26 чалавек трапілі ў больніцы. Бешанковіцкія чыноўнікі атрымалі вымовы за здарэнне з вадою


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

За аварыю на водаправодзе, якая прывяла да захворвання гараджанаў, бешанковіцкія чыноўнікі былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, паведамляе «Зара».

Расследаванне надзвычайнага здарэння, праз якое ў красавіку 26 чалавек трапілі ў больніцы, паказала, што нагодаю аварыі стала памылка пры будаўніцтве водаправоду, якой своечасова не заўважылі.

У выніку расследавання надзвычайнага здарэння вымовы атрымалі першы намеснік старшыні райвыканкаму – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання С. Г. Акуневіч, намеснік старшыні райвыканкаму ў будаўніцтве В. Э. Грышан, начальнік цэху водаадвядзення філіялу «Лепельводаканал» УП «Віцебскаблводаканал» А. П. Філіповіч і начальнік Бешанковіцкага ўчастку філіялу А. Г. Дарожкін.

Жыхары Бешанковічаў 4 красавіка пачалі звяртацца ў больніцы праз аварыю на водаправодных сетках. За наступны тыдзень лячэнне ад норавірусу ў стацыянары прайшлі 26 чалавек – пяцёра дарослых і 21 дзіця.

На 5 красавіка ў стацыянары заставаліся 6 дзяцей, іхны стан здавальняючы. Агулам шпіталізавалі 26 чалавек (5 дарослых і 21 дзіця).

Пітную ваду жыхарам мікрараёнаў у Бешанковічах падвозілі «з улікам попыту на яе». Шмат хто апасаўся піць ваду з крану і самастойна ездзіў па чыстую да крыніцы.

3 красавіка камунальнікі пачалі прамыванне водаправодаў у дамах мікрараёну Маладзевы, у СШ № 1, дзіцячым садку № 6 і шматпавярховіках.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў