Два беларускія фільмы ўдзельнічаюць у конкурсе «ArtdocNet»


Беларускія стужкі «Дом там, дзе я?» і «Галасы. Дзе мой край» сталі ўдзельнікамі конкурсу «ArtdocNet» кінафестывалю «Artdocfest». Аб гэтым паведамляе телеграм-канал пра беларускае кіно «Священный Белавуд». 

Акцыя пратэсту 2020 года на ганку філармоніі ў Менску, з якой пачаўся «Вольны хор».
Фота: artdocfest.com

Створаныя беларускімі аўтарамі дакументальныя стужкі «Дом там, дзе я?» і «Галасы. Дзе мой край» удзельнічаюць у конкурсе «ArtdocNet» кінафестывалю «Artdocfest 2023».

Аўтарам стужкі «Дом там, дзе я?» стаў кліпмейкер і рэжысер Арцем Лобач. Фільм расказвае пра бежанцаў і іх здольнасць захоўваць творчы патэнцыял у часы палітычнага тэрору. Таксама гэта расповед пра вопыт беларускіх творцаў, якія перажылі за кароткі прамежак часу дзве катастрафічныя трансфармацыі. Іх жыцці былі разбураны двойчы за два гады, але ў іх ёсць сілы і энергія, каб працягваць тварыць і натхняць іншых. Яны ствараюць Беларусь па-за межамі геаграфічнай Беларусі.

Стужку «Галасы. Дзе мой край» стварыў ананімны калектыў «DocWave» пры падтрымцы «Belsat TV». Гэты фільм распавядае пра сімвал беларускіх пратэстаў 2020 года – «Вольны хор» і сямʼю музыкантаў Аляксандра і Сашы Сердзюковых, былых супрацоўнікаў беларускай Дзяржаўнай філармоніі. У пошуках прытулку за мяжой яны разам з тысячамі беларусаў зʼехалі з краіны і зараз задаюцца пытаннем: «Дзе мая радзіма?».

За беларускіх удзельнікаў можна прагаласаваць праз Telegram і Facebook. Па выніках пераможца атрымае Глядацкую ўзнагароду.

«ArtdocNet» зʼяўляецца працягам Міжнароднага фестывалю «Artdocfest» які праводзіўся ў Расеі да 2022 года. Міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Artdocfest» праводзіўся ў Маскве з 2007 па 2022 гады. У 2017 годзе конкурсная праграма фестывалю была пераведзена ў Латвію, дзе ў 2020 годзе быў заснаваны Латвійскі фестываль «IDFF Artdocfest/Riga» на якім конкурсная праграма «Artdocfest», стала адной з дзвюх конкурсных праграм новага фестывалю.

Антон Тачняк

Стужка навінаў