У Чэхіі беларуса асудзілі на 21 год турмы. Ён ваяваў на баку прарасейскіх баевікоў на Данбасе


Грамадзяніна Беларусі спачатку асудзілі на 4,5 года, але апеляцыйная інстанцыя перакваліфікавала справу на «Тэрарызм».

Вайна на Данбасе. Ілюстратыўнае фота. Valery Sharifulin/TASS

У верасні мінулага году грамадзяніна Беларусі Аляксея Фадзеева асудзілі ў Чэхіі на 4,5 года турмы за «ўдзел у злачыннай групоўцы» ў сувязі з тым, што ён ваяваў на баку прарасейскіх баевікоў на ўкраінскім Данбасе.

Амбасадар Украіны ў Чэхіі Яўген Перабійніс 22 ліпеня паведаміў, што апеляцыйная інстанцыя перакваліфікавала справу на «тэрарызм» і асудзіла Фадзеева на 21 год пазбаўлення волі.

«Працягваецца сістэматычны пераслед баевікоў з боку чэшскіх праваахоўных і судовых органаў, якія з ініцыятывы Расеі сталі на слізкі і злачынны шлях удзелу ў вайне супраць Украіны. Працяг будзе», – напісаў амбасадар.

Паводле звестак чэшскага выдання Novinky.cz, 42-гадовы Фадзееў працяглы час жыў у Празе, некалькі разоў ездзіў ваяваць на баку «ДНР» ў 2014–2016 гадах. Абарона беларуса настойвала, што ён ехаў «дапамагаць людзям бараніцца ад украінскіх фашыстаў», але ўдзельнічаў толькі ў дапаможных работах і не ваяваў на перадавой.

АА belsat.eu

Стужка навінаў