Генштаб ЗСУ: Расея сцягвае сродкі СПА ў Беларусь


Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк паведаміў: «Вораг будзе біць ракетамі па нашых гарадах у Дзень Незалежнасці». З-за магчымых абстрэлаў Украіны расейскімі вайскоўцамі з 22 да 26 жніўня ўвесь апарат Нацбанку Украіны, парламенту, а таксама Офісу прэзідэнта будзе працаваць дыстанцыйна. Ракетныя ўдары чакаюцца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі – акурат туды ў апошнія дні сцягваецца расейская вайсковая тэхніка.

Пакуль Лукашэнка ў чарговы раз клянецца, што не дапусціць удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, тэрыторыя краіны паступова ператвараецца ў расейскі вайсковы палігон. З апошняга – Генштаб ЗСУ пацвердзіў папярэдняе паведамленне «Беларускага Гаюна» пра перакідванне сродкаў супрацьпаветранай абароны з Расеі ў Беларусь.

«Гэта можа сведчыць пра дзве рэчы: альбо рыхтуецца масіраваная правакацыя на Дзень Незалежнасці ці на Дзень сцяга, які 23-га чысла. Альбо расейцы асцерагаюцца зваротных удараў, хаця авіяцыя ў Украіне для лакальных мэтаў ёсць, а для масіраваных, на жаль, няма», – мяркуе вайсковы аглядальнік Міхаіл Жырахаў.

Так, пра магчымую атаку Украіны з тэрыторыі Беларусі сведчаць і паведамленне «Беларускага Гаюна» аб сцягванні на аэрадром у Зябраўцы зенітна-ракетных комплексаў С-400 і іншай ваеннай тэхнікі.

«Калі палічыць, па Украіне адначасова можа быць нанесена больш за 100 ракетных пускаў. Па іншых адзнаках, гэтая лічба можа даходзіць да 300. Розныя спецыялісты называюць розныя лічбы» – дзеліцца сваім меркаваннем падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікалай Саламаха.

Пры гэтым, эксперт лічыць, што ў выніку масіраванай атакі расейцаў, у першую чаргу будзе пакутаваць мірнае насельніцтва.

«Войскі ад такіх рэчаў абароненыя нашмат больш, чым мірнае насельніцтва. Нельга перанесці школу, дзіцячы сад у іншае месца, а вось вайсковую частку можна перадыслацыраваць», – мяркуе Саламаха.

Украінскія ўлады загадзя папярэджваюць сваіх грамадзян аб магчымай ракетнай атацы ў дзень Незалежнасці і заклікаюць быць асцярожнымі. Вось пра гэта сказаў у эфіры тэлемарафону дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк:

«Расея… прывязвае свае дзеянні да пэўных датаў, каб людзям было дрэнна. Яны ненавідзяць нас, таму паспрабуюць 23 і 24 жніўня павялічыць колькасць абстрэлаў крылатымі ракетамі шэрагу нашых гарадоў. Несумненна, Кіеў будзе ў спісе гэтых гарадоў. Паўгода вайны прайшло, а «русский мир» прайграе. Таму захочуць атрымаць пэўную кампенсацыю за гэтыя паўгода».

Між тым, у Беларусі актыўна пашыраюць і мадэрнізуюць ваенны аэрадром Лунінец у Берасцейскай вобласці. Расейцы пачалі разбудоўваць вайсковы аэрадром. Як бачна на спадарожнікавых здымках, там валяць лес, пракладваюць камунікацыі і ўзводзяць Будынкі. Акрамя таго, у мястэчку знаходзіцца расейскія блокпасты. А паводле звестак журналістаў радыё «Свабода», беларускія ўлады маюць намер пабудаваць у Лунінцы новае жыллё для расейскіх вайскоўцаў і іх сем’яў, якія будуць жыць там пастаянна.

«Мясцовыя жыхары праязджаюць і перыядычна пытаюцца гэтых расейцаў, што яны тут робяць, тут жа не Расея. На што, у прынцыпе няма агрэсіўнай рэакцыі. Адказваюць: паставілі – і стаім. Акрамя таго, нашы афіцэры адзначылі, што ў Лунінец прызначаная камендатура з 20-ці чалавек», – кажа заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

Прызначэнне камендатуры ў Лунінцы можа быць трывожным знакам, які сведчыць, што расейскія войскі плануюць застацца на тэрыторыі Беларусі надоўга. А гэта пагроза не толькі для суседняй Украіны.

Наста Печанькова, «Белсат»