У Латвіі зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы ВНЖ беларусам і расейцам


Сойм Латвіі зацвердзіў папраўкі да іміграцыйнага закону, якія зрабілі больш жорсткімі ўмовы падаўжэння відаў на жыхарства для грамадзянаў Беларусі і Расеі. Таксама расейцам не будуць выдаваць працоўных візаў. Пра гэта паведамляе партал «Delfi».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: bb.lv

У законе прапісалі, у якіх выпадках від на жыхарства тэрмінам да пяці гадоў можа быць выдадзены грамадзянам Расеі і Беларусі. Распарадзіцца аб выдачы такога ВНЖ можа міністр унутраных справаў, калі гэта адпавядае інтарэсам Латвіі, міжнародным прававым нормам або звязана з гуманітарнымі меркаваннямі.

Калі вы грамадзян Беларусі, то можаце запытваць ВНЖ у наступных выпадках:

  • на тэрмін, які не перавышае шасці месяцаў, калі вы сваяк грамадзяніна Латвіі ці іншаземца, які мае пастаянны від на жыхарства;
  • на тэрмін не большы за пяць гадоў, калі вы індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў Камерцыйным рэгістры;
  • на тэрмін паўнамоцтваў, але не большы чым на пяць гадоў, калі вы сябра кіраўніцтва або рады, зарэгістраванай у Камерцыйным рэгістры, а таксама ў іншых выпадках камерцыйнай дзейнасці;
  • на тэрмін не большы за адзін год, калі вы самазанятая асоба. Таксама можна запытваць ВНЖ на час працы ў Латвіі, але на тэрмін не больш за пяць гадоў;
  • на тэрмін да трох гадоў, калі вы работнік, пераведзены ў Латвію ўнутры кампаніі, і калі вас прыняў на працу менеджар або спецыяліст;
  • на тэрмін да аднаго года, калі вы стажорам, пераведзены ўнутры кампаніі;
  • на тэрмін не большы за два гады, калі вы прадстаўнік замежнага прадпрымальніка, і ён быў зарэгістраваны ў замежнай дзяржаве не менш за пяць гадоў да выдачы ВНЖ, на працягу апошняга года быў працадаўцам не менш як 50 чалавек, а гадавы абарот камерсанта перавысіў 10 млн еўраў і ў яго няма падатковага доўгу;
  • на тэрмін не большы за чатыры гады, калі вы прадстаўнік зарэгістраванага ў Латвіі прадстаўніцтва замежнай авіякампаніі. Таксама калі ёсць дамова аб навуковай супрацы, падпісаная з навуковай установай, але не больш як на пяць гадоў;
  • выдаецца дазвол на перыяд навучання студэнта адукацыйнай установы ў Латвіі;
  • на тэрмін лячэння ў стацыянарнай лячэбнай установе, указаны ў дамове;
  • для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці, але на тэрмін не больш за адзін год;
  • на час, на які ўсталяваная апека над грамадзянамі або неграмадзянамі Латвіі. У выпадку апекі пасведчанне на права жыхарства выдаецца на тэрмін не больш за пяць гадоў;
  • на тэрмін да дня набыцця законнай моцы рашэння суда аб скасаванні шлюбу і вызначэнні месца жыхарства дзіцяці;
  • на тэрмін не большы за пяць гадоў, калі вы страцілі статус сталага жыхара ЕЗ у Латвіі ў выніку ад’езду ў іншую краіну і запытваеце від на жыхарства не пазней за тры гады пасля адʼезду;
  • на тэрмін, які не перавышае пяці гадоў, калі вы маеце дзейны від на жыхарства сталага рэзідэнта ЕЗ, выдадзены ў іншай краіне ЕЗ, і няма іншых падставаў для адмовы;
  • на тэрмін не большы за тры гады, калі вы плануе ажыццяўляць дзейнасць у Латвіі, адпаведную Закону аб падтрыманні стартапаў;
  • на тэрмін не большы за адзін год, калі вы маеце права запытаць сталы від на жыхарства або статус пастаяннага жыхара ЕЗ у Латвіі, але не засвоілі дзяржаўнай мову;
  • на тэрмін не большы за адзін год, калі вам было дадзена права на працу ў Латвіі, вы працавалі ў Латвіі не менш за тры апошнія месяцы перад запытам паўторнага ВНЖ, у гэты перыяд плацілі адпрыбытковы падатак і працягваеце працаваць.

На гэтым тыдні, з 19 верасня, грамадзянам Расеі з шэнгенскімі візамі забаранілі заязджаць на іх тэрыторыі Латвія, Літва, Польшча ды Эстонія. Услед за гэтым падобнае рашэнне могуць прыняць і ў дачыненні грамадзянаў Беларусі. Пра гэта расказала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце падчас наведання памежнага пераходу ў Лаворышкесе, паведамляе «Delfi».

Hавiны
У Літве абмяркоўваюць забарону на ўезд грамадзянаў Беларусі з шэнгенскімі візамі
2022.09.19 15:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў