Падпісалі новую дамову аб экспарце ўкраінскага збожжа. Куды і колькі прадукцыі ўжо экспартавалі?


З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўвялі блакаду ўкраінскіх чарнаморскіх партоў, якая ахапіла дзясяткі мільёнаў тон збожжа, а таксама іншых харчоў, як кукуруза і сланечнікавы алей, прызначаных для экспарту. Праз некалькі месяцаў дзве краіны пры міжнароднай дапамозе здолелі дамовіцца і падпісаць пагадненне аб экспарце на 120 дзён, бо блакада магла мець сур’ёзныя наступствы для краінаў з невысокім узроўнем даходу. 17 лістапада дамову падоўжылі на такі ж тэрмін – 120 дзён. Разбіраемся, колькі і куды адпраўляецца большая частка ўкраінскага збожжа.

Балкер (тып судна, прызначанага для перавозу грузаў насыпам) пад ліванскім сцягам «Brave Commander» у марскім порце падчас пагрузкі пшаніцы для Эфіопіі. Піўдэннае, Адэская вобласць, Украіна. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Блакада ўкраінскіх партоў і вынікі дамоўленасцяў

Паколькі Украіна – адзін з буйнейшых у свеце экспарцёраў харчавання, блакада яе партоў з пачаткам вайны прывяла да росту коштаў на харчы ўва ўсім свеце. Гэтак, у траўні экспартавыя кошты на пшаніцу і кукурузу моцна выраслі. Тады Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў папярэджвала пра магчымы найбуйнейшы харчовы крызіс за апошнія дзесяцігоддзі. Таксама гэта магло мець далёкія наступствы, асабліва ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі, дзе эканоміка залежыць ад украінскага экспарту.

Даведка

Цэна на пшаніцу значна падрасла вясной, у разгар баявых дзеянняў. Найбольшая цана $ 1279 за 100 бушэляў была зафікса 17 траўня. Бушэль – традыцыйная адзінка вымярэння вагі пшаніцы на біржы, 1 bsh пшаніцы прыблізна роўны 27,2155 кг

Украіна не магла экспартаваць збожжа са сваіх партоў на працягу пяці месяцаў пасля пачатку вайны. Але 22 ліпеня абодва бакі падпісалі «Чарнаморскую ініцыятыву»: у межах пагаднення 20–25 мільёнаў тон збожжа, заблакаванага ва Украіне, маглі быць нарэшце экспартаваныя. Таксама быў аблегчаны экспарт расейскага збожжа і ўгнаенняў, абмежаваны ў выніку санкцыяў супраць Расеі.

Пагадненне таксама прадугледжвала бяспечныя калідоры ў Чорным моры паміж Украінай і Басфорам: караблі ў гэтым раёне і адпаведныя парты не маглі быць атакаваныя. Для рэалізацыі і кантролю ўгоды ў Стамбуле стварылі Супольны каардынацыйны цэнтр, у які ўвайшлі высокапастаўленыя прадстаўнікі Турцыі, Расеі, Украіны і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Прадукцыя адпраўлялася праз марскі гуманітарны калідор з трох ключавых украінскіх партоў: Адэсы, Чарнаморскага і Паўднёвага партоў.

З таго часу пастаўкі збожжа з гэтых партоў няўхільна павялічваліся, адпраўляючы неабходнае зерне ў краіны, якія залежалі ад імпарту з Украіны. Гэтак, паводле ААН, першае судна адплыло з Украіны 1 жніўня, і на 17 лістапада праз Чорнае мора было экспартавана амаль 11,2 мільёна тонаў харчавання і здзейснены 941 рэйс (470 уваходных і 471 выходных).

17 лістапада міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў у сваім Facebook напісаў, што праца «збожжавага калідору» працягнутая яшчэ на 120 дзён. Гарантамі ўгоды зноў засталіся Турцыя ды ААН.

«Я вітаю згоду ўсіх бакоў працягваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву для запэўнівання бяспечнага карабельства пры экспарце збожжа, харчоў і ўгнаенняў з Украіны. Ініцыятыва дэманструе важнасць дыпламатыі ў пошуку шматбаковых рашэнняў», – заявіў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш пасля падпісання новага пагаднення наконт збожжа.

Куды скіроўваецца ўкраінскае збожжа?

Прадуктовая ўгода дазволіла аднавіць экспарт з Украіны збожжа, іншых харчоў і ўгнаенняў, а з гэтым і знізіць сусветныя кошты на зерне.

ААН адзначае: усё збожжа, што вывозіцца з украінскіх партоў у межах «Чарнаморскай ініцыятывы», прыносіць карысць тым, хто мае патрэбу, бо дапамагае стабілізаваць рынкі і абмежаваць рост коштаў на харчы. Частка ўкраінскага харчавання паступае беспасярэдне ў найбяднейшыя краіны свету, а частка – у краіны, дзе людзі рызыкуюць галадаць, у межах праграмаў ААН для надання гуманітарнай дапамогі.

Аднак звесткі ААН паказваюць, што асноўная частка ўкраінскіх харчоў, экспартаваных за апошнія тры месяцы, скіроўвалася ў Іспанію, Італію, Турцыю, Кітай і Нідэрланды (звесткі на 17 лістапада 2022 года). Да вайны асноўнымі імпарцёрамі ўкраінскай пшаніцы былі Егіпет, Інданезія і Бангладэш.

Гэтак, у верасні ў ААН заяўлялі, што крыху менш за 30 % караблёў з украінскаю прадукцыяй адправіліся ў краіны з нізкім узроўнем даходу, у той час як 44 % былі адпраўленыя ў краіны з высокім узроўнем даходу.

Аднак аднаўленне ўкраінскага экспарту харчоў па ўсім свеце, у тым ліку і ў краіны з высокім узроўнем даходу, дапамагло знізіць міжнародныя цэны на харчы ў перыяд з ліпеня да пачатку лістапада, мяркуючы са зменаў цэнаў на харчы, паводле звестак ААН.

Найбольш з украінскіх партоў экспартавалі кукурузу – 4,5 мільёна тонаў, пшаніцу – 3,2 мільёна тонаў. Далей ідуць рапс, сланечнікавы алей, сланечнікавая макуха, ячмень, соя ды іншае (звесткі на 17 лістапада 2022 года).

Даваенны ўзровень экспарту

Украіна, будучы адным з найбуйнейшых у свеце экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі, штогод пастаўляе на сусветны рынак каля 45 мільёнаў тон збожжа. Падпісанне пагаднення аб экспарце ўкраінскага збожжа праз марскія парты, нават падчас вайны, дазволіла ёй выйсці практычна на даваенны ўзровень экспарту за апошнія месяцы.

Гэтак, агенцтва «Reuters», спасылаючыся на Міністэрства сельскай гаспадаркі Украіны, паведамляла, што ўкраінскі экспарт у пачатку кастрычніка 2022 года быў усяго на 2,4 % ніжэйшы за аналагічны перыяд 2021-га. Паводле справаздачы, у мінулым месяцы Украіна экспартавала 4,221 мільёна тонаў збожжа, у асноўным кукурузу і пшаніцу, у параўнанні з 5,047 мільёна тонаў за аналагічны леташні перыяд.

Паводле Еўрапейскай камісіі, на Украіну даводзяцца 10 % сусветнага рынку пшаніцы, 15 % рынку кукурузы і 13 % рынку ячменю. Таксама Украіна – адзін з асноўных экспарцёраў на рынку сланечнікавага алею, маючы больш за 50 % сусветнага гандлю.

Згодна са статыстыкаю Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, Украіна была сёмым паводле велічыні вытворцам пшаніцы ў свеце і пятым паводле экспарту ў 2021–22 годзе з 33 мільёнамі тонаў. Толькі Аўстралія, ЗША, Расея, Індыя і Кітай вырабілі больш. ЕЗ фактычна займае першае месца, калі лічыць дзяржавы-чальцы разам. Таксама Украіна займае шостае месца на рынку кукурузы. З сярэдзіны 2021 года да сярэдзіны 2022-га толькі Аргентына, ЕЗ, Бразілія, Кітай і ЗША вырошчвалі больш кукурузы. Найбольшую колькасць ячменю вырошчваюць у ЕЗ, за ім ідуць Аўстралія, Расея і Украіна.

Што далей?

Тэрмін дзеяння пагаднення аб харчовай угодзе, які канчаўся ў канцы лістапада, па згодзе абодвух бакоў 17 лістапада працягнулі яшчэ на 120 дзён, да канца сакавіка 2023 года. Раней Расея заяўляла, што, магчыма, не захоча працягваць угоды праз тое, што не былі зробленыя намаганні ў спрыянні расейскаму экспарту ўгнаенняў і збожжа.

Рабочы ў цэнтры захоўвання збожжа ў Адэсе, Украіна. 6 лістапада 2022 года.
Фота: Metin Aktas / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Гэтак, 29 кастрычніка Расея заявіла, што прыпыніць удзел, бо Украіна і Вялікая Брытанія нібыта атакавалі расейскі Чарнаморскі флот у Севастопалі з дапамогаю беспілотнікаў. Масква заявіла, што напады закранулі цывільныя караблі ў збожжавых калідорах, а таксама мірнае судна. Украіна і Вялікая Брытанія адпрэчылі абвінавачанні і заявілі, што Расея сама зарганізавала напад. ААН заяўляла, што падчас абстрэлу ў калідоры не было караблёў.

Паводле звестак Міністэрства інфраструктуры Украіны на 30 кастрычніка, у збожжавым калідоры былі заблакаваныя 218 суднаў са збожжам. Нягледзячы на выхад Расеі з пагаднення, было пастаноўлена, што збожжавыя караблі з Украіны ўсё роўна будуць працягваць выкарыстоўваць марскія калідоры.

Праз некалькі дзён, пры спрыянні Турцыі і заходніх краінаў, Расея аднавіла супрацу ў экспарце збожжа з чарнаморскіх партоў. Нібыта Расея атрымала запэўніванні ад Украіны, што тая не будзе выкарыстоўваць калідору для нападу на расейскія сілы, а ААН і Турцыя далі персанал для інспекцыі 40 караблёў, якія будуць рухацца з Чорнага мора.

Пакуль жа ўкраінскі экспарт канчаткова не вярнуўся на даваенны ўзровень. За апошнія два месяцы Украіна экспартуе прыблізна па чатыры мільёны тонаў харчоў штомесяц праз Чорнае мора, а да ўварвання Расеі яна перавозіла пяць мільёнаў тон кожны месяц. Таксама гэта адбываецца таму, што некаторыя кампаніі адмаўляюцца адпраўляць свае грузавыя караблі ў калідор, баючыся, што тыя патрапяць на міну ці будуць атакаваныя.

Аналітыка
Украінскі эксперт: У Расеі вялікі ўраджай пшаніцы, і яна гуляе на павышэнне цаны любымі спосабамі
2022.11.03 11:09

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў