Мастака Генадзя Драздова асудзілі на тры гады калоніі


Прысуд былому кіраўніку творчага аб’яднання «Пагоня» мастаку Генадзю Драздову быў вынесены яшчэ 4 траўня, паведамляе @pozirkonline.

Мастак Генадзь Драздоў.
Фота: Беларуская Рада культуры/Telegram

Разгляд справы супраць Драздова распачаўся 2 траўня. Дэталі судовага працэсу над мастаком невядомыя. Абвінавацілі яго паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і ч. 1 арт. 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Суддзя Яўген Пісарэвіч пакараў Генадзя Драздова трыма гадамі калоніі.

Пра затрыманне мастака ў сярэдзіне жніўня 2022 года паведаміла Беларуская рада культуры. Тады ж у адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явіўся відэазапіс з Драздовым і паведамленне, што затрыманая «творчая асоба, якая прыбыла з Украіны». Суд прызначыў яму 15 содняў арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Адразу паведамлялася, што супраць Генадзя распачалі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» у 2020 годзе (арт. 342 КК), аднак пазней стала вядома, што яго вінавацяць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Беларускія праваабаронцы прызналі Драздова палітзняволеным.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў