Новы віток эскалацыі. Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны


Апошнія дзесяць дзён адзначыліся рэзкім ростам напружання паміж Беларуссю і Украінай, што стала вынікам актывізацыі дзеянняў Расеі на беларускім напрамку. У Кіеве заяўляюць, што Крэмль пастанавіў уцягнуць Беларусь у вайну і рыхтуе правакацыі. Belsat.eu разбіраўся, што адбылося за апошні час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Рэжым Аляксандра Лукашэнка выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З першых гадзінаў поўнамаштабнага канфлікту з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў у бок Кіеву.

Цягам сакавіка Генштаб і Мінабароны Украіны неаднаразова заяўлялі, што беларуская армія можа быць уцягнутая ў вайну. Часам адпаведную пагрозу ацэньвалі як даволі высокую: украінскі бок сцвярджаў, што фіксуецца рыхтаванне да беларускага ўварвання. Але ўварвання тады не адбылося. Украіна ў сваю чаргу не стала наносіць удараў па расейскіх ваенных цэлях на тэрыторыі Беларусі, каб не даць Лукашэнку фармальнай нагоды для ўступлення ў вайну. Хаця ў Кіеве магчымасць такіх удараў дапускалі.

У канцы сакавіка расейскія войскі адступілі на чарнігаўскім і кіеўскім кірунках. Расея пачала перакідваць вайскоўцаў і тэхніку з тэрыторыі Беларусі на Данбас, дзе рыхтаваўся генеральны наступ. Беларускі напрамак перастаў быць прыярытэтным для Крамля, хаця цалкам расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі выведзеныя не былі.

Няспынныя вучэнні і «новы фронт»

У траўні напружанасць ізноў пачала расці. Мінабароны Беларусі абвясціла пачатак раптоўнай праверкі сілаў рэагавання. Праверка фактычна ператварылася ў няспынныя вучэнні і трэнаванні, з яўным акцэнтам на дзейнасці ў памежных з Украінай раёнах. Фармат гэтай вайсковай актыўнасці самы розны: трэнаванні на палігонах, практыкаванні на пераход водных межаў і дзеянні ў гарадскіх умовах, камандна-штабныя і нават мабілізацыйныя вучэнні (апошнія праходзяць цяпер на Гомельшчыне).

26 траўня Лукашэнка загадаў стварыць паўднёвае аператыўнае камандаванне, назваўшы ўкраінскі напрамак «новым фронтам». Ён таксама распавёў, што на мяжы з Украінай ідзе актыўная ратацыя беларускіх батальённа-тактычных групаў ва ўмовах ваеннага часу, «але пакуль без вайны». Міністр абароны Віктар Хрэнін наступным днём агучыў пастанову стварыць «народнае апалчэнне» ў якасці рэзерву тэрытарыяльнай абароны на выпадак вайны.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу адкрыцця «новага фронту» ў Беларусі
2022.05.27 18:22

Праз пэўны час Лукашэнка дапусціў, што беларусам, можа, яшчэ давядзецца ваяваць за Заходнюю Украіну, каб яе «не адцяпалі» палякі. Заявы пра міфічную польскую пагрозу добра ўбудоўваюцца ў агульны ваенна-палітычны кантэкст: эксперты ўжо некалькі месяцаў кажуць, што найбольш верагодны напрамак патэнцыйнага ўдару беларускага войска – гэта акурат Заходняя Украіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: David Rose / Panos Pictures / Forum

Паводле звестак украінскага Генштабу, у пачатку чэрвеня беларуская армія пачала мініраваць дарогі і масты на прымежных тэрыторыях, а таксама актыўна займацца інжынерным абсталяваннем сваіх пазіцыяў.

15 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сабраў нараду, дзе абмяркоўвалася магчымае ўварванне з тэрыторыі Беларусі. У выніку пастанавілі праверыць гатовасць да такіх выклікаў чатырох украінскіх вобласцяў.

Пры гэтым у публічных заявах прадстаўнікі ўкраінскага кіраўніцтва захоўвалі заспакойлівы тон. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч 20 чэрвеня заявіў, што «ніякага нападзення з боку Беларусі найбліжэйшым часам не будзе».

Hавiны
Украінскі генерал назваў умову, пры якой Лукашэнка можа напасці на Украіну
2022.06.19 11:03

Заявы пра мазырскі casus belli

Новы віток абвастрэння пачаўся ў другой палове чэрвеня.

17 чэрвеня Лукашэнка падчас наведвання заводу «Белшына» прысвяціў вялізную частку сваёй прамовы пагрозе вайны з Украінай. Ён запэўніў, што беларуская армія не будзе ўрывацца ва Украіну пры ўмове, што сама Украіна не пяройдзе «чырвонай лініі». У якасці прыкладу «чырвонай лініі» ён назваў некалькі магчымых варыянты: у прыватнасці, пераход мяжы ўкраінскім войскам і ўдар па Мазырскім НПЗ. На Мазыры Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт, ён падкрэсліў, што ўкраінцы нібыта ўжо мелі такую «шалёную думку».

«Калі яны ўдараць па Мазыры, то мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Украіну. Яны гэта мусяць разумець», – падкрэсліў ён.

Словы пра ўдар па Мазыры выглядалі абсалютна неабгрунтаванымі. У Кіеве ў пачатку сакавіка сапраўды заяўлялі, што дапускаюць нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі (праўда, без згадвання канкрэтных аб’ектаў) «у выпадку канчатковага пераходу гэтай краіны супраць Украіны». Але пасля вываду асноўнай часткі расейскай групоўкі з Беларусі і прыпынення ракетных удараў да гэтай тэмы ўкраінскае кіраўніцтва не вярталася.

Hавiны
Мінныя палі і двухкіламетровая спецзона – Вярхоўная Рада Украіны прапаноўвае ўзмацніць мяжу з Беларуссю і РФ
2022.06.25 21:55

Цягам тыдня пасля заявы Лукашэнкі чуткі пра мазырскую пагрозу пачалі раскручваць украінскія спецслужбы. 23 чэрвеня ўкраінскія медыі са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах паведамілі пра незвычайную актыўнасць у Мазыры. Нібыта з НПЗ пачалі актыўна вывозіць паліва, а вайскоўцы і чыноўнікі распачалі эвакуацыю сваіх сем’яў з гораду.

Яшчэ праз дзень Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны выступіла ўжо з афіцыйнай заявай наконт сітуацыі ў Мазыры. Паводле выведнікаў, у горад нібыта прыбылі расейскія дыверсійныя групы, што маюць загад учыніць серыю тэрактаў – падарваць жылыя дамы, лякарні і школы ў Мазыры. Таксама расейцы быццам бы плануюць правесці серыю артылерыйскіх і ракетных удараў па Мазырскім НПЗ, аб’ектах цывільнай інфраструктуры і жылых масівах. Усё гэта, як сцвярджалі ў Галоўным упраўленні выведкі, будзе зроблена, каб стварыць для Лукашэнкі так званы casus belli – то бок фармальную нагоду для вядзення вайны. Аднак ніякіх доказаў выведнікі не далі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Гэтая дадзеныя ўкраінскай выведкі выглядаюць даволі сумнеўна. Прынамсі звесткі пра эвакуацыю з Мазыра сем’яў вайскоўцаў белсатаўскія крыніцы не пацвярджаюць. Іншыя беларускія незалежныя медыі і маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» звестак пра эвакуацыю таксама не маюць. Хаця такая незвычайная сітуацыя наўрад ці магла застацца без слядоў у інфармацыйнай прасторы.

Аднаўленне ракетных удараў

Найбольш трывожным сведчаннем эскалацыі стала аднаўленне расейскіх ракетных удараў з беларускага напрамку пасля працяглага зацішша.

Раніцай 25 чэрвеня па тэрыторыі Украіны быў нанесены масіраваны ракетна-бомбавы ўдар. Аператыўнае камандаванне «Поўнач» паведаміла, што з боку Беларусі з самалётаў і з зямлі было выпушчана 20 ракетаў па Чарнігаўшчыне. Таксама быў нанесены ўдар па Жытомірскай вобласці.

Паводле ўкраінскага боку, 6 самалётаў Ту-22М3 вылецелі з аэрадрому ў Калужскай вобласці, зайшлі ў паветраную прастору Беларусі і каля гораду Петрыкаў (Гомельшчына) запусцілі ў бок Украіны 12 крылатых ракетаў Х-22. Галоўнае ўпраўленне выведкі адзначыла, што гэта першы выпадак нанясення авіяцыйных удараў па Украіне непасрэдна з паветранай прасторы Беларусі. Там падкрэслілі, што такім чынам Крэмль намагаецца ўцягнуць Беларусь у вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

Інфармацыю пра ракетны ўдар з тэрыторыі Беларусі пазней пацвердзіла група «Беларускі Гаюн» і аўтарытэтнае амерыканскае выданне «New York Times».

Днём 26 чэрвеня «Беларускі Гаюн» паведаміў пра новыя запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі – з Мазырскага і Салігорскага раёнаў. Назіральнікі фіксавалі падвышаную актыўнасць расейскай авіяцыі над тэрыторыяй Беларусі. З’яўленне гэтай інфармацыі супала ў часе з інфармацыяй пра выбухі ў ваколіцах Чаркасаў і на Кіеўшчыне. Хаця афіцыйна ўкраінскае кіраўніцтва пра ўдары з беларускай тэрыторыі 26 чэрвеня не заяўляла.

Увечары 26 чэрвеня Уладзімір Зяленскі звярнуўся да грамадзянаў Беларусі.

«Вас уцягваюць у вайну, – заявіў ён, – І нават больш актыўна, чымся гэта было ў лютым і ўвесну. У Крамлі за вас ужо ўсё пастанавілі: вашыя жыцці для іх нічога не вартыя. Але вы не рабы і не гарматнае мяса. Вы не мусіце паміраць. І вы можаце не даць нікому вызначаць за вас, што вас чакае далей».

Наступальнай групоўкі пакуль няма

21 чэрвеня спікер Мінабароны Украіны Аляксандр Матузянік заявіў, што для таго, каб з тэрыторыі Беларусі пачаўся наступ, трэба стварыць там магутную наступальную групоўку – як гэта было ў першыя тыдні расейскага ўварвання. Цяпер прыкметаў фармавання такой групоўкі ўкраінскі бок не назірае, канстатаваў ён.

Колькасць беларускіх сілаў на Берасцейшчыне і Гомельшчыне, паводле ацэнак Матузяніка, на той момант была ўсяго 3-4 тыс. асобаў – гэтага відавочна недастаткова для ўварвання ва Украіну. Але ён таксама падкрэсліў: ёсць пагроза, што Расея імкліва перакіне ў Беларусь свае войскі для новага наступлення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Прыкметы таго, што Расея можа нарасціць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, неўзабаве з’явіліся. Праз два дні, 23 чэрвеня, у Маскве адбылася сустрэча міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна і міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Падчас перамоваў Шайгу заявіў, што «абставіны дыктуюць неабходнасць прыняцця тэрміновых супольных захадаў дзеля ўмацавання абароназдольнасці Саюзнай дзяржавы, павышэння боегатовасці рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) і адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА».

25 чэрвеня ў выніку перамоваў у Санкт-Пецярбурзе Уладзімір Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», здольныя несці ядравыя боегалоўкі. Таксама ён прапанаваў правесці ў Расеі пераабсталяванне самалётаў Су-25, што стаяць на ўзбраенні ў Беларусі. Праўда, усе гэтыя заявы ў Санкт-Пецярбурзе рабіліся не ў кантэксце вайны з Украінай, а ў сувязі з сітуацыяй у Калінінградзе і абвастрэннем стасункаў з NATO.

«Я не хаваю, я стаўлю пытанне аб тым, каб мы маглі быць гатовыя да ўсяго, нават да выкарыстання самай сурʼёзнай зброі для таго, каб абараніць нашую Айчыну ад Берасця да Уладзівастоку», – заявіў Лукашэнка.

Наступным днём, 26 чэрвеня, Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны заявіла, што Расея плануе павялічыць колькасць сваёй авіяцыі на тэрыторыі Беларусі і вярнуць на Гомельшчыну падраздзяленні сухапутных войскаў, пра што ўжо нібыта папярэджаныя мясцовыя ўлады. Колькі наземных сілаў можа прыбыць у Беларусь, украінская выведка не ўдакладніла.

Але пакуль сітуацыя ў гэтым плане ніяк не змянілася. Станам на раніцу 27 чэрвеня Генштаб ЗСУ канстатаваў, што на валынскім і палескім кірунках (гэта значыць, з боку Беларусі) па-ранейшаму няма прыкметаў фармавання наступальных груповак.

Адначасова ўкраінскі бок заявіў, што Беларусь працягвае дапамагаць Расеі – з Беларусі ў Белгародскую вобласць былі накіраваныя 20 вагонаў боепрыпасаў. Неафіцыйны тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў @belzhd_live паведамляе, што ўсяго для перавозкі боепрыпасаў у Расею зарэзерваваныя 100 вагонаў. Аднак гэтыя звесткі якраз сведчаць не на карысць версіі наконт рыхтавання ўдару з боку Беларусі. Калі Лукашэнка і Пуцін сапраўды рыхтуюцца неўзабаве адкрыць другі фронт, то вываз боепрыпасаў выглядае не вельмі лагічна – яны ж могуць спатрэбіцца акурат у Беларусі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў