Экс-капітан зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна – пра спорт, трэнераў і заробкі


Падсумоўваем бягучы год з Кацярынай Сныцінай, экс-капітанам зборнай Беларусі па баскетболе. І гутарым пра спартовую будучыню па-за нацыянальнай зборнай.

Кацярына Сныціна, экс-капітанам зборнай Беларусі па баскетболе.
Фота: ksnytsina / Facebook

– У чэрвені 2021 года вы заявілі аб завяршэнні кар’еры ў зборнай Беларусі. Чаму вырашылі сысці са зборнай?

– Гэта завяршэнне кар’еры толькі ў нацыянальнай камандзе. Мая прафесійная дзейнасць працягваецца, у мяне ёсць кантракт у турэцкім чэмпіянаце. Гэта маё прынцыповае рашэнне менавіта аб нацыянальнай камандзе. Бо я лічу, што цяпер спартоўцы, якія выступаюць на міжнароднай арэне, рэпрэзентуюць не Беларусь, яны рэпрэзентуюць гэты рэжым. Я не захацела быць часткай гэтай прапаганды, што ў нас у Беларусі ўсё добра, вось жа спартоўцы прыехалі, жывыя, здаровыя. І таму я адмовілася выступаць. Я не магу сабе ўявіць, каб я паехала выступаць за нацыянальную каманду да змены ўраду.

– Вы гулялі ў многіх еўрапейскіх клубах. А ці ёсць нейкія адрозненні ў стаўленні да спартоўцаў у Беларусі і ў Еўропе?

– Мне пасуе трэнер, які верыць у мяне, як бы гэта банальна ні гучала. І мне здаецца, што гэтага ў нашых беларускіх трэнераў няма. Больш прывыклі казаць: «Ты вельмі дрэнна гуляла, як табе не сорамна, ты падвяла ўсю каманду, спадзяюся, у наступнай гульні ты не падвядзеш усю каманду». Вось такая псіхалогія. А ёсць псіхалогія наадварот, калі цябе словы трэнера акрыляюць. Табе не сорамна за тое, што ты здзейсніў памылку. Бо немагчыма адгуляць гульню, не здзейсніўшы памылкі. І ў нашых трэнераў ты здзейсніў памылку – ты дно. З трэнерамі, з якімі мне пашчасціла гуляць, ты здзейсніў памылку – табе кажуць: окей, ты здзейсніў памылку, давай далей, наперад, з такімі ж намаганнямі, з такой энергіяй, пастарайся перамагчы ў гэтай гульні.

Фота: ksnytsina / Facebook

– А чаму ў нас заўсёды ад спартоўцаў патрабуюць толькі перамог, а за паразы ладзяць публічныя лупцоўкі? Так было заўсёды?

Насамрэч вось гэтыя прамовы: вы ўсе воіны, там усе ворагі, вы павінны перамагчы, гуляйце за народ, – вось такія рэчы я пачала чуць толькі на працягу гэтага года. Раней такіх прамоваў не было. Раней былі проста сказаныя на дарогу прамовы: дзяўчаты, мы ў вас верым, едзьце і проста пакажыце класную гульню. Калі цяпер кажуць, што спартоўцы мусяць галадаць, я слухаю і разумею, што настрой такі: або памры, або перамажы. Сярэдняга не дадзена. Але спорт пачынаецца не на Алімпіядзе. Гэта ўсё пачынаецца за шмат гадоў, калі гадуюць дзяцей. Усе мае дзіцячыя трэнеры, з кім я працавала, з кім я расла, яны чамусьці атрымлівалі самыя мінімальныя заробкі. Чаму не пачаць з гэтых людзей? Чаму ім не плаціць больш, каб ім хацелася браць больш дзяцей. І потым у спорце будзе вялікая канкурэнцыя на адно месца. Тады людзі будуць больш паспяховыя. Вось тады яны будуць галоднымі. Яны будуць галоднымі не таму, што няма чаго ёсць, яны будуць галодныя да перамог, да ўдзелу.

– Колькі вы зараблялі, выступаючы за беларускую зборную?

– У баскетболе была зарплата 450 долараў за месяц, менавіта гульцу нацыянальнай каманды, які ў асноўным складзе. Хутчэй за ўсё ў дзяўчат не ў асноўным складзе былі нейкія іншыя заробкі.

– Лічыцца, што ў Беларусі дзяржава марнуе шмат грошай на спорт. Вы адчувалі гэтае падтрыманне?

– У 2007 годзе, калі мы ўзялі бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы, пасля гэтага некалькі гадоў абяцалі, што нам пабудуюць баскетбольную залу. Баскетбольная зала не пабудаваная да гэтага часу, а цяпер ужо 2021 год. І наўрад ці нешта цяпер зменіцца, бо сапраўды грошай у спорце ўсё менш і менш. І наўрад ці ў іх знойдуцца сродкі і жаданне нешта будаваць для баскетболу.

Фота: ksnytsina / Facebook

– Чаму ўлады так востра рэагуюць менавіта на спартоўцаў, калі тыя вырашаюцца выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю?

– Спартоўцаў заўсёды лічылі гонарам дзяржавы. І вось гэты гонар, які звычайна быў пакорлівы, якому ніколі не было справы да таго, што адбываецца ў краіне, асмеліўся штосьці сказаць. Напэўна, ім стала крыўдна. Заўсёды лічылася, што спартоўцы – гэта такое дзецішча Лукашэнкі, ён любіць спорт і ён туды шмат укладвае і г. д. Напэўна, таму яму так крыўдна, што мы не за ўладу, што мы супраць гвалту, што мы супраць гэтай крыві, тэрору. Хаця мы такія ж чальцы грамадства, як і медыкі, і рабочыя. І мы проста яшчэ адна ячэйка нашага беларускага грамадства.

Інтэрв’ю
«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту
2021.12.04 12:36

АМ belsat.eu

Стужка навінаў