«Politico»: Злучаныя Штаты могуць адказаць на кібератакі Беларусі на Украіну, калі такія былі


Пытанне аб тым, ці беларускія хакеры атакавалі сайты ўкраінскіх міністэрстваў, робіць сітуацыю яшчэ больш складанай для адказу з боку ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Marco Verch / Flickr, CC BY 2.0

У ноч на 14 студзеня каля 70 сайтаў органаў улады Украіны перажылі кібератаку, многія сайты перасталі працаваць, на шэрагу старонак быў апублікаваны тэкст з пагрозамі на адрас Украіны. Кіеў западозрыў у атаках хакерскую групоўку «UNC1151», якую назваў звязанай з беларускімі спецслужбамі. Амерыканскае выданне «Politico» расказала, што ў Злучаных Штатах думаюць пра ўдзел Беларусі ў атаках і магчымым адказе на гэта.

Гэткія навіны пра хакераў ставяць перад Штатамі дылему аб тым, як адказаць на кібератакі, калі яны перарастуць у «кібервайну». Выкарыстанне Расеяй трэціх краінаў, як Беларусь, робіць складаным пытанне аб тым, каго вініць і як абгрунтаваць контратаку. Пры тым удзел Беларусі не пацверджаны, а ЗША не тлумачылі, як збіраюцца контратакаваць – а амерыканскія дэпутаты ўжо ціснуць на прэзідэнта, каб быў адказ. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў толькі, што «мы адкажам тым жа шляхам, у кіберпрасторы».

Аб’ектыў
Да «хакераў Лукашэнкі» прыглядзеліся «Кібер-Партызаны»
2021.11.17 21:55

Высокапастаўлены чыноўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ананімна расказаў журналістам, што для Штатаў відавочна: Расея выкарыстоўвае ўразлівасць Аляксандра Лукашэнкі і карыстаецца тым, што ён вінны Расеі за падтрымку, а Беларусь з’яўляецца дэстабілізатарам у рэгіёне.

Афіцыйна ж Дзяржаўны дэпартамент не каментаваў магчымага ўдзелу Беларусі ў кібератаках, а толькі заяўляў, што разам з партнёрамі пільна сочыць за кіберактыўнасцю супраць Украіны і прапануе падтрымку ўкраінскім уладам у расследаванні атакі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў