На шосты дзень да зняволеных журналістаў «Радыё Свабода» Груздзіловіча і Студзінскай пусцілі адвакатаў


Толькі на шосты дзень па затрыманні тром зняволеным «свабодаўцам» змаглі аддаць перадачы ў ізалятар на Акрэсціна.

Журналіст Алег Груздзіловіч.
Фота: Радыё Свабода — Беларусь / Telegram

«Радыё Свабода» паведаміла вечарам 22 ліпеня, што да зняволеных супрацоўнікаў выдання нарэшце змаглі трапіць да адвакаты: сёння – да Алега Груздзіловіча і Іны Студзінскай, днём раней – да Алеся Дашчынскага. Але адвакатаў не дапускаюць да справы. У чым вінавацяць журналістаў, невядома.

Таксама сваякі сёння ўпершыню змаглі аддаць перадачы – пяць дзён перадачы не бралі. Але вядома толькі, што перадачу атрымала Студзінская, а ці атрымалі Груздзіловіч і Дашчынскі, невядома.

Алесь Дашчынскі.
Фота: Радыё «Свабода»

Адвакатка Груздзіловіча расказала пра свайго кліента:

«Трымаецца ён годна. Спіць на ложку на голым дрэве без матрацаў і бялізны, а пад галаву кладзе бутэльку з вадой».

У тых жа ўмовах Дашчынскі.

Студзінская не абвяшчала галадоўку, але не можа есці турэмнае

Адвакат Студзінскай расказаў, што яна выглядае бадзёра і не губляе настрою. Перадае прывітанне калегам і сваякам, ведае пра падтрымку.

Іна Студзінская.
Фота: Радыё «Свабода»

Як і Дашчынскі, і Груздзіловіч, яна спіць на насціле з дрэва, матрацаў і бялізны не выдаюць. Але медычную дапамогу ёй аказваюць.

Высветлілася, што яна не абвяшчала галадоўку, а проста адмаўляецца ад турэмнай ежы, бо яна кепская.

Артыкулы
Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязнямі
2021.07.20 19:33

16 ліпеня пасля ператрусаў былі затрыманыя журналісты «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, Інэса Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў прапрацавалі ў гэтым СМІ, вядомыя па матэрыялах, што асвятляюць найважнейшыя грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, а таксама журналісты Ганна Галёта і Ігар Ільяш, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», шэраг рэгіянальных журналістаў і фрылансераў.

Да таго пад «зачыстку» сілавікоў трапілі шматлікія няўрадавыя арганізацыі і амаль усе праваабарончыя. Сярод іх – Беларуская асацыяцыя журналістаў, якую ўлады цяпер збіраюцца закрыць афіцыйна.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў