Украіна ўводзіць пошліну на беларускія аўтобусы, грузавікі і спецтэхніку


Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны ўводзіць спецыяльную пошліну на імпарт аўтобусаў, грузавых і спецаўтамабіляў з Беларусі, паведамляе ўкраінскае выданне «Урядовий кур’єр».

Памер стаўкі спецыяльнай пошліны ў дачыненні да імпарту ва Украіну складзе 35% ад мытнага кошту.

Пад пошліну патрапяць аўтобусы (транспартныя сродкі для перавозкі 10 чалавек і больш), грузавікі з дызельнымі рухавікамі і поўнай масай 5-20 тон і больш за 20 тон (выключэнне зроблена для аўтамабільных шасі). Акрамя таго, пошліна будзе дзейнічаць і на спецтэхніку.

Аўтобусы МАЗ у Кіеве.
Фота: traffic.od.ua

Як паведамляе выданне, прычынай сталіся «факты дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеянняў з боку Рэспублікі Беларусь адносна законных правоў і інтарэсаў суб’ектаў знешнеэканамічнай дзейнасці Украіны».

Міжведамаснай камісіяй было ўстаноўлена, што ўрадам Беларусі былі створаны штучныя бар’еры ў дачыненні да імпартуемых з Украіны колавых транспартных сродкаў у выглядзе ўтылізацыйнага збору і няроўных умоў удзелу ў дзяржаўных закупках. У выніку гэтага ўскладняецца доступ прадукцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў на беларускі рынак.

Такія дзеянні з боку Беларусі назвалі дыскрымінацыйнымі і недружалюбнымі ў разуменні палажэнняў закона і парадку: яны супярэчаць артыкулам 5 і 6 «Дамовы аб зоне свабоднага гандлю» і артыкулу 2 «Пагаднення паміж Урадам Украіны і Урадам Рэспублікі Беларусь аб свабодным гандлі».

Раней мэр Львова Андрэй Садовы заявіў, што ўлады гораду адмаўляюцца ад закупкі беларускіх аўтобусаў МАЗ, і папрасіў Еўрапейскі інвестыцыйны банк правесці паўторны тэндар на закупку аўтобусаў.

Hавiны
Улады Львова адмовіліся набываць беларускія аўтобусы МАЗ, бо не хочуць «фінансаваць рэжым»
2021.04.06 15:34

АД, belsat.eu

Стужка навінаў