Звольніліся 33 суддзі, з іх 10 сышлі «па ўласным жаданні». Хто з іх выносіў палітычныя прысуды


Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня выдаў указ аб звальненні 33 суддзяў, з якіх 10 сышлі «па ўласным жаданні». Сярод апошніх – суддзя, якая асудзіла непаўналетняга з эпілепсіяй на 6 гадоў выхаваўчай калоніі за тое, што ён нібыта кінуў «кактэйль Молатава» ў сілавікоў, хоць ад гэтага ніхто не пацярпеў.

Фота 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова паказвае ягоны бацька Міхаіл Залатароў. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Белсат» паглядзеў, хто са звольненых суддзяў трапляў у навіны праз палітычныя прысуды.

Скончыўся «кантракт»

Так, сышла праз сканчэнне тэрміну паўнамоцтваў суддзя Фрунзенскага раёну Менску Ганна Буйноўская – яна, паводле базы праваабаронцаў «Вясны», выносіла прысуды ў палітычных працэсах прынамсі з 2013 года і да красавіка 2021-га. Толькі ў 2021 годзе яна наштрафавала людзей з палітычных прычынаў на 11 тысяч рублёў, пасадзіла 7 чалавек сумарна на 115 дзён. Суддзя Алеся Гузоўская, якая сышла з таго ж суду і з той жа прычыны, трапляла ў палітычныя навіны толькі аднойчы: у 2017 годзе асудзіла мужчыну на тры дні арышту за ўдзел у акцыі на Дзень Волі ў Менску. Суддзя Іна Сідарок, якая сышла праз сканчэнне паўнамоцтваў з суду Першамайскага раёну Менску, з 2016 года з палітычных прычынаў прысудзіла чатыры штрафы на 405 базавых велічыняў і адправіла трох чалавек сумарна на 24 дні арышту.

Пайшлі ў адстаўку

У адстаўку (прычыны ў такіх выпадках не ўдакладняюцца, але не выключана, што проста па ўзросце) пайшоў ваўкавыскі суддзя Леанард Дзіўнень, які ў 2017 годзе аштрафаваў мужчыну за Дзень Волі на 276 рублёў, але ў 2020-м толькі спыніў адну адміністрацыйную справу за «несанкцыянаваную акцыю», а больш палітычных выракаў не выносіў. Таксама ў адстаўку пайшоў суддзя з Кастрычніцкага раёну Горадні Генрых Казакевіч, які за мінулы год аштрафаваў мужчыну на 405 рублёў за «несанкцыянаваную акцыю» ў наступны дзень пасля выбараў. Суддзя Зоя Нікольская, якая пайшла ў адстаўку, у 2012 годзе адмовіла ў скарзе на нерэгістрацыю абласной арганізацыі партыі БНФ, а ў 2019-м – скаргу АГП на неўключэнне сябраў партыі ў выбарчую камісію. Суддзя з Дрыбіна Барыс Пігаль, які пайшоў у адстаўку, два гады таму пакараў мужчыну штрафам у 255 рублёў за «дызлайк» пад пастом з нацысцкім сцягам, але абласны суд адмяніў гэтае рашэнне.

У адстаўку пайшла і жлобінская суддзя Наталля Качалава, якая сёлета асудзіла мужчыну на 2,5 года «хіміі» за каментар у Telegram пра міліцыянта, аб якім пісалі, што той збіваў дзяўчыну, летась на той жа тэрмін – іншага мужчыну за знявагу ў чаце начальніка міліцыі. Яна ж летась асудзіла двух удзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак», на 2,5 і 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна летась штрафавала журналістку «Белсату» Алену Дубовік на 1450 рублёў за журналісцкую працу без акрэдытацыі. Яшчэ прынамсі трох чалавек яна ў мінулым жніўні аштрафавала на сумарна амаль паўтары тысячы рублёў за «несанкцыянаваную акцыю». У адстаўку пайшла і суддзя з Лунінецкага раёну Алена Сініцкая, якая ў 2019 годзе аштрафавала журналістаў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына на 765 рублёў кожнага за працу без акрэдытацыі.

Людміла Якаўлева, якая пайшла ў адстаўку са Смалявіцкага раённага суду, у 2020 годзе прысудзіла за акцыю пратэсту адзін штраф у 270 рублёў, але ў 2021-м за абразу міністра ўнутраных справаў у Telegram прысудзіла паўтара года «хатняй хіміі».

З Вярхоўнага суду пайшоў у адстаўку Сцяпан Турмовіч, які ў 2009 годзе не задаволіў скаргу царквы «Новае жыццё» і пакінуў ранейшае рашэнне аб высяленні царквы з пераабсталяванага кароўніка. З таго будынку царкву ўрэшце выселілі толькі ў 2021-м.

Hавiны
«Для нас таксама час зменаў наступіў, як і ў краіне». Сілавікі высяляюць царкву, якая асудзіла гвалт у Беларусі
2021.02.17 14:33

Па ўласным жаданні

10 суддзяў сышлі «па ўласным жаданні». Сярод такіх некаторыя не выносілі палітычныя прысуды. Але «па ўласным жаданні» сышоў сярод іншых і суддзя Аляксандр Кочык з Партызанскага раёну Менску, які выносіў палітычныя выракі прынамсі з 2007 года, наштрафаваў на не менш за 543 базавыя велічыні і асудзіў 27 чалавек на 364 дні арышту.

Суддзя Чыгуначнага раёну Гомля Дзмітрый Дзябой, які сышоў «па ўласным жаданні», сёлета асудзіў на 6 гадоў выхаваўчай калоніі непаўналетняга хворага на эпілепсію Мікіту Залатарова, а таксама на 7 і 8 гадоў калоніі строгага рэжыму – Леаніда Кавалёва і Дзмітрыя Карнеева, якія нібыта кінулі «кактэйлі Молатава» ў бок вайскоўцаў. Ніхто тады не пацярпеў, Кавалёў і Залатароў не прызналі сваёй віны, а Карнееў прызнаў часткова. Той жа суддзя ў 2018 годзе аштрафаваў журналіста Кастуся Жукоўскага на 245 рублёў за «Паклёп» на супрацоўніка ДАІ.

«Па ўласным жаданні» сышла і слуцкая суддзя Жанна Нарута, якая летась прысудзіла за «несанкцыянаваныя акцыі» два невялікія штрафы – 81 і 216 рублёў, але сёлета асудзіла мужчыну за бел-чырвона-белы сцяг у вакне на 15 дзён арышту.

Смаргонская суддзя Віта Страшкевіч, якая сышла «па ўласным жаданні», у 2020 годзе выпісала за акцыі пратэсту ўсяго тры маленькія штрафы: два па 54 рублі і адзін на 81 рубель.

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў