Якія змены ў Канстытуцыю рыхтуе Лукашэнка, і навошта яму гэта


На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэферэндум аб змене Канстытуцыі адбудзецца, як і было абяцана. Канкрэтнай даты не прагучала, але раней ён сцвярджаў, што рэферэндум пройдзе не пазней за люты 2022 года. Belsat.eu распавядае, якія змены ў Асноўны закон краіны рыхтуе Лукашэнка і ў якіх пытаннях дагэтуль няма яснасці.

Гісторыя пытання

Ідэю чарговай змены Канстытуцыі (Асноўны закон краіны ўжо змянялі ў 1996 і 2004 гг.) Лукашэнка ўпершыню агучыў яшчэ пяць гадоў таму: у кастрычніку 2016-га ён заявіў, што «трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон». Праз паўтара года, у сакавіку 2018-га, ён заявіў: жыццё можа скласціся такім чынам, што трэба будзе хутка, цягам года, зрабіць новую Канстытуцыю. Аднак у красавіку 2018 года, на фоне перамогі рэвалюцыі ў Арменіі, Лукашэнка быў вымушаны ўзяць паўзу: ён патлумачыў, што цяпер няма патрэбы спяшацца з канстытуцыйнай рэформай, бо «будзе, як учора ў Арменіі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Але ад ідэі змяніць Канстытуцыю ён пры гэтым не адмовіўся:

  • у сакавіку 2019 года Лукашэнка заявіў, што даручыў суддзям Канстытуцыйнага суда распрацаваць праект новай Канстытуцыі, і яны неўзабаве «нешта прапануюць». Праўда, публічна КС ніякіх прапановаў так і не агучыў;
  • у красавіку 2020 года Лукашэнка паабяцаў прыняць новую Канстытуцыю цягам пяцігодкі;
  • у чэрвені 2020 года Лукашэнка заявіў, што яму ўжо накіроўвалі некалькі версіяў абноўленай Канстытуцыі, але тыя прапановы падаліся яму «недастаткова рашучымі».

Пасля выбараў 2020 года ідэя змены Канстытуцыі стала выкарыстоўвацца дзяржаўнай прапагандай як сведчанне таго, што Лукашэнка нібыта ідзе насустрач грамадству, гатовы весці дыялог і праводзіць рэформы. На пачатку верасня Лукашэнка нават заявіў, што пасля зменаў Канстытуцыі ён гатовы правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, а гэта было адным з патрабаванняў апазіцыі і пратэстоўцаў. Пра неабходнасць мадэрнізацыі палітычнай сістэмы Беларусі казалі і ў Крамлі. Паводле РБК, у верасні 2020 года ўлады Беларусі абяцалі Маскве і АБСЕ рэалізаваць канстытуцыйную рэформу да 2022 года, а потым адразу правесці прэзідэнцкія выбары.

Аднак пра датэрміновыя прэзідэнцкія выбары Лукашэнка больш не згадваў, а рэалізацыя канстытуцыйнай рэформы перасунулася на пазнейшы тэрмін. Гаворка ішла пра тое, што да канца 2021 года будзе толькі распрацаваны праект новай Канстытуцыі, а на рэферэндум абноўлены закон будзе вынесены на пачатку 2022 года.

Чаго хоча ад новай Канстытуцыі Лукашэнка

Лукашэнка вёў гаворку аб новай Канстытуцыі амаль пяць гадоў, але да лютага 2021-га ніякіх канкрэтных прапановаў ён публічна не агучваў. Раней гаворка ішла толькі пра агульныя кірункі зменаў: Лукашэнка казаў пра неабходнасць пераразмеркаваць частку прэзідэнцкіх паўнамоцтваў паміж парламентам і ўрадам. Аднак аб’ёмы гэтага пераразмеркавання і яго сэнс заставаліся незразумелыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Але падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе 11 лютага 2021 года Лукашэнка выразна акрэсліў галоўную ідэю зменаў у Канстытуцыю: ён прапанаваў надаць УНС канстытуцыйныя паўнамоцтвы, каб мець «падстрахоўку» на той выпадак, калі «да ўлады прыйдуць не тыя і ў іх будуць іншыя погляды».

«Мы запішам, што ні адзін валасок з вас, прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта, упасці не можа. Вось таму я прапанаваў Усебеларускі народны сход зрабіць канстытуцыйным органам, зрабіць яго з паўнамоцтвамі, што калі гэтая грамадская дамова, якую мы заключым, будзе парушаная, уся ўлада будзе ва Усенароднага сходу, у вас. Нават без мяне. І Усенародны сход будзе абірацца яшчэ больш адказна людзьмі, будзе мець паўнамоцтвы. Ён павінен быць стабілізатарам на пераходны перыяд».

Такім чынам, ідэя палягае ў тым, што новая Канстытуцыя мусіць гарантаваць манаполію на ўладу паплечнікам Лукашэнкі нават тады, калі ён сам кіраваць дзяржавай ужо не будзе. Калі на будучых выбарах перамогуць апаненты рэжыму, усю ўладу аўтаматычна атрымае УНС (або іншы аналагічны орган), сфармаваны выключна з прыхільнікаў дыктатара.

Пры гэтым істотна абмяжоўваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнка не хоча. У тым жа выступе ён падкрэсліў, што «нельга аслабляць кіраўніка дзяржавы», і Беларусь мусіць застацца прэзідэнцкай рэспублікай.

Аб’ектыў
Рэжымная Канстытуцыя. Галоўны дакумент краіны чакаюць змены
2021.07.17 00:07

Што падрыхтавала канстытуцыйная камісія

16 сакавіка 2021 года Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні канстытуцыйнай камісіі, якая будзе распрацоўваць праект новай Канстытуцыі. Узначаліў камісію старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, ягонымі намеснікамі сталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Агулам у камісію ўвайшлі 36 чалавек: гэта дэпутаты, дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў, прадстаўнікі падкантрольных уладам грамадскіх арганізацыяў (у тым ліку Юрый Васкрасенскі) і юрысты.

Першае паседжанне камісіі адбылося 31 сакавіка. У ліпені Лукашэнка атрымаў на рукі папярэдні праект новай Канстытуцыі, але раскрытыкаваў гэты дакумент. Пасля дапрацоўвання, 31 жніўня, праект зноў накіравалі Лукашэнку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Паводле Міклашэвіча, праект прадугледжвае змену 53 артыкулаў Канстытуцыі, увядзенне 14 новых артыкулаў і выключэнне двух. Цалкам гэты дакумент не публікаваўся, але некаторыя тэзісы ў публічнай прасторы агучваліся. Напрыклад, прапаноўваецца прыбраць з Канстытуцыі норму аб імкненні краіны да нейтралітэту, бо «нейтралітэту няма фактычна» – Беларусь уваходзіць у блок АДКБ. Таксама гаворка ішла пра наступныя ініцыятывы:

  • пашырыць правы грамадзянаў на зварот у Канстытуцыйны суд (цяпер ён апасродкаваны, праз іншыя дзяржорганы, а прапаноўваецца даць права звяртацца наўпрост);
  • увесці новы інстытут – упаўнаважанага ў правах чалавека;
  • павысіць узроставы цэнз і цэнз аселасці для абрання на пасаду прэзідэнта: прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы можна будзе толькі з 40 гадоў (цяпер – з 35) і каб папярэднія 20 гадоў (цяпер – 10) перад выбарамі чалавек жыў на тэрыторыі Беларусі;
  • павялічыць тэрмін паўнамоцтваў парламенту з 4 да 5 гадоў, пашырыць яго кантрольныя паўнамоцтвы і ўдзел у вырашэнні кадравых пытанняў (як менавіта пашырыць – незразумела);
  • замацаваць паўнамоцтвы ўраду ўносіць прапановы аб прызначэнні і адкліканні дыпламатаў, а таксама пазбавіць прэзідэнта права адмяняць акты ўраду;
  • пазбавіць прэзідэнта права на выданне дэкрэтаў, якія маюць статус закону;
  • замацаваць фінансава-эканамічную базу мясцовага самакіравання (як – незразумела);
  • увесці адзіны дзень галасавання на выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады.

Невядома, ці ўсе гэтыя прапановы ўвайшлі ў апошні варыянт праекту, перададзенага Лукашэнку, і тым больш няма гарантыяў, што некаторыя з іх не будуць адхіленыя. Аднак у любым выпадку не гэтыя пункты праекту вызначальныя. Галоўнае пытанне – гэта паўнамоцтвы прэзідэнта і статус УНС.

Пад прыкрыццём «дэмакратычных плюшак»

Сапраўды, скасаванне некаторых уладных функцыяў прэзідэнта (напрыклад, права выдання дэкрэтаў) можна лічыць прагрэсіўнай нормай у параўнанні з цяперашняй Канстытуцыяй, мяркуюць некаторыя эксперты. Аднак прынцыповага скарачэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы дакумент не прадугледжвае: прэзідэнцкая форма кіравання захаваецца.

У праекце Канстытуцыі таксама ёсць важны пункт, які Васкрасенскі назваў «дэмакратычнай плюшкай»: прапаноўваецца абмежаваць перабыванне на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі, 5 гадоў кожны. То бок фактычна вярнуць норму Канстытуцыі, якую Лукашэнка скасаваў у 2004-м.

Не ўдакладняецца пры гэтым, ці пацягне за сабою змена Канстытуцыі аўтаматычнае абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў: то бок ці значыць гэта, што шэсць папярэдніх Лукашэнкавых тэрмінаў улічваць не будуць, і ён зможа застацца на пасадзе яшчэ на два тэрміны, аж да 2035 года. Аднак наўрад ці Лукашэнка мае намер пазбавіць сябе такой магчымасці. Летась у Расеі аналагічны механізм абнулення выкарыстаў Уладзімір Пуцін. Ды і сам Лукашэнка мае ў гэтай справе пэўны досвед: пасля змены Канстытуцыі ў 1996 годзе ягоны прэзідэнцкі тэрмін, які пачаўся ў 1994-м, стаў адлічвацца наноў. У выніку першая кадэнцыя Лукашэнкі склала не 5, а 7 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Пры гэтым Усебеларускаму народнаму сходу прапаноўваецца надаць канстытуцыйны статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя Беларусі. Цалкам у адпаведнасці з тэзісамі Лукашэнкі, агучанымі ў лютым, УНС можа атрымаць надзвычайныя паўнамоцтвы: права развязваць пытанне пра легітымнасць праведзеных выбараў прэзідэнта, а таксама пра імпічмент прэзідэнту. Сам УНС хочуць абіраць раз на пяць гадоў, а пастаянна дзейнічаць будзе прэзідыум Усебеларускага народнага сходу.

«Рашэнні УНС абавязковыя для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і грамадзянамі», – адзначыў Міклашэвіч. Праўда, потым ён удакладніў, што наконт права УНС аб вызначэнні легітымнасці выбараў да адзінага меркавання чальцы камісіі ўсё ж не прыйшлі.

Такім чынам, пад прыкрыццём «дэмакратычных плюшак» Лукашэнка, хутчэй за ўсё, плануе не толькі пакінуць сабе права застацца на пасадзе прэзідэнта да 2035 года, але і стварыць орган з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, які мусіць захаваць ягоную палітычную спадчыну ў тым выпадку, калі сам ён не зможа кіраваць краінай, а на новых выбарах перамогуць «не тыя».

Што яшчэ будуць абмяркоўваць

Лукашэнка раней абяцаў, што рэферэндум аб новай Канстытуцыі адбудзецца ў лютым 2022 года.

«Наперадзе ў нас рэферэндум. Нам давядзецца праводзіць яго, пераконваць людзей, хоць напружвацца асабліва не будзем. Мы проста раскажам, якія змены нас чакаюць у сувязі са зменай Канстытуцыі, каб нас не папракнулі, што мы тут утрымліваем уладу пасінелымі рукамі, як я часта кажу, пад сябе робім Канстытуцыю. Ніхто пад сябе нічога рабіць не збіраецца. Як абяцалі, так і правядзём рэферэндум», – заявіў ён 20 верасня 2021 года.

Аднак перад тым, як абвесціць рэферэндум, трэба канчаткова зацвердзіць праект новай Канстытуцыі. Раней анансавалася, што цягам верасня мусіць адбыцца сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі канстытуцыйнай камісіі, на якой разгледзяць тры прынцыповыя пытанні: аб статусе УНС, аб смяротным пакаранні і механізме вылучэння кандыдатаў на парламенцкіх выбарах.

Апошняя праблема дэ-факта датычыць будучыні партыйнай сістэмы пры рэжыме Лукашэнкі. Паводле Міклашэвіча, застаецца адкрытым пытанне, ці пакідаць механізм вылучэння кандыдатаў ад працоўных калектываў або даць такое права толькі партыям і самім грамадзянам. Вылучэнне праз працоўныя калектывы – традыцыйны механізм балатавання кандыдатаў ад улады (фактычна толькі праўладныя кандыдаты яго і выкарыстоўваюць). Калі прыбраць гэтую норму, то аўтаматычна трэба будзе павялічваць ролю праўладных партыяў. Але сам Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся на гэты конт, адзначаючы, што ў беларусаў няма запыту на партыі, дый сапраўдных партыяў у краіне не існуе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД / Белсат

Пытанне аб смяротным пакаранні пакуль што не было выразна акрэсленае ў кантэксце канстытуцыйнай рэформы. Калі ў іншых пытаннях камісія выступала з адназначнымі прапановамі, то тут, паводле Міклашэвіча, існуюць тры варыянты: адмяніць смяротнае пакаранне, скараціць сферу яго выкарыстання (напрыклад, расстрэльваць за тэрарызм) або пакінуць як ёсць. Пры гэтым Лукашэнка заўсёды быў за смяротнае пакаранне, і цяжка ўявіць, чаму цяпер ён мог бы змяніць стаўленне да гэтай праблемы.

Але пытаннем № 1 застаецца статус УНС. Мяркуючы з выказванняў Лукашэнкі падчас «Вялікай размовы» 9 жніўня, ён яшчэ сам не вызначыўся, колькі паўнамоцтваў атрымае Усебеларускі народны сход. Ад ідэі надаць УНС права развязваць стратэгічныя пытанні ён не адмовіўся, але прызнаўся, што нядаўна пачаў пераасэнсоўваць для сябе гэтую праблему.

«Усё пытанне ў тым, якімі паўнамоцтвамі мы надзелім Усебеларускі народны сход. Вось тут я пакуль не ведаю. І ўпэўнены, што мы з вамі знойдзем, якія паўнамоцтвы туды перадаць… Каб, сышоўшы як першы прэзідэнт, гэтая дзяржава не павалілася», – падкрэсліў ён.

Імаверна, Лукашэнка ўжо даўно (як мінімум, з 2016 года, калі ўпершыню выказаўся наконт змены Канстытуцыі) пачаў задумвацца над тым, што будзе з ягонай сям’ёй, блізкім атачэннем і палітычнай спадчынай, калі ён сам ужо не зможа кіраваць дзяржавай. Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэтым палягаюць цяперашнія сумневы Лукашэнкі: УНС цікавіць яго выключна з гледзішча механізму, які гарантуе, што ягоны пераемнік бесперашкодна атрымае ўладу з ягоных рук. Аднак сыходзіць ён цяпер не збіраецца. А пакуль Лукашэнка захоўвае ўладу, ён не мае патрэбы ў надзвычайных паўнамоцтвах УНС і нават дапускае, што стварэнне такога органу пры пэўных акалічнасцях можа пераўтварыцца ў праблему. Не выпадкова 9 жніўня Лукашэнка заявіў, што нельга дапусціць двоеўладдзя, і што прэзідыум УНС не павінен вісець над прэзідэнтам і ўрадам. Ён таксама выказаў думку, што фармаваць УНС будзе Канстытуцыйны суд – відавочна, каб цалкам выключыць магчымасць уплыву на гэты орган з боку грамадства.

***

Паралельна з праектам уладаў ствараецца і Народная Канстытуцыя ад грамадскай Канстытуцыйнай камісіі. У тым варыянце Канстытуцыі, які прапаноўвае дэмакратычная супольнасць, асноўная ўлада належыць парламенту і ўраду, што мусіць выключыць пагрозу стварэння аўтарытарнага рэжыму.

Аб’ектыў
Народная Канстытуцыя грукаецца да афіцыйнай
2021.07.12 22:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў