Фашызм, «руский мир» і «мазгі Пуціна». Што трэба ведаць пра забітую Дар’ю Дугіну і ейнага бацьку


Ідэолаг «руского мира» і «шэры кардынал» – ці проста маргінал, ідэі якога раптам сталі дзяржаўнай ідэалогіяй? Проста «дачка Дугіна» ці самастойная прапагандыстка?

Аляксандр і Дар’я Дугіны. Масква, Расея. 20 жніўня 2022 года.
Фота: Shot / Telegram

У Падмаскоўі познім вечарам 20 жніўня ўзарвалася машына Дар’і Дугінай – дачкі ідэолага «руского мира» Аляксандра Дугіна. Як сцвярджаецца, Дар’я загінула, а ейны бацька не пацярпеў – ехаў на іншай машыне. Адказнасць за смерць Дар’і Дугінай узяла на сябе расейская «Нацыянальная рэспубліканская армія», афіцыйная версія расейскіх уладаў – што за забойствам стаялі ўкраінскія спецслужбы. Але іншых версіяў безліч.

Расказваем, хто такі Дугін і кім была ягоная дачка.

Аналітыка
Украінскія дыверсанты, ФСБ або французскі філосаф? Хто стаіць за забойствам дачкі Дугіна
2022.08.22 16:53

Хацеў «чацвёртую палітычную тэорыю» – зрабіў абноўлены фашызм

Аляксандр Дугін нарадзіўся ў Маскве ў 1962 годзе. У Расеі яго называюць палітолагам, сацыёлагам і інтэлектуалам, мае званне прафесара. Напісаў доўгі шэраг кніг на тэму геапалітыкі і «еўразійства», чытаў лекцыі ў шэрагу расейскіх універсітэтаў, у тым ліку ў МГУ.

Аляксандр Дугін выступае на з’ездзе Нацыянал-бальшавісцкай партыі. 1990-я гады.
Фота: flb.ru

Разам з пісьменнікам Эдуардам Лімонавым у 1993 годзе заснаваў Нацыянал-бальшавісцкую партыю, у якой спалучаліся ўльтраправыя і ўльтралевыя ідэі (сімволіка партыі паўтарае сімволіку нацысцкай Нямеччыны, толькі замест свастыкі – савецкія серп і молат). Гэтая партыя ў Расеі была прызнаная экстрэмісцкай і забароненая. Выйшаў з партыі ў 1998 годзе, у 2003-м заснаваў уласны Міжнародны еўразійскі рух.

На думку Дугіна, ягоная «чацвёртая палітычная тэорыя» мае стаць наступным этапам пасля лібералізму, марксізму і фашызму, але даследчыкі, знаёмыя з ягонымі работамі, называюць ягоныя ідэі фашызмам або неафашызмам (сам ён гэта адмаўляе, у тым ліку называе нацыстамі ўкраінцаў). Але ў ягоных тэорыях намяшаныя яшчэ і бальшавізм, і акультызм з містыцызмам, і шмат іншага. Напрыклад, ён вітаў захоп украінскага вострава Змяінага, бо «там размяшчалася найдаўнейшае свяцілішча Апалона», і таму «хто кантралюе Змяіны, той кантралюе ход сусветнай гісторыі».

Дугін прапагандуе «шматпалярны свет», ператварэнне Расейскай Федэрацыі ў «еўразійскую звышдзяржаву» са зліццём духоўнай і свецкай уладаў, адраджэнне імперыі. Актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны, у 2015 годзе выдаў нават кнігу пад назвай «Украіна: мая вайна». Ва Украіне запомнілі ягонае выказванне аб тым, што ўкраінцаў трэба «забіваць, забіваць, забіваць», да якога ён дадаў: «Як прафесар я так лічу».

Ва Украіне часам згадваюць, што поплеч з Дугіным выступаў цяперашні дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч, але той змяніў свае погляды на Расею пасля 2008 года.

Таксама Дугін – прыхільнік уваходу Беларусі ў склад Расеі, які пры тым называў сябе «фанатам Лукашэнкі». У 1994 годзе ён разам з Лімонавым спрабаваў выступіць у Менску, але ягоны выступ сарвалі прыхільнікі Беларускага народнага фронту, а ў натоўпе хадзілі чуткі, што расейскія госці ўцякалі ў жаночых сукенках, каб не пазналі. З таго часу Дугін не ездзіў у Беларусь, але яго часам цытавалі і рэпосцілі беларускія дзяржаўныя прапагандысты.

Аляксандр Дугін пад санкцыямі Еўразвязу з 2014 года, пад санкцыямі ЗША і Канады – з 2015-га. Ягоная дачка Дар’я – пад санкцыямі ЗША і Вялікай Брытаніі з 2022-га. Канада таксама наклала санкцыі на ягонага сына Артура Дугіна, звязанага з Еўразійскім саюзам моладзі.

Дугін – «мазгі Пуціна»?

За мяжой Дугіна часам называюць «мазгамі Пуціна» і ягоным настаўнікам або нават «Распуціным Пуціна», ідэолагам «рашызму» . Мяркуючы па каментарах у калектыўным блогу «Reddit», на Захадзе вядомая ягоная кніга «Асновы геапалітыкі». Сцвярджаецца, што гэтая кніга выкарыстоўвалася ў якасці падручніка ў Акадэміі Генеральнага штабу расейскіх вайскоўцаў. Яго часам звязваюць аж нават з выхадам Вялікай Брытаніі з Еўразвязу і ўмяшаннем Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў Злучаных Штатах.

Аляксандр Дугін у Паўднёвай Асеціі, 2009 год.
Фота: Alexandr Dugin / Facebook

Але невядома, ці праўда ўплывае Дугін на Уладзіміра Пуціна і ягоную палітыку, ці проста так супала, што дугінскія ідэі сугучныя цяперашняму расейскаму курсу. Некаторыя сцвярджаюць, што ён страціў уплыў пасля звальнення з МГУ ў 2014 годзе, знік з афіцыйных медыяў, некаторыя – што мае ўскосны ўплыў праз людзей, якія вучыліся ягоным ідэям.

Амаль тры месяцы таму расейскі палітолаг Антон Шэхаўцоў расказваў: не Дугін уплываў на Пуціна, бо калі ад Дугіна «адкінуць эзатэрызм і акультызм», то гэта старыя ідэі халоднай вайны і настальгія маразматыкаў, але ў выкананні Дугіна гэтыя ідэі для Расеі «занадта экзатычныя», больш скіраваныя на еўрапейскіх ультраправых. Палітолаг мяркуе, што Дугін цяпер не мае ролі ідэолага, а хутчэй працуе пасярэднікам між расейскімі і замежнымі актарамі.

Палкоўнік украінскай контрвыведкі ў запасе Міхайла Прытула казаў у эфіры «Белсату», што Дугін быў ідэолагам вайны супраць Украіны, а эксперт варшаўскага Цэнтру дыялогу імя Мерашэўскага Бартломэй Гаяс (Bartłomiej Gajos) тлумачыў, што Дугін – піяршчык, але не ідэолаг палітыкі Пуціна. Гаяс таксама лічыць, што Дугін – не адзіны ідэолаг «руского мира», а кантактар з еўрапейскімі радыкаламі. Ён згадвае, як Пуцін яшчэ ў 1992 годзе называў распад Савецкага Саюзу «найвялікшай катастрофай», пасля якой мільёны расейцаў засталіся за мяжой – у гэткія настроі добра кладуцца ідэі Дугіна.

ВІДЭА
«Русский мир» – усё? Якая будучыня чакае галоўную ідэалогію сучаснай Расеі?
2022.04.22 11:00

Даследчыца Платона, якая пераняла і разносіла ідэі бацькі

Дар’і Дугінай было 29 гадоў. Яна была ўжо не проста «дачкой Дугіна», а паўнавартаснай прапагандысткай. Ды многія адзначаюць, што яна не была ў топе прапагандыстаў.

Дугіна скончыла філасофскі факультэт МГУ, стажыявалася ў Францыі – і, як пісаў «Bellingcat», была звязаная са спробай Расеі ўмяшацца ў французскія выбары. Таксама Дугіна працавала на расейскія дзяржаўныя медыі «Russia Today» і «Звезда», на ўльтраправы «Царьград» пад псеўданімам Дар’я Платонава. Псеўданім – адсылка да ейнай дысертацыі пра палітычную філасофію Платона. Акрамя таго, Дар’я Дугіна была прэс-сакратаркай свайго бацькі.

Дар’я Дугіна на заводзе «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. Чэрвень 2022 года.
Фота: PLATONOVA | Z / Telegram

Пад санкцыі яна трапіла ў сувязі з працай галоўнай рэдактаркай сайту «United World International» алігарха Яўгенія Прыгожына («кухара Пуціна» і меркаванага кіраўніка ПВК Вагнэра) і распаўсюдам дэзынфармацыі пра вайну ва Украіне (яна асабіста ездзіла ў занятыя расейцамі Данецк і Марыупаль, у тым ліку на завод «Азоўсталь»).

Расейскія медыі (як «Фонтанка» і «Медуза») пішуць, што Дар’я Дугіна пераняла ідэі бацькі, падтрымлівала расейскі напад на Украіну, была суаўтаркай «Книги Z» з аповедамі вайскоўцаў і жыхароў акупаваных тэрыторыяў пра вайну ва Украіне. Выказвалася яна і за аб’яднанне Беларусі і Расеі, за пошук ідэі, што зможа злучыць краіны.

Палітычны аналітык Сяргей Сумленны ў эфіры «Белсату» назваў Дугіну «вельмі актыўнай палітычнай дзяячкай», пастаянна прысутнай ва ўсіх ультраправых медыях Расеі. Сумленны згадвае: Дугіна ў тым ліку заклікала да генацыду ўкраінцаў і публічных забойстваў украінскіх палонных, называла ўкраінцаў «недачалавечай расай». А расейскі публіцыст Віктар Шэндэровіч настойвае: Дар’я Дугіна загінула ў выніку вайны, якую падтрымлівала, і «загінула не дачка Дугіна, а ідэолаг гэтай вайны, якая вітала гэтую вайну».

Знаёмыя з Дугінай распавядаюць, што яна ў маладосці не цікавілася ідэямі бацькі і не абмяркоўвала іх. Але пры тым яна прынамсі з 2013 года мела свой музычны праект «Dasein May Refuse», дзе грала на флейце – а ейны бацька вельмі любіць ужываць слова «Dasein» (у нямецкага філосафа Марціна Гайдэгера – «быццё тут і цяпер»). Беларускі журналіст Ян Рудзік расказваў у эфіры «Белсату», што быў знаёмы з Дугінай праз музычныя колы яшчэ да 2014 года. Ужо тады, кажа Рудзік, яна любіла свайго бацьку і «глядзела яму ў рот», «жыла ў свеце Дугіна», уяўляла сябе «руской дворянкой».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў