Палітвязень Руслан Шыла з Івацэвічаў адбыў пакаранне, выйшаў на волю


На відэа сілавікоў ён казаў, што залез на флагшток на тэрыторыі пракуратуры, зрэзаў сцягі. Яму прысудзілі год «хіміі».

Палітвязень Руслан Шыла на відэа сілавікоў. Скрыншот: Следчы камітэт

Жыхар Івацэвічаў Руслан Шыла 21 студзеня выйшаў на волю пасля адбывання пакарання – 1 года абмежавання волі за «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», піша берасцейскае аддзяленне праваабарончага цэнтру «Вясна». Увесь тэрмін на «хіміі» ён правёў у асіповіцкай ПУАТ-48.

На відэа сілавікоў ён казаў, што ў ноч з 2 на 3 верасня 2020 года здымаў дзяржаўныя сцягі на тэрыторыі пракуратуры і Следчага камітэту: залез на флагшток на тэрыторыі пракуратуры, спрабаваў зняць сцяг, але не здолеў, і тады зрэзаў, а потым прайшоўся па горадзе, прыйшоў да СК і таксама парэзаў дзяржаўны сцяг і сцяг СК. Праз некалькі гадзінаў яго затрымалі.

Руслан Шыла прызнаў сваю віну на судзе, заявіў аб раскаянні і кампенсаваў шкоду. Але 13 лістапада 2020 года яго асудзілі на 1 год «хіміі», як расказваў «Першы рэгіён». Чаму ён выйшаў на волю праз больш як год, праваабаронцы не паведамляюць.

У Івацэвічах гэта быў не першы выпадак «здзеку з дзяржаўнай сімволікі» – там у 2020 годзе таксама затрымалі падлетка, якога падазравалі ў тым, што ён сарваў сцяг з пошты і спрабаваў спаліць.

Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі тым часам не памяншаецца, а толькі расце: пакуль адны выходзяць на волю па адбыванні пакарання або ўцякаюць з «хіміі» за мяжу, іншых кідаюць за краты. На момант публікацыі праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі зняволенымі 988 чалавек, працягвае аналізаваць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень» і не заўсёды паспявае за рэпрэсіўным апаратам.

Артыкулы
Яны столькі не адсядзяць? Хто з палітвязняў сёлета адбыў увесь тэрмін пакарання і выйшаў на волю
2021.12.31 01:43

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў