Расея і Кітай заступіліся за Менск на фоне заходніх санкцыяў


Кітайскія і расейскія дыпламаты 22 чэрвеня падтрымалі дзейныя ўлады Беларусі, супраць якіх напярэдадні ўвялі санкцыі заходнія краіны.

Спецыфіка сацыяльна-эканамічнага развіцця

Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Чжаў Лі Цзянь выступіў «рашуча супраць таго, каб у міжнародных адносінах выкарыстоўваліся пагрозы і аднабаковыя санкцыі, Кітай супраць умяшання вонкавых сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі».

Паводле яго, ЕЗ павінен праявіць павагу да суверэнітэту Беларусі і спецыфіцы яе сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«Да самых крытычных абставінаў»

У сваю чаргу амбасадар Расеі ў Беларусі Яўген Лук’янаў паведаміў, што Масква падтрымае Менск пасля таго, як Еўразвяз увёў супраць Беларусі новыя санкцыі, перадае РИА Новости.

Паводле яго, Масква будзе дапамагаць Менску «да самых крытычных абставінаў». Пры гэтым амбасадар заявіў, што «ёсць аптымістычны сцэнар і ёсць песімістычны сцэнар».

Hавiны
Міністры замежных справаў Еўразвязу далі «зялёнае святло» сектаральным санкцыям супраць уладаў Беларусі
2021.06.21 14:17

Нагадаем, што кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу 21 чэрвеня прынялі рашэнні аб пашырэнні чорнага спісу ў дачыненні фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі на 78 чалавек і 8 кампаніяў. Таксама яны далі згоду на сектаральныя санкцыі. Абмежаванні закрануць нафтавую і калійную прамысловасць, а таксама банкаўскі сектар. Санкцыі мусяць ухваліць 24–25 чэрвеня.

Апроч таго, у гэты дзень свой санкцыйны спіс пашырылі ЗША, уключыўшы ў яго 16 фізічных і 5 юрыдычных асобаў, у тым ліку КДБ, унутраныя войскі, УУС Берасцейскага аблвыканкаму, ЦІП на Акрэсціна і ГУБАЗіК. Да санкцыяў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія і Украіна.

А Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія падтрымалі авіяцыйныя санкцыі Еўразвязу супраць уладаў Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў