Ці сапраўды ва Украіне загінулі 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў? Аналізуем лічбы вайны


Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны сцвярджае, што страты расейскай арміі з пачатку вайны перавысілі 100 тысяч чалавек. Але падчас баявых дзеянняў давер да афіцыйных звестак не заўсёды мае падставы. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю, каб высветліць, ці адпавядаюць рэчаіснасці лічбы Генштабу, і колькі ў сваю чаргу магла страціць за час вайны Украіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / Белсат

Страты расейскай арміі

Паводле ацэнак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на дзень 2 лістапада Расея страціла каля 100 400 асобаў. У сваіх зводках Генштаб выкарыстоўвае тэрмін «ліквідаваны асабовы склад», што аўтаматычна ўспрымаецца як сінонім слова «забітыя».

Калі лічыць, што 100 тысяч расейскіх жаўнераў загінулі, то страты параненымі мусяць быць у некалькі разоў больш. Гэта заканамернасць для любых ваенных канфліктаў. Найчасцей сустракаюцца наступныя прапорцыі: на аднаго забітага – 3-4 параненыя. СССР падчас вайны ў Афганістане, Расея падчас першай і другой чачэнскіх войнаў менавіта ў такіх прапорцыях неслі страты. Хутчэй за ўсё, такая заканамернасць захоўваецца і ў цяперашняй вайне. Па ацэнцы эксперта Цэнтру вайскова-марскога аналізу Майкла Кофмана, падчас вайны ва Украіне на кожнага загінулага расейскага вайскоўцаў прыпадае 3,5 параненага. Такім чынам, калі браць за аснову лічбы Генштабу ЗСУ і ацэнкі Кофмана, то значыць прыкладна 350 тысяч чалавек расейскіх жаўнераў атрымалі раненні. Хтосьці з іх здолеў потым вярнуцца на фронт, хтосьці быў скалечаны. Але агульная лічба забітых і параненых у такім выпадку мусіць скласці 450 тысяч чалавек ці нават болей.

Такія маштабы выклікаюць сумневы, бо ў Уладзіміра Пуціна ніколі не было шматмільённага войска. Расейская групоўка ўварвання 24 лютага ацэньвалася прыкладна ў 150-200 тысяч чалавек. А штатная колькасць вайскоўцаў ва Узброеных сілах РФ складае 1 млн 150 тысяч чалавек.

Заходнія выведкі і незалежныя медыі ацэньваюць страты пуцінскага войска больш стрымана. 9 лістапада кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Міллі заявіў, што па звестках Пентагону ў вайне загінулі і атрымалі раненні больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Тую ж лічбу агульных стратаў назваў у снежні міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс. Суадносіны 1 да 3-4 тут, імаверна, няма. Той жа Ўоліс у верасні казаў, што агульныя страты пуцінскай арміі перавышаюць 80 тысячаў, прычым прыблізна 25 тысячаў з іх загінулі (суадносіны параненых і забітых 2,2 да 1). Пры захаванні такіх прапорцыяў са 100 тысяч агульных стратаў на забітых мусіла прыпадаць не менш за 32 тысячы.

Журналісты выданняў Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 9 снежня здолелі высветліць імёны 10 002 загінулых расейскіх вайскоўцаў (1509 з іх – афіцэры). Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах, то бок сабраныя даныя могуць лічыцца толькі мінімальнай ацэнкай узроўню стратаў.  У «Conflict Intelligence Team» (CIT), напрыклад, лічаць, што рэальныя страты мусяць у 2–3 разы перавышаць тыя, што можна пацвердзіць адкрытымі крыніцамі. Аналітык CIT Кірыл Міхайлаў яшчэ 22 ліпеня казаў, што 15 тысячаў – гэта, імаверна, мінімальная ацэнка колькасці загінулых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: МП / Белсат

Журналісты Бі-Бі-Сі прыйшлі да высновы, што па найбольш кансерватыўнай ацэнцы, страты расейскай арміі і Расгвардыі забітымі могуць складаць больш за 20 000 чалавек, а агульныя незваротныя страты – 90 000 чалавек. Тую ж лічбу – 90 тысяч незваротных стратаў – называла ў кастрычніку і выданне «Важные истории» са спасылкаю на свае крыніцы ў спецслужбах РФ.

Праўда, Бі-Бі-Сі тлумачыць свае высновы пра 90 тысяч спасылкай на формулу Кофмана (1 да 3,5), аднак незразумела, чаму ўсіх параненых журналісты запісваюць у незваротныя страты. Вядома, што незваротныя страты ўключаюць у сябе загінулых, зніклых без вестак і тых, хто атрымаў раненні, не сумяшчальныя з вайсковаю службаю. Але вайскоўцы, якія яшчэ могуць вярнуцца на фронт пасля ранення, у незваротных стратах фігураваць не павінны.

Пры гэтым Бі-Бі-Сі наогул не ўлічвае тых, хто ваяваў на баку Расеі ў складзе падраздзяленняў «ДНР» і «ЛНР», а менавіта гэтыя часткі расейскае камандаванне менш за ўсё шкадавала, кідаючы ў самае пекла. Паводле карэспандэнткі Бі-Бі-Сі Вольгі Іўшынай, страты забітымі сярод частак «ДНР» і «ЛНР» – гэта яшчэ як мінімум 5 тысяч.

Ці ўлічвалі байцоў «ЛДНР» заходнія выведкі – невядома. Але Генштаб ЗСУ напэўна гэта робіць.

Аналізуючы ўсе гэтыя звесткі, можна прыйсці да высновы, што страты ў больш чым 100 тысяч – гэта абсалютна рэальная ацэнка, калі гаворка ідзе пра забітых, параненых і зніклых без вестак. Могуць быць праўдай і заявы пра 90 ці 100 тысяч незваротных стратаў. Але 100 тысяч толькі забітымі – гэта яўна завышаная лічба. Хоць з улікам байцоў «ЛДНР» колькасць загінулых на расейскім баку можа быць істотна вышэйшай, чым называюць незалежныя медыі і заходнія выведкі.

Расейскія ўлады, нагадаем, апошні раз агучвалі афіцыйныя лічбы стратаў сваіх Узброеных сілаў 21 верасня: тады паведамлялася, што ва Украіне загінулі 5937 расейскіх жаўнераў.

Страты ўкраінскага войска

Украінскае кіраўніцтва неахвотна дзеліцца лічбамі сваіх стратаў. У ліпені намесніца міністра абароны Ганна Маляр падкрэслівала, што даныя пра страты Украіны ў вайне засакрэцілі, каб вораг не мог скарыстаць іх ва ўласных мэтах. «Лік загінулых застаецца дзяржаўнаю таямніцаю на час ваеннага становішча», – адзначала яна.

Але час ад часу адказныя асобы называюць прыкладныя лічбы стратаў. У канцы лістапада дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што колькасць загінулых украінскіх жаўнераў знаходзіцца ў калідоры паміж 10 і 20 тысячамі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра ЗСУ, а агулам пра ўсе сілы абароны. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк 1 снежня паведаміў, што ўкраінскія страты складаюць ад 10 да 12,5-13 тысяч загінулых.

Гэтыя заявы Арэстовіча і Падаляка былі рэакцыяй на скандал з відэазваротам кіраўніцы Еўракамісіі Урзулы фон дэр Ляен, дзе яна казала пра гібель 100 тысяч вайскоўцаў ЗСУ. Відэазварот пазней быў адрэдагаваны, а ў Еўракамісіі патлумачылі, што 100 тысяч – агульная лічба загінулых і параненых. Прычым лічба гэтая была ўзятая з «вонкавых крыніцаў». Але за словы фон дэр Ляен адразу ўхапілася расейская прапаганда і актыўна на гэтым спекулявала.

Не выключана, што кіраўніца Еўракамісіі апелявала да заявы амерыканскага генерала Марка Міллі, які ў лістападзе заявіў, што Расея страціла больш за 100 тысяч забітымі і параненымі, а ЗСУ, імаверна, панеслі прыкладна тыя ж страты. Якое акругленне лічбаў мае на ўвазе фармулёўка «прыкладна» – незразумела. Афіцыйны Кіеў «прыкладную» роўнасць стратаў адмаўляе катэгарычна. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў канцы верасня заявіў у інтэрв’ю «Ouest-France», што расейцы страцілі забітымі ў пяць разоў больш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія артылерысты страляюць з 130-мм гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту.
Фота: Белсат

Але сцвярджэнне, што агульныя ваенныя страты Украіны (як незваротныя, так і зваротныя) тэарэтычна могуць набліжацца да 100 тысячаў, не выглядае нейкай фантастыкай. Варта памятаць, што для ўкраінцаў суадносіны забітых і параненых таксама складаюць прыкладна 1 да 3-4, а часам нават болей (гэта вынікае з публічных заяваў украінскага кіраўніцтва).

Такім чынам, калі арыентавацца на названыя Падаляком лічбы (10-13 тысяч), то колькасць параненых мусіць складаць ад 30 да 52 тысяч чалавек. То бок агульныя страты будуць ад 40 да 65 тысяч. Калі арыентавацца на словы Арэстовіча (ад 10 да 20 тысяч), то колькасць параненых пры найгоршым варыянце можа дасягаць 80 тысяч, а агулам – 100 тысяч чалавек. Нават калі браць за аснову сярэдні паказнік у «калідоры Арэстовіча» (15 тысяч загінулых), то агульныя страты будуць адпавядаць узроўню ў 60-75 тысяч чалавек. Пры гэтым, той жа Арэстовіч падкрэслівае, што 96% украінскіх параненых вяртаюцца ў строй.

Самы кансерватыўны паказнік (10 тысяч загінулых), імаверна, быў даўно перавышаны, бо гэтая лічба ўскосна супярэчыць папярэднім афіцыйным заявам. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны 22 жніўня казаў, што на вайне загінулі «амаль 9 тысяч герояў». Цяжка паверыць, што за наступныя чатыры месяцы вайны загінула толькі тысяча ўкраінскіх жаўнераў. Тым больш, што Арэстовіч яшчэ ў чэрвені распавядаў пра 10 тысяч забітымі і 30 тысяч параненымі.

Хутчэй за ўсё, украінскія страты ніжэй за расейскія, але наўрад ці гаворка ідзе пра суадносіны 1 да 5, як заяўляў Зяленскі. На такую каласальную розніцу напэўна звярнулі б увагу заходнія выведкі, але яны ніколі пра гэта не казалі.

У звязку з гэтым звяртаюць на сябе ўвагу падлікі тэлеграм-каналу «Воля/Volya», на які, напрыклад, у сваім артыкуле спасылаецца расейская «Новая газета». «Воля/Volya» пазіцыянуе сябе як незалежны рэсурс, які нібыта мае ўласныя крыніцы ў абодвух арміях. «Воля/Volya» сцвярджае: па стане на 9 снежня агульныя страты расейскай арміі забітымі, параненымі, палоннымі і зніклымі без вестак з пачатку вайны склалі 270 тысяч, а ўкраінскага войска – 136 тысяч. То бок удвая менш. Праўда, аўтарытэтнасць крыніцаў «Воля/Volya» выклікае вялікія сумневы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў