тэрыторыях так званых ДНР і ЛНР;
  • забарона на наўпроставыя і ўскосныя здзелкі, звязаныя з суверэнным доўгам Расеі;
  • санкцыі супраць двух буйных расейскіх банкаў.

Акрамя таго, Канада накіруе дадатковыя ваенныя сілы для ўмацавання абароназдольнасці НАТО ў Еўропе. Туды будуць адпраўленыя яшчэ 460 вайскоўцаў у дадатак да 800, якія ўжо маюцца, пры неабходнасці будуць задзейнічаныя яшчэ 3400. У Латвію будуць накіраваныя артылерыйскія ўзбраенні. Таксама ў Еўропу накіруюць яшчэ адзін марскі фрэгат, перададуць пад камандаванне НАТО патрульны самалёт далёкага дзеяння СР-140 Aurora.

Канада працягне працаваць над далейшымі больш жорсткімі санкцыямі.

«Санкцыі і дадатковая вайсковая падтрымка, пра якія мы абвяшчаем сёння, – гэта першы крок, які Канада зробіць, каб спыніць неабгрунтаваную агрэсію Расеі. Дзеянні Расеі будуць мець сур’ёзныя наступствы, – падкрэсліў прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо.

Hавiны
ЗША і Вялікая Брытанія ўводзяць санкцыі за прызнанне «ЛНР» і «ДНР»
2022.02.22 09:04

Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан таксама абвесціў пра ўвядзенне краінай санкцыяў. Пакуль што яны кропкавыя і накіраваныя супраць асобаў, адказных за парушэнне міжнароднага права, аднак калі гэта не дасць выніку, будуць задзейнічаныя больш шырокія меры.

У прыватнасці, Аўстралія ўводзіць адрасныя фінансавыя санкцыі і забарону на ўезд для васьмі чальцоў Савету бяспекі Расеі. Больш шырокія санкцыі будуць уведзеныя непасрэдна супраць ДНР і ЛНР. Яны закрануць транспарт, энергетыку, тэлекамунікацыі, нафту, газ, карысныя выкапні, некалькі расейскіх банкаў.

Таксама Скот Морысан паабяцаў падтрымку Украіне. Ён даручыў разгледзець заявы ўкраінскіх грамадзянаў на аўстралійскія візы ў прыярытэтным парадку і аказаць дапамогу ўкраінцам, якія будуць вымушаныя пераехаць.

Аб’ектыў
Расейскія вайскоўцы афіцыйна ўварваліся на тэрыторыю Украіны
2022.02.22 22:31

Пра санкцыі супраць Расеі, ЛНР і ДНР абвесціў таксама прэм’ер-міністр Японіі Фуміо Кісіда, паведамляе Reuters. Японія забараняе выдачу візаў асобам, звязаным з самаабвешчанымі рэспублікамі, замарожвае іхныя актывы, таксама забараняе экспарт і імпарт паміж Японіяй і гэтымі тэрыторыямі і зварот расейскіх аблігацыяў у Японіі.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў