Ізраіль прапануе паўзу, ЗША атакуюць хусітаў. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе


Ізраіль завершыў атачэнне гораду Хан-Юніс, які лічыць апораю баевікоў «Хамасу» ў сектары Газа, і паралельна актывізаваў дыпламатычныя намаганні з мэтаю вызваліць закладнікаў. Паводле медыяў, дзеля гэтага ізраільскі бок гатовы пайсці на двухмесячнае перамір’е і вывесці войскі з некаторых раёнаў анклаву. ЗША ў сваю чаргу працягваюць наносіць удары па еменскіх хусітах, што пакуль не пацягнула за сабою ні маштабнай эскалацыі на Блізкім Усходзе, ні спынення нападаў на марскія камунікацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты падчас наземнай ваеннай аперацыі ў сектары Газа. 22 студзеня 2024 года.
Фота: Israeli Army / AFP / East News

Увечары 22 студзеня выданне Axios са спасылкаю на двух ізраільскіх чыноўнікаў паведаміла, што Ізраіль праз катарскіх і егіпецкіх пасярэднікаў перадаў «Хамасу» прапанову спыніць агонь на два месяцы для вызвалення ўсіх закладнікаў, захопленых тэрарыстамі падчас нападу на краіну ў кастрычніку 2023 года.

Новая прапанова Ізраілю прадугледжвае вызваленне ўсіх тых закладнікаў, хто застаўся жывы (мяркуецца, што гэта больш за 130 асобаў), а таксама вяртанне целаў загінулых. Пачаць прапануецца з вызвалення жанчын, мужчынаў, старэйшых за 60 гадоў, і асобаў у крытычным стане.

Ізраіль у сваю чаргу гатовы вызваліць значную частку палестынскіх зняволеных і вывесці войскі з шэрагу паселішчаў анклаву. Таксама палестынскаму насельніцтву паступова дазволяць вярнуцца ў горад Газа і ў паўночную частку сектару ў парадку выканання пагаднення.

Падкрэсліваецца: прапанова Ізраілю не мае на ўвазе заканчэння ваеннай аперацыі, поўнага вываду войскаў з сектару Газа і вызвалення ўсіх палестынскіх вязняў (усяго ў турмах іх каля 6 тысячаў). Хаця менавіта гэта ёсць прынцыповым патрабаваннем кіраўніцтва «Хамасу». Аднак цяперашнюю ініцыятыву можна назваць самаю прагрэсіўнай і кампраміснай з усіх, што агучваў Ізраіль. Ізраільскія чыноўнікі ў размове з «Axios» адзначылі, што чакаюць адказу «Хамасу» з «асцярожным аптымізмам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эля Бахат кранае фотаздымак свайго сына Дрора, забітага 7 кастрычніка ў выніку нападу «Хамасу» на музычны фестываль «Supernova» падчас тіпрэзы, дзе сябры і сваякі высаджваюць дрэвы ў памяць пра сваіх блізкіх. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Leo Correa / AP Photo / East News

Паводле СNN, Ізраіль «у межах больш шырокага пагаднення пра спыненне агню» таксама прапанаваў кіраўнікам «Хамасу» пакінуць Газу. Аднак наўрад ці кіраўніцтва баевікоў на гэта пагодзіцца.

Урад Ізраілю афіцыйна не рабіў заяваў наконт прапановы пра замірэнне, аднак прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу 22 студзеня намякнуў на нейкую новую ізраільскую ініцыятыву, якая мусіць дапамагчы вызваліць закладнікаў.

«The Times of Israel» канстатуе, што новы дыпламатычны манеўр ізраільскага ўраду адбываецца на фоне росту міжнароднага ціску на Ізраіль з патрабаваннем спыніць баявыя дзеянні, а таксама абвастрэння ўнутраных дэбатаў наконт таго, ці дапаможа працяг ваеннай аперацыі ўратаваць закладнікаў.

Нэтаньягу па-ранейшаму настойвае на тым, што вайна можа скончыцца толькі пасля поўнага разгрому «Хамасу». Інакш, паводле прэм’ера, ізраільскія жаўнеры «загінулі дарма» і ўлады не здолеюць гарантаваць бяспекі сваім грамадзянам. Аднак курс Нэтаньягу ўсё гучней крытыкуецца ў краіне, у тым ліку з боку сваякоў закладнікаў. У нядзелю яны пратэставалі каля рэзідэнцыі прэм’ера, патрабуючы дасягнуць пагаднення аб вызваленні людзей з палону тэрарыстаў. А ў панядзелак сваякі закладнікаў сарвалі паседжанне фінансавага камітэту парламенту Ізраілю.

«Вам не сядзець тут, пакуль паміраюць нашы дзеці», – крычалі пратэстоўцы дэпутатам.

Найбуйнейшыя страты і акружэнне Хан-Юнісу

З’яўленне інфармацыі пра новую прапанову аб перамір’і супала з кепскімі для Ізраілю навінамі з сектару Газа, дзе жаўнеры Цагалю трапілі ў засаду баевікоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, здарэнне адбылося, калі ізраільскія вайскоўцы мінавалі будынкі, каб разбурыць іх і расчысціць тэрыторыю для далейшых дзеянняў. У гэты момант з шахты тунэлю выскачылі палестынскія баевікі і адкрылі агонь па байцах Цагалю з гранатамётаў. У выніку выбухоўка ў будынках заўчасна здэтанавала – загінуў мінімум 21 жаўнер (у асноўным гэта былі рэзервісты).

Гэта самы буйныя адначасовыя страты Цагалю з пачатку наземнай аперацыі. Ізраільскія афіцыйныя асобы і медыі называюць тое, што здарылася, не інакш як трагедыяй, катастрафічнаю падзеяй і адным з самых цяжкіх дзён з пачатку вайны. Агулам колькасць вайскоўцаў Цагалю, забітых з пачатку наземнай аперацыі ў сектары Газа, цяпер дасягнула 219 чалавек.

Разам з тым на хаду баявых дзеянняў у сектары Газа гібель 21 жаўнера, хутчэй за ўсё, ніяк не паўплывала. Цагаль паведаміў 23 студзеня, што ізраільскія вайскоўцы завяршылі атачэнне гораду Хан-Юніс. Баі за гэтае паселішча працягваюцца з пачатку снежня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты нясуць пакрытую сцягам труну рэзервіста Эльканы Візэля падчас пахавання на вайсковых могілках на гары Гэрцля ў Ерусаліме, Ізраіль. 23 студзеня 2024 года.
Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News

Ізраільскія жаўнеры ў пачатку гэтага тыдня перанеслі баявыя дзеянні ў заходнюю частку Хан-Юнісу, дзе, як лічыцца, хаваецца кіраўніцтва «Хамасу». Менавіта гэтая частка паселішча найбольш густанаселеная і насычаная цывільнымі інфраструктурнымі аб’ектамі, што вельмі скарачае Цагалю прастору для манеўру. Таму разлічваць на хуткае завяршэнне бітвы за Хан-Юніс не варта.

«The Times of Israel» падкрэслівае, што ў паўночнай частцы сектару Газа, поўнага аператыўнага кантролю за якой Цагаль дасягнуў яшчэ ў снежні, да завяршэння баёў таксама яшчэ далёка. Ізраільскія вайскоўцы працягваюць зачышчаць мясцовасць, ліквідаваць баявыя ячэйкі «Хамасу», схаваныя ракетныя сістэмы, тунэлі і склады зброі. «Любы дом, дзе мы не знайшлі зброі, выклікае падазрэнне, – цытуе выданне афіцэра 401-й брыгады Цагалю. – Тут кожны другі дом завалены агнявою зброяй і выбухоўкай. Я не перабольшваю». Ізраільскія вайскоўцы вымушаныя канстатаваць, што баявыя дзеянні ў сектары Газа становяцца менш манеўранымі.

Скепсіс праз страту імпульсу

У аўтарытэтных ізраільскіх медыях усё часцей можна пабачыць праявы скепсісу адносна наземнай аперацыі ў сектары Газа.

На мінулым тыдні рэдактар і заснавальнік выдання The Times of Israel Давід Горавіц у сваім аналітычным артыкуле заўважыў, што ваенная кампанія супраць «Хамасу» страціла імпульс, запаволілася. Часткова аўтар артыкулу гэта звязвае са складанымі ўмовамі баёў на поўдні Газы (высокая канцэнтрацыя цывільнага насельніцтва). Аднак у значнай ступені ўскладае за гэта адказнасць на палітычнае кіраўніцтва, якое ніяк не можа вызначыцца са стратэгіяй Ізраілю ў пытаннях кіравання і запэўнівання бяспекі ў анклаве. На думку Горавіца, ваеннай кампаніі ў сектары Газа патрэбны «выразны палітычны кірунак».

«У адваротным выпадку Ізраіль сутыкнецца з пагрозаю таго, што кіраўніцтва і баявыя сілы «Хамасу» выжывуць, іншыя нашыя ворагі будуць у захапленні, а ізраільцяне на поўдні, поўначы і ўсюды паміж імі застануцца пазбаўленыя бяспекі», – папярэджвае аўтар.

Аб праблеме зацягвання вайны разважаюць і іншыя медыі. Выданне The Jerusalem Post на гэтым тыдні апублікавала артыкул, дзе досыць крытычна ацэньвае заявы кіраўніцтва Цагалю, якое хваліцца тым, што ў выніку ваеннай аперацыі былі забітыя дзясяткі палявых камандзіраў «Хамасу» і тысячы шараговых тэрарыстаў. «The Jerusalem Post» нагадвае, што ў паўднёвых раёнах сектару Газа, якіх Ізраіль не кантралюе, сканцэнтраваная вялізарная колькасць цывільнага насельніцтва, і «Хамас» можа выкарыстоўваць іх як фактычна неабмежаваную рэсурсную базу для аднаўлення сваіх сілаў. А тэрарысты гатовыя вербаваць у свае атрады няпоўнагадовых.

«Усё, што трэба зрабіць «Хамасу», – гэта завербаваць невялікую колькасць людзей, менш за адзін адсотак, каб ізноў папоўніць свае шэрагі. У «Хамасу» таксама ёсць шмат зброі, якую ён можа раздаць патэнцыйным навабранцам, уключаючы АК-47 і РПГ», – заўважае выданне.

Аналітыка
«Канец не блізкі», а напружанасць расце. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»
2023.12.29 15:00

Статус-кво на іншых франтах

Тым часам не спыняюцца баявыя дзеянні і на іншых кірунках канфлікту на Блізкім Усходзе.

ЗША і Вялікая Брытанія ў ноч на 23 студзеня нанеслі новую серыю авіяцыйных удараў па вайсковых аб’ектах еменскіх хусітаў. Паводле хусітаў, удары (усяго іх было 18) закранулі еменскую сталіцу, Сану, і яшчэ тры рэгіёны краіны.

Бамбіць еменскіх хусітаў ЗША і іх саюзнікі пачалі ў ноч на 12 студзеня. Серыя паветраных удараў сталася адказам на агрэсіўныя дзеянні групоўкі «Ансар Алах», якая абвесціла вайну Ізраілю і ўжо два месяцы нападае на камерцыйныя караблі ў Чырвоным моры. Праз Чырвонае мора праходзіць прыкладна 15 % сусветнага марскога гандлю, таму дзеянні хусітаў у рэгіёне пераўтварыліся ў сур’ёзную праблему для міжнароднай бяспекі. ЗША і іх саюзнікі не маглі гэтага выкліку праігнараваць. Разам з тым задачы аперацыі застаюцца абмежаваныя: ЗША і Вялікая Брытанія не ставяць перад сабою мэты зліквідаваць групоўку «Ансар Алах» і змяніць уладу ў Емене, а хочуць толькі прымусіць хусітаў адмовіцца ад атак на марскія камунікацыі ў рэгіёне.

Hавiны
ЗША зноў прызналі хусітаў тэрарыстамі і нанеслі па іх новы ўдар у Емене
2024.01.18 08:49

Цяпер на еменскім кірунку захоўваецца статус-кво. З аднаго боку, паветраныя атакі ЗША і Брытаніі не прымусілі хусітаў спыніцца. Яны працягваюць напады на караблі (як цывільныя, гэтак і вайсковыя), абяцаюць працягваць змагацца з Ізраілем і помсціць саюзнікам за авіяўдары.

З іншага боку, праз 10 дзён пасля пачатку бамбаванняў таксама няма прыкметаў значнай эскалацыі ў рэгіёне. Іран, галоўны саюзнік і спонсар хусітаў, не рызыкуе адкрыта кінуць выклік ЗША. Тэгеран працягвае дзеяць выключна праз сваіх проксі, прычым пакуль з ранейшай інтэнсіўнасцю. Гэта датычыць і еменскага, і ліванскага кірунку, дзе групоўка «Хізбула» працягвае абстрэльваць Ізраіль, аднак паўнавартаснага другога фронту дасюль не адкрыла.

Аналітыка
Крок да вялікай вайны ці яе перадухіленне? Якія наступствы будуць мець удары ЗША ў Емене
2024.01.12 17:03

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў