Намеснік міністра хацеў сказаць, што з эканомікай усё не так кепска. Статыстыка кажа пра іншае


Чыноўнік прапанаваў глядзець на баланс вонкавага гандлю і на заробкі насельніцтва. Журналісты «Белсату» разабралі выказванні дзяржаўнага службоўца пры дапамозе статыстыкі.

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Ярашэвіч.
Фота: Міністэрства эканомікі

Паводле першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень – ліпень 2022 года ўпаў на 5,2 % у суадносных цэнах да студзеня – ліпеня мінулага года. Шэраг медыяў звярнуў увагу на выказванні намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Ярашэвіча ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1».

Ярашэвіч спрабаваў заспакоіць: глядзець трэба не толькі на паказнік ВУП, бо «гэта не зусім слушна».

«Гэта, вядома, важны паказнік, ён дэманструе нейкую актыўнасць, але трэба разумець, што гэта складовы паказнік, ён паказвае працу цалкам, – казаў Ярашэвіч. – Калі нейкія буйныя ўдзельнікі фармавання ВУП падтарможваюць – могуць пацягнуць лічбу ўніз, але ўсё роўна ВУП кожны год збіраецца, і калі мы губляем, то губляем у параўнанні з мінулым годам, але ўсё роўна эканоміка працуе».

Але не глядзець цяжка!

Вось якую карцінку паказвае «Белстат»:

Тэмпы росту ВУП Беларусі ў суадносных цэнах у адсотках да адпаведнага перыяду мінулага года. Выява: Белстат

З моманту ўварвання Расеі ва Украіну беларуская эканоміка пастаянна падае, аб’ёмы ВУП змяншаюцца з сакавіка. Гаворка тут не пра абсалютныя аб’ёмы ў рублях, а пра аб’ёмы з папраўкай на інфляцыю.

Што праўда, беларускай эканоміцы не звыкаць: у 2015 і 2016 гадах ВУП падаў у суадносных цэнах на 3,8 % і 2,5 %, але ў 2019 годзе аднавіўся да ўзроўню 2014-га, ды ў 2020-м зноў упаў на 0,7 %, а ў 2021-м зноў вырас… Але ў каго не бывае крызісаў?

Можна праверыць, як усё гэта выглядае на фоне суседзяў. Зручней за ўсё абапірацца на паказнік ВУП на душу насельніцтва (бо памеры насельніцтва ў краінаў розныя) паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (бо ў Беларусі і Літве можна вырабіць адзін і той жа хлеб адной і той жа харчовай вартасці, але ў Літве ён будзе даражэйшы, ды і заробкі ў літоўцаў вышэйшыя). Паглядзім на статыстыку Сусветнага банку:

Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ў Літве, Польшчы, Латвіі, Расеі, Беларусі і Украіне ў 1990–2021 гадах. Выява: worldbank.org

Беларуская эканоміка агулам пачувае сябе лепей за ўкраінскую і агулам расце, але адстае ад іншых суседзяў на 10–12 гадоў. І калі з Польшчай пачыналі прыблізна з аднаго ўзроўню эканомікі, дык за апошнія 30 гадоў польская эканоміка стала амаль удвая мацнейшай за беларускую. Пры гэтым тэзіс, што беларуская эканоміка «ўсё роўна працуе», слушны. Намеснік міністра толькі не кажа, на якім узроўні.

Хто падтарможвае?

Калі верыць Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту, то ў прамысловасці сітуацыя такая: агулам падзенне (студзень – ліпень 2022 года да студзеня – ліпеня 2021-га) на 6,2 %, у апрацоўчай прамысловасці – падзенне на 7,1 %, затое ў горназдабывальнай – рост на 2,2 %. Пры тым да апрацоўчай прамысловасці (якая моцна ўпала) адносіцца 89 % усёй прамысловай вытворчасці ў грашовым вымярэнні, а да горназдабывальнай (якая расце) – толькі 1,6 %.

Дэталяў таго, што як упала ў апрацоўчай вытворчасці (і ці вырасла хоць нешта), «Белстат» не публікуе. Але са звестак «Белстату» вынікае, што прамысловая вытворчасць падае з лютага нават з выключэннем сезонных і каляндарных фактараў, ужо адкацілася да аб’ёмаў канца 2017 года.

Аналітыка
Растуць і складскія запасы, і рэнтабельнасць. Што адбываецца на беларускіх заводах?
2022.08.22 08:30

У сельскай гаспадарцы падзенне склала аж 10,4 %. Грузазварот упаў на 23,9 %. Аптовы гандаль упаў на 15,7 %, рознічны – на ўсяго толькі 1,5 %. Жыллёвае будаўніцтва прасела на 5,8 %, калі лічыць па ўведзеных у эксплуатацыю квадратных метрах. І гэта толькі тое, што «Белстат» апублікаваў з пачатку жніўня – а не публікавалі, напрыклад, статыстыкі сферы паслугаў або прадпрымальніцтва.

На што раіць глядзець Ярашэвіч

Намеснік міністра эканомікі прапанаваў глядзець на сальда замежнагандлёвага балансу, якое «найлепшае ў гістарычным назіранні»: экспартавалі за паўгоддзе на 2,3 млрд долараў больш, чым імпартавалі. Паводле Ярашэвіча, «гэта кажа аб паспяховасці нашых прадаўцоў на вонкавых рынках».

Але ёсць нюансы. Па-першае, нашыя прадаўцы на вонкавых рынках экспартавалі за першае паўгоддзе 2022 года на 3,7 % менш, чым за першае паўгоддзе 2021-га. У грашовым вымярэнні – на 652 млн долараў менш. А станоўчае сальда замежнагандлёвага балансу павялічылася таму, што імпарт знізіўся яшчэ мацней – на 8,9 %. Па-другое, абваліўся гандаль з Еўразвязам, а вырасла доля Расеі, ад якой беларуская эканоміка і да таго была моцна залежнай.

Аналітыка
Экспарт не абваліўся. Беларусі ўдалося абысці санкцыі?
2022.08.19 14:51

«У прынцыпе, эканоміка ўстойлівая, нягледзячы на ўсе намаганні санкцыйныя, каб эканоміка стала няўстойлівай, пачала разбурацца. Яна гэтага не робіць, яна, наадварот, набірае сваю ўстойлівасць, – запэўнівае Ярашэвіч. – Другі важны паказнік – гэта даходы, ну, заробкі насельніцтва».

І ў гэтым паказніку таксама падзенне: за першае паўгоддзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў упалі на 2,7 % у параўнанні з тым, што было ў першым паўгоддзі 2021 года. І калі ў абсалютных лічбах заробкі могуць расці, дык не трэба забываць пра інфляцыю: паводле афіцыйных звестак, цэны выраслі на 11,7 % за студзень – ліпень, а рэальны заробак у чэрвені 2022-га быў меншым на 4,2 % за чэрвень-2021.

Аналітыка
Рэальныя даходы беларусаў упалі ўжо мацней, чым падчас крызісаў 2011 і 1999 гадоў. Што далей?
2022.08.17 19:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў