Асуджаных анархістаў прызналі палітвязнямі


Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава, Дзмітрыя Дубоўскага і Дзмітрыя Рэзановіча палітвязнямі. Сёння, 22 снежня, Менскі абласны суд прысудзіў анархістам ад 18 да 20 гадоў зняволення.

Паводле праваабаронцаў, у гэтай справе была парушана прэзумпцыя невінаватасці, а інкрымінаваныя анархістам абвінавачванні несправядліва кваліфікавалі як «акт тэрарызму».

«Прызначанае абвінавачваным пакаранне з’яўляецца празмерным і не абгрунтаванае грамадскай небяспекай здзейсненага і дадзенымі аб асобе абвінавачаных», – адзначаецца ў заяве праваабарончай супольнасці.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што яны катэгарычна супраць ужывання гвалту дзеля дасягнення палітычных мэтаў, аднак канстатуюць, што ў абстаноўцы, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, акты гвалту і пашкоджання маёмасці часта былі наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў уладамі правоў чалавека і адсутнасці магчымасці вольнага выказвання меркавання.

«Ацэньваючы паказаную справу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў ёй палітычнага матыву пераследу абвінавачваных», – падкрэсліваецца ў заяве праваабаронцаў.

Артыкулы
Маці анархіста Ігара Аліневіча пра прысуд сыну: «У мяне гонар за нашую моладзь»
2021.12.22 18:40

Нагадаем, 22 снежня Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава суддзя Менскага абласнога суда Валер Тулейка прызнаў вінаватымі ў незаконных дзеяннях у дачыненні агнявой зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў ды яе перамяшчэнні праз мяжу, а таксама ва ўчыненні актаў тэрарызму. Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава асудзілі на 20 гадоў калоніі, Дзмітрыя Разановіча – на 19 гадоў калоніі, Дзмітрыя Дубоўскага – 18 гадоў калоніі.

Анархістаў так званай «групы Аліневіча» затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 года непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх абвінавацілі ў падпале аддзелу ДАІ ў Мазыры і машыны ля будынку пракуратуры ў Салігорску. Тыя падпалы адбываліся ноччу, калі нікога навокал не было і людзі пацярпець не маглі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў