Лукашэнка назваў прадпрымальнікаў «каласальным афшорам» і даручыў з імі разабрацца


Нарада ў Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 22 ліпеня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 22 ліпеня звярнуў увагу на людзей, якія самастойна зарабляюць сабе на жыццё і не залежаць фінансава ад дзяржавы – на індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых.

Лукашэнка падкрэсліў, што трэба выпрацаваць дакладную сістэму, хто адносіцца да індывідуальных прадпрымальнікаў, чым яны будуць займацца, якія падаткі будуць плаціць.

«У нас хутка будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў! У нас народу столькі няма! Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі – ад журналістаў (прыкладаў мора) да чыноўнікаў», – заявіў Лукашэнка.

Таксама ён запатрабаваў разабрацца з выплатамі зарплаты ў канвертах.

«Ведаю, што ў гэтым плане ідзе актыўная праца, але я хачу, каб бізнесоўцы, прадпрымальнікі мяне пачулі, што мала потым не падасца і крыўдзіцца потым не трэба. Сыход ад падаткаў і ценевы абарот у сферы гандлю і паслуг недапушчальныя», – адзначыў Лукашэнка.

Ён даручыў ураду яшчэ раз усё ўзважыць, разам з парламентарыямі, профільнымі ведамствамі і мясцовымі органамі ўлады комплексна прапрацаваць усе аспекты, «прааналізаваць ўсе рызыкі – для занятасці, напаўняльнасці бюджэту і сітуацыі ў рэгіёнах».

Hавiны
Былы дарадца міністра: Сельская гаспадарка ў Беларусі – гэта галіна, у якой няма эканомікі
2021.07.22 07:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў