Ці чакаць абвастрэння на беларускім кірунку ў Дзень Незалежнасці Украіны?


Ва Украіне лічаць, што да ўкраінскага Дня Незалежнасці, які святкуецца 24 жніўня, Расея прымяркуе новыя масіраваныя атакі, у тым ліку з беларускага кірунку. Некаторыя эксперты не выключаюць і наземных аперацыяў з тэрыторыі Беларусі. Belsat.eu разбіраўся, на чым грунтуюцца засцярогі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падрыхтоўка да Дня Незалежнасці Украіны ў Кіеве.
Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum

24 жніўня Украіна будзе святкаваць Дзень Незалежнасці. Украінскія ўлады мяркуюць, што Уладзімір Пуцін, які лічыць украінскую дзяржаўнасць гістарычнай памылкай, не можа праігнараваць такую важную і сімвалічную дату. Акрамя таго, 24 жніўня – гэта яшчэ і паўгода з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Не выключана, што Крэмль захоча ў гэты дзень адпомсціць за свае правалы ў Крыме і наогул няўдалае развіццё «спецаперацыі».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі лічыць, што на працягу тыдня з 22 да 25 жніўня Расея «можа пастарацца зрабіць нешта асабліва брыдкае, нешта асабліва жорсткае». Пра гэта кажуць і іншыя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў.

«Мы цудоўна ведаем, што расейскі лідар любіць сімвалізм, менавіта таму мы чакаем асаблівых «сюрпрызаў» для ўсіх жыхароў нашай дзяржавы», – заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Енін.

«Расея гэта архаічная дзяржава, і яна прывязвае свае дзеянні да пэўных датаў. Для іх гэта назойлівыя думкі. Яны ненавідзяць нас, таму яны 23–24-га паспрабуюць павялічыць колькасць абстрэлаў крылатымі ракетамі па шэрагу нашых гарадоў. Безумоўна, Кіеў будзе ў пераліку гэтых гарадоў», – адзначыў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк 21 жніўня падчас нацыянальнага тэлемарафону.

Падаляк заклікаў украінцаў не думаць, што ў бліжэйшыя дні адбудуцца «нейкія апакаліпсісы», аднак у выпадку абвяшчэння паветранай трывогі грамадзянам варта беражліва ставіцца да свайго жыцця і адразу ісці ў сховішча.

Раніцай у панядзелак стала вядома, што Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя забараніла праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Кіеве ў перыяд з 22 да 25 жніўня ў сувязі з высокай імавернасцю ракетных абстрэлаў. Акрамя таго, паводле інфармацыі выдання «Українська правда», працаўнікам установаў, размешчаных ва ўрадавым квартале Кіева, параілі з 22 да 26 жніўня працаваць з дому.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожжа, Украіна.  
Фота: Reuters / Forum

Масіраваныя абстрэлы ўрадавага кварталу ў Кіеве, да чаго апошнім часам усё актыўней заклікае расейская прапаганда (прапагандысты кажуць пра так званыя ўдары «па цэнтрах прыняцця рашэнняў»), – гэта толькі адзін з магчымых сцэнароў эскалацыі на Дзень Незалежнасці. Выказваюцца і іншыя варыянты. Напрыклад, што на акупаваных тэрыторыях Расея могуць арганізаваць масавае забойства ўкраінскіх палонных або распачаць судзілішча над імі.

Таксама эксперты не выключаюць, што Расея паспрабуе арганізаваць новае наземнае наступленне.

Канцэнтрацыя сілаў СПА – трывожны сігнал

Павелічэнне пагрозы эскалацыі на беларускім кірунку ва Украіне падкрэсліваюць асобна. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны 16 жніўня выказаў занепакоенасць размяшчэннем ракетных сістэмаў уздоўж дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі, у тым ліку на аэрадроме «Зябраўка».

Спікер камандавання Паветраных сілаў ЗСУ палкоўнік Юрый Ігнат заявіў, што праціўнік «нарошчвае свае сілы на беларускай тэрыторыі». «Таму трэба дакладна рыхтавацца. Хутка вялікае нацыянальнае свята – Дзень Незалежнасці. Праціўнік заўсёды выкарыстоўвае такія даты для «прывітанняў», – дадаў ён.

«Чакаецца, што 23–25 жніўня ў эскалацыі з боку РФ будзе ўдзельнічаць і Беларусь», – папярэдзіў экс-кіраўнік Службы вонкавай выведкі Украіны Мікалай Маламуж у калонцы на сайце выдання «Главред».

У Генштабе ЗСУ 20 жніўня заявілі, што на валынскім і палескім напрамках адзначаецца перамяшчэнне сродкаў супрацьпаветранай абароны Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі на тэрыторыю Беларусі. Украінскае камандаванне кажа пра пагрозу нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі.

Аб’ектыў
Генштаб ЗСУ: Расея сцягвае сродкі СПА ў Беларусь
2022.08.21 23:40

Раней да тых жа высноваў прыйшоў праект «Беларускі Гаюн», якія збірае звесткі аб расейскай вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Паводле звестак суполкі, на лётнішчы ў Зябраўцы сканцэнтравана 14 ЗРК С-400, каля 60 ракетаў да іх, а таксама іншая тэхніка.

«Аналіз абстаноўкі на аэрадроме даказвае, што верагоднасць ракетных абстрэлаў тэрыторыі Украіны не проста захоўваецца, а падобна, што расейцы рыхтуюцца да масіраванага ракетнага ўдару па Украіне ў бліжэйшыя тыдні», – адзначаў «Беларускі Гаюн» 15 жніўня.

Новы наступ з тэрыторыі Беларусі?

Але абстрэламі справа можа не абмежавацца. Дырэктар вайсковых праграмаў Украінскага цэнтру эканамічных і палітычных даследаванняў ім. А. Разумкова Мікалай Сунгуроўскі ў інтэрвʼю УНІАН адзначыў, што не выключае наземнага наступу з тэрыторыі Беларусі. На ягоную думку, перакідванне ў Беларусь расейскіх сілаў СПА – гэта прыкрыццё.

«Гэта спроба паказаць, што рыхтуюцца абстрэлы наземных цэляў. Насамрэч жа рыхтуецца буйная наступальная аперацыя, для якой неабходная ўзмоцненая супрацьпаветраная абарона. Тым больш, на фоне той інфармацыі, што Украіне перадаюцца авіяцыйныя сродкі. Узмацненне групоўкі ў Беларусі – адна з прыкметаў рыхтавання наступальнай аперацыі», – адзначае аналітык.

Сунгуроўскі лічыць, што асноўны напрамак магчымага наземнага ўдару з Беларусі – гэта Роўна і Жытомір, каб перарэзаць украінскія лагістычныя магістралі паставак заходняй дапамогі. Да таго ж наступ з Беларусі можа быць манеўрам для адцягнення ўвагі, а асноўны ўдар 24 жніўня будзе наносіцца на поўдні ці ўсходзе.

Разам з тым ён падкрэслівае, што наземны напад з беларускага кірунку не абавязкова адбудзецца. «Але маштабнае засяроджванне ракетных войскаў у Беларусі, сама меней, насцярожвае», – дадае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Reuters / Forum

Засцярогі наконт пагрозы наземнага наступлення на беларускім кірунку выказваюць і іншыя эксперты.

«Улічваючы ўсе звесткі аб перамяшчэнні і канцэнтрацыі ракет, існуе ненулявая верагоднасць таго, што пачнецца наступленне з боку Беларусі. Дзеля гэтага яны могуць узмацняць, у прыватнасці, СПА», – адзначыў вайсковы эксперт і галоўны рэдактар «Defense Express» Алег Каткоў у інтэрвю «24 каналу».

Разам з тым наземны наступ з тэрыторыі Беларусі 24 жніўня ўсё ж разглядаецца як найменш імаверны сцэнар. Украінскае камандаванне кажа толькі пра канцэнтрацыю сілаў супрацьпаветранай абароны і ракетаў у Беларусі. Але перакідвання расейскіх сухапутных падраздзяленняў у Беларусь (як гэта было перад уварваннем 24 лютага) ніхто пакуль не заўважыў. Прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі таксама няма. У Генштабе ЗСУ і Дзяржаўнай памежнай службе Украіны канстатуюць, што ў гэтым плане нейкіх істотных зменаў на беларускім кірунку не назіраецца.  

«Пакуль што мы не назіраем канцэнтрацыі войскаў, я маю на ўвазе сухапутных войскаў, войскаў уварвання з беларускага напрамку. А паколькі цяпер такой канцэнтрацыі няма, то тады пакуль няма сэнсу і казаць пра нейкія беспасярэднія пагрозы», – заявіў вайсковы аглядальнік Дзяніс Паповіч у эфіры нацыянальнага тэлемарафону.

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Расціслаў Смірноў 10 жніўня адзначаў, што цяпер імавернасць беларускага ўварвання «мінімальная». Дарадца кіраўніка МУС лічыць, што Беларусь не гатовая да таго, каб уступіць у вайну супраць Украіны. Пагроза з боку Беларусі, на думку Смірнова, цяпер звязаная ў першую чаргу з ракетнымі абстрэламі і магчымым папаўненнем расейскіх падраздзяленняў за кошт беларускіх «добраахвотнікаў».

Новых прыкметаў эскалацыі няма

Варта адзначыць, што павелічэнне расейскіх сілаў СПА ў Беларусі – адзіная прыкмета магчымай буйнамаштабнай эскалацыі на беларускім кірунку напярэдадні 24 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалаеўская вобласць, Украіна.
Фота: Alex Chan Tsz Yuk / Zuma Press / Forum

Апошні масіраваны ракетны абстрэл Украіны з тэрыторыі Беларусі адбыўся амаль месяц таму, 28 ліпеня – тады пад ударамі апынуліся Кіеўская і Чарнігаўская вобласць. Яшчэ адна атака з беларускага кірунку была зафіксаваная ўкраінскім бокам 16 жніўня: з паветранай прасторы Беларусі расейскія самалёты Су-34 нанеслі ракетны ўдар двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі X-59 па вайсковым аэрадроме ў Жытоміры (абышлося без чалавечых ахвяраў). Аднак гэтая атака мела ўсё ж кропкавы характар і па сваіх маштабах несупастаўляльная, напрыклад, з абстрэламі 25–26 чэрвеня.

Аналітыка
Новы віток эскалацыі. Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны
2022.06.27 20:03

Менавіта ў канцы чэрвеня – пачатку ліпеня назіраўся чарговы віток эскалацыі напружання паміж Беларуссю і Украінай. Узмацненне ракетных абстрэлаў тады суправаджалася рэзкай рыторыкай з боку афіцыйнага Менску. Лукашэнка заяўляў, што беларусам, можа, яшчэ давядзецца ваяваць за Заходнюю Украіну і пагражаў нанесці ўдар па Кіеве, калі ЗСУ раптам пяройдуць беларускую мяжу або будуць бамбіць Мазырскі НПЗ. Цяпер такіх правакацыйных заяваў Лукашэнка не рабіў.

Апошнім часам ён наогул рэдка звяртаецца да ўкраінскай тэмы, канцэнтруючы сваю ўвагу на «бітве за ўраджай».

«Вы не думайце, што я тут планую нейкі напад, вось Украіну будзем бамбаваць з тэрыторыі Беларусі і гэтак далей. Няма ў мяне ніякага жадання, каб вашыя і мае дзеці ваявалі. У імя чаго? Нам трэба ўціхамірыцца», – заявіў Лукашэнка 19 жніўня падчас паездкі ў Пружанскі раён.

Па сутнасці, гэта была адзіная публічная заява на тэму Украіны ў жніўні. Такое дыстанцыянаванне выразна кантрастуе з мэтанакіраваным раскручваннем мілітарысцкай істэрыі напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ў лютым, калі Лукашэнка абяцаў, што беларуская армія будзе дзейнічаць гэтаксама, як і расейская, а вайна ва Украіне працягнецца максімум 3–4 дні.

Анамальнай актывізацыі ў плане вайсковай падрыхтоўкі таксама не назіраецца. Нядаўна вайсковыя вучэнні беларускай арміі чарговы раз былі працягнутыя – як мінімум да 27 жніўня. Але ў гэтым няма нічога новага: няспынныя вучэнні і трэнаванні, з яўным акцэнтам на дзейнасці ў памежных з Украінай раёнах, у беларускім войску адбываюцца з канца красавіка.

Аналітыка
Што не так з заяваю Генштабу ЗСУ пра 13 000 беларускіх сілавікоў?
2022.08.12 20:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў