23 цікавыя факты пра «World of Tanks»


«World of Tanks» – бясспрэчна самая вядомая відэагульня з Беларусі. Гульня «Wargaming» можа паспрачацца ў сусветнай вядомасці з EPAM і «Viber». Гэта ведаюць усе, а ніжэй – 23 рэчы, якіх вы можаце не ведаць.

Кадр з відэагульні «World of Tanks». Выява: wargaming.net

Сучасныя беларусы пакуль удзельнічаюць, на шчасце, толькі ў віртуальных танкавых баях. Таму ў савецкае свята абаронцаў айчыны «Белсат» расказвае пра «World of Tanks» – пра танкі, якія праславілі Беларусь самым мірным шляхам.

1. «Танкам» хутка будзе 12 гадоў, але версія 1.0 выйшла менш як чатыры гады таму. Гульню «World of Tanks» афіцыйна запусцілі 12 жніўня 2010 года. Але насуперак традыцыям распрацоўкі гульняў, афіцыйна выдалі версію не пад нумарам 1.0, а ў версіі 0.5.3 – нумар уласцівы «чарнавым» версіям, але гульня была цалкам функцыянальная. Шмат гадоў яна абнаўлялася ў «нулявой версіі». А версію 1.0 выдалі толькі ў сакавіку 2018 года – на новым графічным рухавіку і з новым саўндтрэкам.

2. Да «танчыкаў» рабілі стратэгіі. Сама кампанія «Wargaming» была заснаваная ў 1998 годзе, першую гульню выдала ў 2000-м: гэта была стратэгія «DBA Online» з «гістарычна дакладнымі» ваярамі ад старажытнага Егіпту да XV стагоддзя. Потым была ваенная стратэгія пра далёкую будучыню «Massive Assault», потым дзве стратэгіі пра Другую сусветную вайну і стратэгія «Населены востраў» паводле раману братоў Стругацкіх – і гэта ўсё да «танкаў».

3. «World of Tanks» двойчы перакладалі на беларускую мову. Неафіцыйны пераклад «World of Tanks» на беларускую зрабіла ў 2013 годзе таварыства «RэZэрвацыЯ», а афіцыйны пераклад з’явіўся ў 2016-м.

4. У гульні пад паўтысячы танкаў і самаходных артылерыйскіх установак. Машыны часоў Другой сусветнай вайны ёсць ад 11 нацыяў, у іх ліку і прататыпы, якія не ўдзельнічалі ў рэальных баях. А ў кансольнай «World of Tanks: Modern Armor» ёсць яшчэ і тэхніка часоў Халоднай вайны.

5. «Самалёты» і «караблі» распрацавалі не ў Беларусі. «World of Warplanes» зрабіла кіеўская «Persha Studia», а «World of Warships» – піцерская «Lesta Studio». А «Wargaming» – фармальна кіпрская кампанія з офісамі ад Еўропы да ЗША, Аўстраліі і Японіі. Летась кіеўскі офіс быў паводле колькасці супрацоўнікаў пятым ва Украіне сярод распрацоўнікаў гульняў.

6. У «танчыках» ёсць Менск, але незвычайны. Хоць дзеянне «World of Tanks» адбываецца ў часы Другой сусветнай, згуляць можна і ў лакацыях кшталту постапакаліптычнага Харкава або цэнтру Менску 1970-х: там ужо можна пазнаць сучасную плошчу Перамогі і пабачыць сучасныя назвы вуліц, але біцца там будуць танкі 1940-х і ранейшых гадоў.

7. Ёсць мабільныя «танкі», настольныя і коміксныя. Акрамя мабільнай версіі «World of Tanks Blitz» была яшчэ і картачная гульня «World of Tanks Generals», у якую можна было гуляць на камп’ютарах і тэлефонах (у 2016 годзе распрацоўку спынілі), і мабільны «Танкавы біятлон». Па-ранейшаму прадаецца настольная гульня «World of Tanks» і комікс па матывах «танчыкаў».

8. «Танчыкі» ў космасе? Акрамя «World of…» кампанія «Wargaming» выдае і іншыя гульні, самыя вядомыя з якіх – пакрокавая касмічная стратэгія «Master of Orion: Conquer the Stars», распрацаваная аргентынцамі, і стратэгія ў антычнасці «Total War: Arena» ад брытанскай студыі і ролевая фэнтэзійная «Pagan Online» ад сербаў. У «Master of Orion» танкі ў космас не запускалі, але мадэльку танка аднойчы запусцілі ў стратасферу.

9. Распрацоўнікі судзіліся не з тым канкурэнтам, пра якога можна было б падумаць. Галоўным канкурэнтам «World of…» лічылася расейская гульня «War Thunder» – расейскі ўмоўна бясплатны авіясімулятар, які з цягам часу «аброс» наземнай тэхнікай, у тым ліку танкамі. Але гэта не клон беларускай гульні. Клон у 2013 годзе зрабілі кітайцы, на якіх «Wargaming» падавала ў суд (пра вынікі не пісалі). А зімой 2020-21 «Wargaming» прайграла ў беларускім і амерыканскім судзе сваім былым супрацоўнікам, якіх вінаваціла ў выкарыстанні свайго рухавіка для іхнай новай гульні.

10. Пік папулянрасці мінуў, але ў «танчыкі» яшчэ шмат гуляюць. Паводле неафіцыйнай статыстыкі, на тыдзень у «World of Tanks» гуляюць на расейскім серверы 2-3 мільёна чалавек, яшчэ 600-900 тысяч на еўрапейскім, 120-150 тысяч на амерыканскім і 90-110 тысяч на серверы Паўднёва-Заходняй Азіі.

11. Магчыма, гэта любімая гульня расейцаў і караля Іярданіі. У 2021 годзе 18,1 % апытаных расейцаў казалі, што за апошні год гулялі ў «World of Tanks», тады як у «Need for Speed», «Minecraft» і «FIFA» гулялі па 11-12 %. Праўда, апытанне праводзілі супольна з «Wargaming». А ў 2013 годзе прадстаўнікі «Wargaming» распавядалі, што кароль Іярданіі Абдала ІІ гуляе ў «танчыкі» на еўрапейскім серверы і мае някепска «раскачаны» акаўнт.

Кадр з відэагульні «World of Tanks». Выява: wargaming.net

12. «World of Tanks» двойчы ўзнагароджвалі «Залатым джойстыкам» ў намінацыі «Яшчэ гуляем». Такія ўзнагароды адной з самых папулярных прэміяў у відэагульнях «танчыкі» атрымалі ў 2018 і 2019 гадах. У 2012 годзе яны былі «гульнёй года» ў намінацыі «масавыя онлайн-гульні» і ў 2013-м – «найлепшай онлайн-гульнёй».

13. Гульня шмат разоў трапляла ў «Кнігу рэкордаў Гінэс». Першы раз – у 2011 годзе з рэкорднай 91 тысячай гульцоў на адным серверы. Потым фіксавалі і большыя рэкорды на серверы і на серверным кластары, і рэкордна высокі прыбытак на гульца для бясплатнай онлайн-гульні (2014 год). У «Кнізе» ёсць запіс пра тое, што гэта першая масавая онлайн-гульня пра танкавыя бітвы, і рэкорды гульцоў, як то рэкордная колькасць бітваў у гульні, найлепшыя суадносіны перамогаў і паразаў і г.д.

14. На «танках» усё яшчэ зарабляюць шмат. На пачатак мінулага года сярод камп’ютарных гульняў яна была на 9 месцы ў прыбытках і нават абагнала стралялку «Fortnine» (тая, праўда, значна больш за «танкі» зарабіла на кансолях). Многія гуляюць бясплатна, сярэднестатыстычны гулец выдаткоўвае на год пару долараў, але гульцоў шмат.

Кадр з відэагульні «World of Tanks». Выява: wargaming.net

15. «Wargaming» ацэньвалі ў $1,5 млрд. Ды гэта было ў 2016 годзе, з таго часу вартасць кампаніі магла змяніцца, а на біржы ейныя акцыі не прадаюцца. Заснавальнік кампаніі Віктар Кіслы – самы паспяховы і ўплывовы бізнесовец Беларусі ў 2021 годзе (паводле ацэнак часопісу «Ежедневник»).

16. За крадзеж віртуальнага танка можа быць крымінальная справа. Пра першую такую справу стала вядома ў 2014 годзе – беларуская міліцыя ўзялася расследаваць крадзеж акаўнту ў «World of Tanks». А ў канцы 2021 года ў Расеі пачалі судзіць хакера за незаконнае ўмяшальніцтва ў гульню: стварэнне праграмы, якая давала несправядлівыя перавагі над праціўнікам.

17. Гульню рэкламавалі Чак Норыс, Арнольд Шварцэнэгер, Джанлуіджы Буфон… І шмат іншых. Але са славутасцямі аднойчы здарылася праблема: калі ў менскі офіс прыехаў герой мэма «Гаральд, які хавае боль», супрацоўнікі выклалі фота з ім, а толькі пасля даведаліся, што гэта было забаронена – іх звольнілі.

18. «Танкалёты» яшчэ лётаюць, а «ТанкаБелАЗ» так і не прадалі. «Белавія» мае два самалёты, брэндаваныя пад «World of Tanks» (рэгістрацыйныя нумары EW-254PA і EW-400PO). Але авіякампанія вельмі абмежаваная ў палётах праз захоп Беларуссю рэйсу «Ryanair», таму «танкалёты» лётаюць пераважна між Менскам і Масквой, часам у іншыя краіны былога СССР і ў Стамбул. У 2019 годзе пад «World of Tanks» брэндавалі таксама самазвал БелАЗ, выставілі яго на продаж за 1,2 млн долараў, але машыну ніхто не купіў. Але любоў да БелАЗаў у «танчыкаў» даўняя: яшчэ на 1 красавіка 2010 года яны ў жарт анансавалі гульню «World of BelAZ».

19. Распрацоўнікі «танкаў» любяць добрую музыку. Напрыклад, песні пра «World of Tanks» запісвалі славутыя металісты «Sabaton» са Швецыі, «Korn» з ЗША і беларускія «Gods Tower», музыку для гульні пісалі ў тым ліку вядомы японскі кампазітар Акіра Ямаока і беларускі этна-электронны гурт «Shuma», а «World of Warplanes» рэкламаваў аж сам вакаліст каралёў брытанскага хэві-металу «Iron Maiden». На «Дзень танкіста» ў апошні год перад пандэміяй гралі «The Offspring», «Воплі Відоплясова» і «Крамбамбуля». А яшчэ ў «танках» гучыць «Купалінка» – дзякуючы кампазітару з Пружанаў. Праўда, берасцейцы «Дай дарогу!» крытычна выказваліся пра гульцоў у «танчыкі».

20. Стваральнікі «танкаў» заснавалі дзве з паловай палітычныя партыі. У 2017 годзе адзін з заснавальнікаў «Wargaming» Іван Міхневіч зарэгістраваў на Кіпры партыю «Я грамадзянін» (але ейныя чальцы нікуды не прайшлі). У 2020 годзе дырэктар па прадукце «World of Tanks» Вячаслаў Макараў заснаваў у Расеі «Партыю прамой дэмакратыі» (мае толькі аднаго дэпутата ў Заканадаўчым сходзе Яўрэйскай аўтаномнай вобласці). У 2021 годзе былы менеджар «Wargaming» заснаваў у Беларусі аргкамітэт у стварэнні партыі «Дэмакратычны саюз» – відавочна праўладнай.

21. Супрацоўнікі «Wargaming» пацярпелі ад беларускага палітычнага крызісу. Дакладна вядома толькі пра адзін палітычны арышт супрацоўніка кампаніі: Дзмітрыя Праснякова асудзілі на 13 дзён за «дробнае хуліганства» ў канцы 2021-га, хоць затрымалі «за рэпосты». Магчыма, былі і іншыя затрыманні або рызыкі затрыманняў: пасля выбараў 2020 года кампанія вывозіла з Беларусі сотні супрацоўнікаў, а ў канцы 2021-га выдаліла з карпаратыўнага мэсэнджара эмодзі з бел-чырвона-белым сцягам.

22. Але распрацоўнікі «танкаў» застаюцца ў Беларусі. Колькі чалавек, дакладна невядома, але агулам па свеце ў «Wargaming» працуе 5500 чалавек, у Беларусі ж да выбараў было 2400.

23. Кампанія вучыць беларусаў і не толькі. «Wargaming» перыядычна ладзіць бясплатныя курсы ў розных аспектах распрацоўкі гульняў, запускала праграму «Інфармацыйныя сістэмы ў гульнявой тэхналогіі» ў БДУІР і плаціла гранты студэнтам БДУ.

Інтэрв’ю
Айцішнікі з’язджаюць, за імі паехаў стартап-хаб «Imaguru». Што будзе далей з беларускім IT?
2021.08.01 10:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў