Беларус, якога двойчы судзілі за адзін здымак з «Народнай інаўгурацыі», просіць дапамогі


27 верасня 2020 года мянчук Уладзімір Фурман выйшаў на «Народную інаўгурацыю» Святланы Ціханоўскай у Менску, а праз пяць дзён быў затрыманы і асуджаны на 15 содняў. ГУБАЗіК вылічыў яго праз фота з маршу. Аж праз два гады людзі з аўтаматамі зноў уварваліся ў кватэру мужчыны праз той самы здымак…

Нядзельнае шэсце
«Народная інаўгурацыя» Ціханоўскай. 27 верасня 2020 года. Уладзімір Фурман – без маскі ў сіняй вопратцы. За гэты здымак мужчыну судзілі два разы.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«Уварваліся са сваймі шчытамі і аўтаматамі, паклалі мяне на падлогу каля лазенкі. Я ўвогуле не разумеў, што адбываецца. Тыцкаюць мне гэтую фотку. Я кажу ім, што адбыў ужо за яе пакаранне. А яны мне: адбыў за мітынг – цяпер пойдзеш у турму за перакрыццё дарогі паводле 342 артыкулу. ГУБАЗіК асабліва не цікавіла, што бяруць чалавека два разы за адное і тое ж. І павезлі мяне ў Следчы камітэт…» – расказвае Уладзімір Фурман.

Сядзеў з Мажэйкам і Тампалам

Уладзімір сцвярджае, што следчая, якая вяла ягоную справу, адмыслова «пераблытала» дату «ўчынення злачынства», каб усё выглядала больш-менш «законна». Бо сам Уладзімір ужо сядзеў у СІЗА № 1 на Валадарскага і закрываць справу было не ў правілах СК. Хоць адвакатка казала Уладзіміру, што следчая ведала пра «памылку».

На Валадарцы Уладзімір Фурман правёў да суда тры месяцы. Расказвае, што па дарозе ў суд перасякаўся і размаўляў з палітзняволеным журналістам Генадзем Мажэйкам, якому прысудзілі тры гады калоніі. Сядзеў з мастаком Генадзем Драздовым (асуджаны на тры гады калоніі), Канстанцінам Шышком ды іншымі палітычнымі вязнямі.

Некаторы час быў у камеры з грамадзянінам Польшчы Робэртам Тампалам, аб прысудзе якому стала вядома толькі нядаўна (тры гады калоніі за абразу Лукашэнкі).

Hавiны
Прысуд грамадзяніну Польшчы Робэрту Тампалу: 3 гады калоніі за «знявагу Лукашэнкі»
2023.07.14 18:33

«Ён добра размаўляе па-расейску. Расказваў мне, як яго затрымлівалі. Аказалася, Робэрта затрымалі на Камароўцы, калі ён купляў яйкі. Проста падышлі да яго і сказалі прайсці з імі. А калі пабачылі ягоны небеларускі пашпарт, разгубіліся і пачалі камусьці званіць. Але пагаварылі і павезлі яго да нас. Вось мы з ім у камеры некаторы час разам сядзелі», – адзначае Уладзімір.

У карцары – з Дзянісам Варозавым

Уладзімір Фурман згадвае, што людзей, якіх прывозілі з Акрэсціна на Валадарку, адразу кідалі ў карцар – па 10 чалавек (карцар разлічаны на аднаго вязня). Там сустрэў аднаго з маладзёнаў, якія вывесілі ў менскай Вяснянцы вялікі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны. Гэта быў палітычны вязень Дзяніс Варозаў, якога сілавікі жорстка збілі пры затрыманні. На той момант сляды пабояў на ягоным целе ўжо не былі відаць – толькі ад кайданкоў:

«Але людзі мне апавядалі, што, калі яго прывезлі, на ім не было жывога месца. Нават на Акрэсціна яго не хацелі браць – напалову мёртвага. Проста суцэльнае мяса. Білі, здзекаваліся з яго, пісталет да галавы прыстаўлялі. Таксама гаварылі, што да Дзяніса ў камеру сам міністр Іван Кубракоў прыходзіў на гутарку».

Дзянісу Варозаву прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Бо ўжо не ведаеш, чаго чакаць ад людзей рэжыму»

1 снежня 2022 года Уладзіміра Фурмана прызналі вінаватым паводле артыкулу 342 КК і засудзілі на тры гады «хіміі». Калі выйшаў на волю з Валадаркі, не стаў чакаць, пакуль прысуд набудзе моц, і пры падтрыманні «BYSOL» эвакуяваўся з Беларусі.

Кажа, трэці суд за адзін і той жа фотаздымак – гэта было б ужо занадта. Не адчуваў сябе ў бяспецы.

Апошнія некалькі гадоў да другога затрымання Уладзімір Фурман працаваў фрылансерам у сферы IT. У Польшчы працуе зваршчыкам. З заробленых грошай пакідае сабе толькі на неабходнае для жыцця – харчаванне і аплату жытла. Астатняе дасылае ў Беларусь самым блізкім, каб здолелі пагасіць крэдыты і выехаць у Польшчу (у тым ліку грошы са збору «BYSOL»). Праз доўг за крэдыты, які зʼявіўся падчас перабывання Уладзіміра ў СІЗА, сваякі пакуль невыязныя.

Уладзімір Фурман цяпер у бяспецы. Фота перадаў рэдакцыі герой матэрыялу

Кажа, грошы, якія былі ў ягоным электронным гаманцы, цяпер у ГУБАЗіКу.

Сямʼі, каб пагасіць крэдытныя запазычанасці, бракуе 1500 еўраў.

«І я цяпер тут думаю, што ўжо лічыцца кожны дзень. Вельмі хочацца, каб яны прыехалі як мага хутчэй і каб мы былі разам. Бо ўжо не ведаеш, чаго чакаць ад людзей рэжыму. У іхных галовах творыцца абсалютны шал. Няма ніякай логікі ўва ўсім, што яны чыняць.

Усё горш і горш. Усё страшней і страшней. Здаецца, усё ўпіраецца ў аднаго толькі чалавека», – дзеліцца эмоцыямі суразмоўца.

24 сакавіка 2023 года прозвішча Фурмана з’явілася ў пераліку грамадзянаў, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Уладзімір прызнаецца, што яму няёмка прасіць падтрымання ў іншых беларусаў, але будзе вельмі ўдзячны за кожную капейчыну дапамогі. Каб падтрымаць Уладзіміра Фурмана фінансава, звяжыцеся з нашым чат-ботам: маем кантакт.

Інтэрв’ю
«Турма для іх – ідэальнае месца». Былая палітзняволеная распавяла, як працуюць турэмныя дактары
2023.07.14 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў